Пра нацыянальны гомасэксуалізм

Час ад часу, цяпер ужо з пэўнай перыядычнасцю, у беларускім грамадстве ўзнікаюць спрэчкі вакол гомасэксуалізму. Беларуская спецыфіка палягае ў тым, што да тэмы гомасэксуалізму і ўлада, і апазіцыя ставяцца больш-менш аднолькава. Хаця стаўленне іх падобнае, аднак матывацыя ў кожнага свая.



Улада адстойвае сваю пазіцыю «мача», суперсамца, для якога гомасэксуалізм — штосьці варожае і гідотнае. Гэта, аднак, толькі вонкавая абалонка, бо ў шырокім плане ўлада не праяўляе ваяўнічай гамафобіі — у Мінску рэгулярна адбываюцца адкрытыя гей-вечарыны, дыскатэкі і клубныя акцыі.

Што тычыцца апазіцыі, то частка яе асуджае гомасэксуалаў з-за рэлігійных меркаванняў, трактуючы такія адносіны як грэх. Іншыя апазіцыйныя палітыкі лічаць лепшым дыстанцыявацца ад тэмы, баючыся асуджэння з боку ўлады, пры гэтым часцяком аджартоўваючыся і ўхіляючыся ад сур’ёзнай палемікі. Трэба прызнаць, што ў апазіцыі ёсць таксама палітыкі, якія падзяляюць ліберальныя погляды на гэтую тэму, тыповыя для еўрапейскай палітычнай сцэны.

Калі ж браць меркаванне грамадства, то тут прадстаўлена поўная палітра падыходаў — ад жорсткага ганьбавання, праз умеранае талераванне, да поўнай абыякавасці. Дык як урэшце ставіцца да ўсяго гэтага з пазіцыі беларускага інтарэсу?

Для пачатку трэба ўсвядоміць, што гомасэксуалісты бываюць такімі ж рознымі, як і гетэрасэксуалы. Сярод групы ёсць мноства людзей, якія цалкам адэкватна ўспрымаюць рэчаіснасць і маюць дарэчныя погляды на грамадства. Яны могуць адстойваць рэальныя пастулаты, як змаганне супраць пераследу па сэксуальных прычынах ці права на афармленне партнёрскіх шлюбаў. Аднак я асабіста сустракаў гомасэксуалаў, якія самі асуджалі амаральныя патрабаванні наконт адопцыі дзяцей і супраціўляліся пашырэнню гомасэксуальнасці ў форме ідэалогіі. Больш за тое, хаця ў гэта, можа, цяжка паверыць, ёсць мноства гомасэксуалаў, якія прынцыпова не ўдзельнічаць у гей-парадах.

Як любы аспект грамадскага жыцця, тэма гомасэксуалізму выступае ў некалькіх адценнях. Толькі невялікі адсотак групы ператварае сваю арыентацыю ў змаганне і палітычную платформу, але гэта не тычыцца ўсіх, і рызыкну сказаць, што гэта не тычыцца нават і чвэрці асяроддзя. Па розных статыстыках, адсотак гомасэксуальнага насельніцтва ў разы большы за тыя дзясяткі ці сотні ўдзельнікаў гей-парадаў не толькі ў Беларусі, але таксама ў краінах, дзе гэта не толькі легальна, але і бяспечна.

Хрысціянскія дэмакраты ў найбліжэйшы час наўрад ці памяняюць сваё бачанне гэтай праблемы, але астатнім дэмакратам варта было б адрозніваць патрабаванні сэксуальных маньякаў ад патрабаванняў геяў і лесбіянак да мірнага жыцця ў здаровым грамадстве. Пры падтрымцы такіх пастулатаў трэба даваць голас адэкватным прадстаўнікам меншасці, якія здольныя аргументавана паказваць шматграннасць сваіх праблемаў. Пры гэтым ні ў якім выпадку нельга забывацца пра правы большасці і неад’емнае значэнне традыцыйнай сям’і для грамадства і краіны ў цэлым.

Дзяржава не мае права станавіцца на бок меншасці і прымушаць большасць засвойваць рэчы, якія яе фактычна не датычаць. Тым больш, пытанне гэтае не павінна станавіцца асноўным аб’ектам спрэчак і палітычных дэбатаў. Хацелася б усё ж слухаць, як палітыкі спрачаюцца пра эканоміку і беспрацоўе — рэчы, якія закранаюць кожнага, а пра тое, як каму і з кім жыць, хай ужо кожны, калі гэта дазволена правам, вырашае сам.

Урэшце, закранутая праблема вельмі добра праглядаецца на прыкладзе літаратуры, у прыватнасці — літаратурнага канону. Дарэмна, напрыклад, сцвярджаць, што геніяльнасць Оскара Уайльда, Генры Джэймса ці Марсэля Пруста губляе з-за таго, што яны былі гомасэксуалістамі. З другога боку, яшчэ ніводзін пісьменнік не трапіў у канон літаратуры толькі на правах прыналежнасці да сэксуальнай меншасці. Застаецца спадзявацца, што як і ў літаратуры, так і ў жыцці вартасць працы будзе надалей ацэньвацца на аснове яе якасці, а не стракатасці.

Каментаваць