Міхал Клеафас Агінскі крочыў праз эпохі і межы — даследаванне Рамуне Шмігельскітэ-Стукене

24 лютага ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя навуковага даследавання доктара гуманітарных навук, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене пра нашага слыннага суайчынніка Міхала Клеафаса Агінскага.



Вокладка выдання


Гэтае 192-старонкавае багата ілюстраванае выданне, што падрыхтавана ў мінскім выдавецтве “Навуковы свет”, з’яўляецца рускамоўным перакладам манаграфіі літоўскай даследчыцы, якая адлюстравала палітычную і дыпламатычную дзейнасць выбітнага дзеяча і сусветна вядомага кампазітара, 250-гадовы юбілей якога адзначаўся ў мінулым годзе з ініцыятывы ЮНЭСКА.

Аўтарка кнігі доктар Рамуне Шмігельскітэ-Стукене

Як адзначыў амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, папулярнае на радзіме даследаванне Рамуне Шмігельскітэ-Стукене ў перакладах на англійскую і рускую мовы крочыць праз межы Літвы, знаёміць новых чытачоў з эпохай і ўнікальнай постаццю Міхала Клеафаса Агінскага. У сваім жыцці ён таксама крочыў праз эпохі і межы, некалькі народаў лічаць яго сваім і ганарацца гэтым таленавітым чалавекам, сказаў дыпламат. Ён звярнуў увагу на тое, што аўтарка прадставіла Агінскага як вялікага дзяржаўніка свайго часу, як прызнанага еўрапейца, жыццё і дзейнасць якога і сёння пазітыўна ўплываюць на міжнародныя стасункі між людзьмі і народамі.

Эвалдас Ігнатавічус

Амбасадар выказаў падзяку аўтарцы, МІД Літвы, якое выступіла спонсарам рускамоўнага выдання, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да выхаду манаграфіі.    

Доктар гістарычных навук, загадчык аддзелу Інстытуту гісторыі НАН РБ Валянцін Голубеў назваў прэзентацыю “вельмі шчаслівым днём для беларускіх і літоўскіх гісторыкаў, бо адбываецца тое, пра што марылі, — мы пачынаем разам вывучаць нашае мінулае і  разам даводзіць да людзей гэтыя набытыя намі веды”. Навукоўца нагадаў, што напрыканцы мінула года ў Мінску ўпершыню адбылася вялікая міжнародная навуковая канферэнцыя па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, аснову якой склалі даследчыкі з Літвы і Беларусі. “Мы чакаем сваіх літоўскіх калег і на новай вялікай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і выхаду першай кнігі Францішка Скарыны”, — сказаў Валянцін Голубеў.

Валянцін Голубеў

 

Паводле ягоных словаў, аўтарка паказала найскладанейшую і трагічную постаць Агінскага патрыётам Літвы. Беларусі і Рэчы Паспалітай, які хістаўся паміж імператарамі Францыі і Расіі, які жыццё сваё прысвяціў не толькі сабе, але і сваёй радзіме.   

Вітас Руткоўскас 

Дырэктар Музею гісторыі і культуры імя князёў Агінскіх у Рэтавасе (Літва) Вітас Руткоўскас  падкрэсліў, што панарамнае асэнсаванне эпохі і постаці Агінскага, зробленае аўтаркай, дапамагае сёння кожнаму зразумець сваю адказнасць за лёс радзімы ў непрадказальным свеце XXI стагоддзя.

Да прэзентацыі кнігі супрацоўнікі аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа падрыхтавалі кніжную выставу “Міхал Клеафас Агінскі і яго эпоха”, у якой прадстаўлены арыгінальныя дакументы XIX стагоддзя, што адлюстроўваюць эпоху, а таксама даследаванні жыцця і творчасці юбіляра.

Рэпрадукцыя арыгіналу пашпарту, выдадзенага Міхалу Клеафасу Агінскаму прэзідэнтам Вільні Антоніем Тызенгаўзам 17 траўня 1794 года.

“Мемуары пра Польшчу і палякаў, пачынаючы з 1788 і па 1815 г.” Трохтомны польскамоўны пераклад 1870-1873 гадоў (Познань) з чатырохтомніка на французскай мове, выдадзенага ў Парыжы ў 1826–1827 гадах.

Каментаваць