"Погляд у будучыню": традыцыйная культура праз успрыманне сучасных падлеткаў

14 сакавіка ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці прайшло адкрыццё выставы навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага каледжа мастацтваў “Погляд у будучыню”.



На выставе — кераміка, вырабы з саломкі, дрэва, батык. Гэта вынік працы каледжа за 4 гады.

У шматлікіх працах прасочваюцца нацыянальныя матывы — этнаграфічныя, гістарычныя. Навучэнкі Віталія Бараноўская, Паліна Розынка і Ксенія Еляневіч выкарысталі матывы маляваных дываноў Алены Кіш. Дыяна Філіпчык выканала драўлянае пано “Вялікае Княства Літоўскае” з радаводам нашых князёў і гербам “Пагоня”. Калядныя матывы абралі для прац у розных тэхніках Ксенія Еляневіч, Анаставія Цвік і яшчэ некалькі навучэнцаў.

Вольга Сямашка, выкладчыца керамікі ў каледжы, распавяла, што першапачаткова студэнты не надта цікавіліся беларускай культурай. Але калі выкладчык апантаны гэтым, дык і дзеці “заражаюцца”. І атрымліваюцца вельмі цікавыя працы, калі праз свой сучасны погляд навучэнцы паказваюць з’явы традыцыйнай культуры ці гісторыі.

Выставу можна паглядзець да 30 сакавіка па адрасе вул. Гікалы, д. 4 (будынак Пушкінскай бібліятэкі, станцыя метро Я. Коласа).

Каментаваць