Польска-беларускія адносіны ў ХХ стагоддзі ад Расійскай імперыі да Еўрасаюза

“Польска-беларускія адносіны ў ХХ стагоддзі ад Расійскай імперыі да Еўрасаюза — манаграфія пад такой назвай выйшла ў выдавецтве Універсітэту ў Беластоку. Выданне было адзначанае на конкурсе навуковых выданняў, які праходзіў у Варшаве.

 



Пра спецыфіку беларуска-польскіх адносінаў, і месца ў ім беларускай меншасці ў Польшчы ды польскай у Беларусі карэспандэнт “Радыё Рацыя Зміцер Косцін гутарыць з аўтаркай, доктарам Ленай Глагоўскай.


— Як польска-беларускія адносіны змяняліся ў 20 стагоддзі?


— Яны змяняліся перадусім так, як змянялася геапалітыка ў гэтым рэгіёне. Каб зараз пісаць пра польска-беларускія адносіны, трэба ведаць, як яны фармаваліся з пачатку 20 стагоддзя, калі фактычна развіўся беларускі нацыянальны рух, калі быў даволі моцны польскі нацыянальны рух. Усё гэта адбывалася на тых самых землях паўначна-заходняга краю Расійскай імперыі, на беларускіх землях. І я вырашыла пашукаць крыніцы неразумення шмат чаго ў сённяшніх беларуска-польскіх адносін. Немагчыма гэтым займацца, не ведаючы спецыфікі адной і другой нацыі, і адной і другой дзяржавы, і гісторыі гэтых двух нацый. Іх стасункаў у сэнсе этнічным, нацыянальным, гістарычным, культурным. І гэтаму прысвяціла я сваю кнігу.


— Ці заўважным быў на пачатку фармавання гэтых адносін погляд з польскага боку на беларускі народ як на раўнапраўны з польскім?


— Так, шмат хто з палякаў так адносіўся да беларусаў. І пра тое я пішу вельмі шмат у сваёй кнізе. Але, на жаль, гэты погляд не перамог. Палітыкі думалі інакш. Яны думалі пра дзяржаўныя межы. Пра адраджэнне дзяржаўнасці, і тут проста ўжо нейкая нацыя была менш важнай. Больш важным быў погляд дзяржаўны. Калі возьмем пачатак 20-га стагоддзя, калі асновай стварэння дзяржавы стала нацыя, то вядома, што не магло быць раўнапраўнага месца ў Польскай дзяржаве для беларусаў, бо гэта не была б польская дзяржава, а польска-беларуская. Асабліва праз касцёл вялася вельмі актыўная палітыка, наконт польскай перавагі на беларускіх землях у Расійскай імперыі, каб даказаць, што гэтыя землі ў будучым павінны ўвайсці ў польскую дзяржаву.


Нават, калі часта сустракаецца, што польская сацыялістычная партыя і Пілсудскі былі вялікімі прыхільнікамі беларусаў і беларускай нацыі, і амаль што дзяржаўнасці, то гэта абсалютна памылковы погляд. Для мяне ёсць вельмі важным у польска-беларускіх адносінах, якое цягнецца праз усё 20-е стагоддзе і нават у пачатку 21-га, што ёсць зусім розныя узроўні думак: ці ўспрымаць беларусаў як апазіцыю, ці ўспрымаць іх як нацыю, якой належыць дзяржава. Бо калі ўспрымаць беларусаў як нацыю (што зараз цяжка адмовіць) і калі гаворыцца, што той нацыі належыць нейкая дзяржава, а значыць тэрыторыя ў нейкіх межах, то гэта пачынае быць вельмі супярэчным пытаннем у міжнародных адносінах. Бо значыць, дзе тая Беларусь павінна скончыцца? І прыклад польска-беларускіх адносін у 20-м стагоддзі гэта вельмі добра паказвае. Бо тая мяжа перасунулася вельмі далёка на Усход амаль пад Мінск пасля Рыжскага трактату. А пасля Другой сусветнай вайны – зноў перасунулася на захад. Таму можна сказаць, што гэта тэрыторыя была выкарыстана ў палітычных мэтах прыналежнасці да канкрэтнай дзяржавы. І тады “забывалася пра тое, што на гэтай тэрыторыі жыве такая паўнацэнная нацыя як беларусы.


Выданне “Польска-беларускія адносіны ў 20 стагоддзі ад Расійскай імперыі да Еўразвязу неўзабаве будзе даступным у кнігарнях Беластока.


racyja.eu


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць