Песні «з квадрата». Bigi прадставіў міні-альбом «Quadromania»

У сеціве даступны для праслухоўвання і спампоўвання дэбютны ЕР гомельскага артыста Bigi — «Quadromania». Складзены з трох трэкаў міньён прадстаўляе новы, невядомы дагэтуль, лірычны бок творчасці гамельчука.



Бігі. Фота: Аляксандра Мельнічак


 «Quadromania» — цалкам лагічная шыльда як для міні-альбома, напісанага на словы свайго суседа, Алеся Плоткі (aka Bajsan). Месца, з якога паходзяць хлопцы, мае ў народзе простую назву, — «квадрат»,  таму хлопцам не выпадала шукаць іншую назву, а трэба было проста зафіксаваць рэспект да роднай вуліцы Косарава. 

Bigi — псеўданім гомельскага музыкі, пад якім ён добра вядомы ў творчым асяродку горада над Сожам і па-за яго межамі. У розныя гады — гітарыст і кампазітар металічных гуртоў «Tarantul», «Samadhi Boom», «Copyright» і «Ivorygod». Працуе як ды-джэй, мае дзясяткі клубных выступаў, рэміксаў і альбом электроннай музыкі «A dozen steps to freedom».

Знаёмства двух творцаў адбылося ў 2005 годзе і было віртуальным да вяртання аднаго з іх з Амерыкі. У далейшым хлопцы «шлі клінам» у актуальных лакальных камандах «JazzLatex» i «Tarantul», захоўваючы сяброўскія стасункі найперш перад мераннем круцізной у гомельскай альтэрнатыўнай тусе. Жанчыны, ночы трэшу і філасофіі — за супрацай над лірычнымі творамі стаіць не проста імкненне запісаць пару песень, але братэрскае разуменне адзін аднаго і рэаліі навокал.

Бігі і Байсан. Фота: Уладзімір Іваноў

«Калі ўявіць сабе, што колішні праект «Samadhi Boom» мусіць мець працяг, то ён павінен быць менавіта такім — простым і шчырым. Не так істотна, што гэта — трайбал-трэш ці песня пад гітару, істотна — ці шчыры ты перад самім сабой», —  кажуць аўтары і, выпіўшы «Egermеistera», дадаюць: «У нас тут на раёне яшчэ Хмыр (дырэктар Gods Tower Віктар Лапіцкі) жыве, пра яго таксама песня будзе! Вітаем вас на квадраце!»

Слухаць Bigi  Quadromania

Bigi vkontakte, PromoDJ — http://promodj.com/bigi

Bajsan vkontakte

Каментаваць