Пленэр эксперыментальнага мастацкага тэкстылю

15 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрыўся I беларускі пленэр эксперыментальнага мастацкага тэкстылю (ЭМТ).

Аўтар ідэі трохдзённай творчай акцыі — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Яўген Шунейка, кіраўнік — вядучы айчынны мастак па тэкстылю, выкладчык Мінскай дзіцячай музычна-мастацкай школы №1 Людміла Пятруль, каардынатар — магістр мастацтвазнаўства, мастак Вераніка Юрэвіч-Малащук.



15 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрыўся I беларускі пленэр эксперыментальнага мастацкага тэкстылю (ЭМТ).

Аўтар ідэі трохдзённай творчай акцыі — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Яўген Шунейка, кіраўнік — вядучы айчынны мастак па тэкстылю, выкладчык Мінскай дзіцячай музычна-мастацкай школы №1 Людміла Пятруль, каардынатар — магістр мастацтвазнаўства, мастак Вераніка Юрэвіч-Малащук.

У каментары “НЧ Людміла Пятруль адзначыла, што пленэр мусіць прадставіць стан айчыннага мастацкага тэкстылю, прадэманстраваць разнастайнасць яго мастацкіх формаў, у тым ліку і авангардных. ЭМТ — цалкам сфарміраваны накірунак сучаснага мастацтва.

“На мяжы 1950 — 1960-х гадоў у краінах Заходняй Еўропы, ЗША і Японіі працэс актыўнай трансфармацыі мастацтва паўплываў на нараджэнне новых яго мадыфікацый. У большай ступені пераўтварэнні закранулі дэкаратыўныя віды творчасці, у тым ліку і мастацкі тэкстыль, дзе традыцыйны габелен стаў саступаць месца тэкстыльнаму дызайну. На першы план выйшлі пластычна-прасторавыя эксперыменты. У мастацтвазнаўстве гэтая з'ява атрымала назву “пластычны выбух 1960-х, паколькі адбыўся “выхад тэкстылю ў прастору: тэкстыльныя творы сталі ўспрымацца і па-за сцяной — з'явіліся новыя мастацкія формы, у тым ліку тэкстыльная пластыка, тэкстыльная інсталяцыя і тэкстыльны інвайранмент, калі чалавек становіцца арганічнай часткай мастацкай кампазіцыі. Менавіта ў гэты перыяд мастацтва тэкстылю атрымала новае жыццё, здабыла невычэрпныя магчымасці, бо з нараджэннем новых мадыфікацый сталі патэнцыйна магчымымі іншыя, — сказала Пятруль.



Нараджэнне ЭМТ у Беларусі прыпадае на 1980-я гады. “У нашай краіне тэкстыльнае мастацтва мае свае рэгіянальна-ментальныя асаблівасці, якія абапіраюцца на моцныя традыцыі класічнага шпалернага ткацтва. Магчыма менавіта таму беларускія мастакі імкнуцца ў сваёй творчасці да плоскасных тэкстыльных формаў, узбагачаючы вобразна-пластычную мову твораў рэльефна-фактурным эфектамі. Але існуюць і прыхільнікі прасторавых кампазіцый, — адзначыла Пятруль.



Пленэр — працяг канферэнцыі па здабытках і перспектывах беларускага габелену, якая ў сакавіку адбылася ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры. “Дзеля папулярызацыі і развіцця авангардных формаў мастацкага тэкстылю мы імкнемся аб’яднаць і падтрымаць маладых мастакоў, дэманстраваць іх творчасць. Справа ў тым, што мастацкім тэкстылем займаюцца адзінкі маладых творцаў, ў Беларускім саюзе мастакоў толькі 23 майстры па тэкстылю, іх працы зрэдку экспануюцца  на мастацкіх выставах, — сказала Пятруль.



Майстра не выключае правядзення гэтай творчай акцыі ў будучым годзе і магчымага пашырэння кола яе ўдзельнікаў за кошт запрашэння мастакоў па эксперыментальнаму тэкстылю з іншых рэгіёнаў краіны і замежных майстроў, у першую чаргу — з краін Балтыі, Польшчы, Расіі і Украіны.    

Пленэр можна наведаць з 11.00 да 19.00 гадзін штодзённа па 17 чэрвеня. Прагляд экспазіцыі і абмеркаванне вынікаў творчай акцыі адбудзецца 22 чэрвеня а 16.00. Да гэтай даты запланавана выдаць буклет пленэру.
 

Каментаваць