Подых «Навальніцы»

27–28 жніўня ў рамках другога міжнароднага фестывалю феерверкаў «Навальніца» ў спартыўным комплексе «Лагойск» пад Мінскам гледачоў чакае незабыўнае піратэхнічнае шоу ад найлепшых каманд Еўропы і маштабныя канцэрты, хэдлайнерамі якіх стануць рок-гурты «Бі–2» і «Акварыум».



27–28 жніўня ў рамках другога міжнароднага фестывалю феерверкаў «Навальніца» ў спартыўным комплексе «Лагойск» пад Мінскам гледачоў чакае незабыўнае піратэхнічнае шоу ад найлепшых каманд Еўропы і маштабныя канцэрты, хэдлайнерамі якіх стануць рок-гурты «Бі–2» і «Акварыум».

У першы дзень фэсту цвіком музычнай праграмы стане выступ гурта «Бі–2», які прадставіць свой новы альбом «Пра што кажуць мужчыны». У дыск, які выйшаў гэтай вясной, увайшло 10 зусім новых песень, запісаных для аднайменнага фільма і натхнёных ім. Таксама прагучаць кампазіцыі з альбома «Лунапарк» (2009) і ўсе галоўныя хіты гурта, у тым ліку «Палкоўніку ніхто не піша» і «Мой рок-н-ролл».

У другі дзень хэдлайнерамі вечару будуць Барыс Грэбеншчыкоў і гурт «Акварыум» з адмысловай акустычнай праграмай пры ўдзеле брытанскага музыкі Алока Верма. Барыс Барысавіч і яго калегі прывязуць з сабой агонь летняга сонца і выплюхнуць яго на аматараў феерверкаў.

Таксама наведнікаў чакаюць выступы беларускіх калектываў. 27 жніўня на фэставую сцэну выйдзе поп-гурт «Atlantica», а 28 жніўня гледачоў сустрэне гурт «Крамбамбуля», які прадставіць на фэсце хіты і новы максі-сінгл «Раз-два-тры — усе за стол!», а таксама малады гурт «Open Space».



Апроч музычнай праграмы гледачы ўбачаць выступы шасці піратэхнічных каманд (па тры ў кожны з дзён), якія збудуюць у небе «агністыя карціны» пад загадзя абраны акампанемент. У фэсце бяруць удзел лепшыя майстры піратэхнікі з Італіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы і Расіі. Завершыць мерапрыемства пазаконкурсны гала-феерверк ад беларускай каманды «Кальвін» — чэмпіёна Еўропы–2007.

Кошт квітка на кожны з фэставых дзён складае 80 тысяч рублёў. Дзеці да 12 гадоў у суправаджэнні бацькоў — бясплатна. Гледачы могуць прыехаць на фэст як на асабістым аўтатранспарце (да вашых паслуг бясплатная пашыраная паркоўка на 3 тысячы машынамесцаў) і на адмысловых аўтобусах (пры наяўнасці квітка на фэст праезд бясплатны).

Набыць квіткі можна ў касах Палаца Рэспублікі, кз «Мінск», у пераходзе на плошчы Я. Коласа, у электронных сістэмах Bilet.tut.by, TicketPro і на сайце www.soundline.by. Даведка і замова: (025) 952 45 55. Больш падрабязная інфармацыя пра фэст і яго праграму на сайце www.navalnica.by.

Каментаваць