«Подых струн»: з тэлеэкрана на канцэртную пляцоўку «Мюзік-хола»

Ужо некалькі гадоў на Беларускім тэлебачанні з ініцыятывы вядомага барда Анатоля Длускага выходзіць у эфір телеперадача «Подых струн», у якой Анатоль знаёміць гледачоў з творчасцю беларускіх выканаўцаў аўтарскай песні, у тым ліку і беларускамоўных. Сярод тых, хто быў у гасцях у вядучага былі і маладыя, пачынаючыя выканаўцы, і ўжо папулярныя ў асяродку знаўцоў айчыннай бардаўскай песні аўтары.



І вось логіка развіцця гэтага тэле-праекта прывяла яго ініцыятараў да думкі прадставіць герояў «Подыху струн» у «жывым» выкананні. Так нарадзілася ідэя канцэртнага пректа «Аффтар-Паці», пляцоўка для якога была выбрана зала рэстарана «Мюзік-хол» (былы клуб «Гудвін»). Тут яшчэ засталіся «гудвінаўскае» афармленне: надпісы ад Beatles да Nirvana, ад «Кино» да «Ленинграда»…Але з часам нават самыя заскарузлыя арыенціры змяняюцца, і ў гэты дзень на сцэне «Мюзік-хола» панавала беларуская мова і айчынныя выканаўцы: барды Раман Яраш і Андрэй Плесанаў.

Пакуль да выхаду на сцэну рыхтаваўся Раман і яго сябры з гуртоў «Князь Мышкін», «Сямашка і Кумапанія» (Лявон Нарушэвіч, Віктар Сямашка), я запытаўся старэйшага беларускага рок-барда і мастака Андрэя Плесанава пра тое, што сення мы пачуем пад час чарговага «жывога» канцэрта праекта «Аффтар-Паці»: «Мой выступ ў гэтым канцэрце звязаны з тым, што на БТ-3 выходзіць перадача Анатоля Длускага «Подых струн», у эфір якой ён запрасіў і мяне. У ёй мы вялі размову пра маю творчасць, пра лёс беларускай аўтарскай песні, я спяваў свае творы на працягу 45 хвілін. Гэты праект, на якім былі запрошаны шмат іншых беларускіх бардаў, працягваўся каля года і цяпер ён выйшаў на канцэрную пляцоўку «Мюзік-хола». Сёння я буду выконваць свае старыя песні, якія ўвайшлі ў мае сольныя альбомы (а іх ў мяне, нагадаю, шэсць!), а таксама прапаную слухачам новыя кампазіцыі, якія я не спяваў ніколі на канцэртах. Некаторыя з іх апублікаваныя на складанках, але на канцэртах я іх выконваю мала. Таму я лічу іх новымі».

Пакуль вялася размова, на сцэне з’явіўся Раман Яраш ў дзіўнай, як высветлілася потым — медыцынскай вопратцы: халаце і капелюшы. Раман патлумачыў, што сёння радасны дзень: у яго нарадзіўся сын! Гэтая навіна ўскалыхнула тых, хто ў гэты дзень прыйшоў у «Мюзік-хол», слухачы віталі Рамана, які для ўсіх іх узрушана выканаў вядомы гіт Барыса Грабеншчыкова (мелодыя італьянскага кампазітара і лютніста XIV ст. Франчэска Канова да Мілана) «Горад залаты» у беларускамоўным перакладзе…

Хачу адзначыць, што творчасць Рамана Яраша не абмяжоўваецца бардаўскімі песнямі. Раман не толькі музыкант, але яго на прафесійным узроўні цікаваць археалогія, этнаграфія, лінвістыка… Таму народныя спевы ў ягоным рэпертуары не рэдкасць, асабліва з Палесскага рэгіёну. Але выконваюцца яны ў блюзавай манеры і танальнасці. І гэта выканаўца тым, што блюз -- гэта музыка журбы, а на беларускім Палессі быў распаўсюджаны такі жанр, як «журботныя песні». Таму так незвычайна у выкананні Рамана Яраша прагучалі такія традыцыйныя спевы, як «На гары сухі дуб», «Добра таму» і іншыя мелодыі, якія Раман назваў «блюзам па-беларуску».

Новая старонка творчасці Р.Яраша — аўтарскія кампазіцыі, у якіх аддюстроўваецца музычныя эксперыменты Рамана. Да такіх хацеў бы аднесці сапраўдную сюіту для гітары, кларнета (В. Сямашка), вуснага гармоніка і голаса Imaginarium, кампазіцыю на верш Уладзіміра Караткевіча «Новая хваля». Завяшыўся сэт Р.Яраша лірычнай кампазіцыяй «Яшчэ не»…

Як сапраўдны прыхільнік філасофіі даўншыфтынга (якая прапаведуе адмову ад зямных дабротаў, меркантыльных памкненняў і самарэкламы), Раман Яраш ўвасабляў гэтую тэорыю на канцэрце: паводзіў сябе супер-сціпла, мала казаў пра свае песні, мала кантактаваў са сваімі слухачамі. І гэта адбілася на рэакцыі слухачоў, якія сустрэлі выканаўцу горача, а праводзілі музыканта сціпла і суха.

Затое, на гэтым эмацыянальным фоне добра выглядаў іншы ўдзельнік канцэрта праекта «Аффтар-Паці» — Андрэй Плесанаў, які вёў сапраўдны дыялог са слухачамі і ад песні да песні «завадзіў» публіку.

Як і абяцаў у сваім кароткім інтэрвію, Андрэй пачаў сваю праграму з кампазіцый, што былі выдадзены на дысках, гучалі на FM-радыё і тэлеэфіры: «Аковы кахання», «Люстэрка лёсу», «Шукальнікі сэнсу», «Твой шлях» на верш Роберта Бёрнса і шмат іншых, з якімі можна было пазнаёміцца пад час чарговага выпуску тэлеперадачы «Подых струн» з удзелам А.Плесанава.

Горача была сустрэтая слухачамі частка выступу А.Плесанава,  прысвечаная гумарыстычным кампазіцыям, пераствораным па-беларуску А.Плесанавым з дапамогай журналіста і паэта Вітаўта Мартыненкі паводле так званага «блатняка». Маю на ўвазе народныя «гіты» «Сёння Софачка спраўляе аманіны», «На базары Камароўскім», «12 сталовых нажэй», «Пра яўрэя» іншыя прыклады гарадзкога квазі-фальклору. Разам са смехам гэтыя песенькі выклікалі шчырыя апладысменты і непадробную ўвагу да творчасці Андрэя.

Ну а завяршыў свой выступ А.Плесанаў на высокай ноце — сваім сапраўдным эвергрынам «Добрай табе раніцы, мая Беларусь», песняй якая доўгі час была ў першых радках айчынных гіт-парадаў, а таксама гучала як застаўка да аднаймённай ранішняй тэлеперадачы на Беларускім тэлебачанні.

Напрыканцы гэтага рэпартажу хачу адзначыць, што бард Анатоль Длускі, прынцыпова рускамоўны беларус і выканаўца, робіць вельмі карысную справу для нацыянальнай культуры — у рамках тэлеперадачы «Подых струн» рэгулярна знаёміць слухачоў з новымі тэндэнцыямі ў айчынным бардаўскім руху, які даўно выбраў свой творчы шлях, адрозны ад традыцыйнага ўяўлення 60-гадоў. Было б вельмі карысна для стваральнікаў «Подыха струн» і слухачоў выдаць «Лепшае» з гэтага цыкла на дысках ці іншых, больш надзейных носьбітах, каб захаваць гэтыя гутаркі і творы для будучых слухачоў і даследчыкаў.

Каментаваць