Традыцыйныя танцы на занятках “Мова нанова”: беларускія і не толькі

Чарговай тэмай заняткаў “Мова нанова” ў Мінску 14 сакавіка сталі народныя танцы. Запрошаныя госці — выхаванцы Школы традыцыйнага мастацтва гурта “Гуда” — паказалі і распавялі, як танчыць у беларускай традыцыі.

 



Фота Адаркі Яцэвіч"Мова нанова"


У беларускіх дыялектах для азначэння працэсу танца выкарыстоўваліся нароўні з дзеясловамі “танчыць” і “танцаваць” яшчэ “скакаць” і “плясаць”. Звычайна “скокі” — гэта танцы з імправізацыяй.

І для танцавальнай тэхнікі, і для народнага этыкету істотна было, як чалавек рухаецца ў танцы. Трэба танчыць, па-першае, на паўсагнутых нагах, поўных ступаках, не на мысочках. Такі рэжым танцу досыць энергаэканомны і дазваляе танчыць па некалькі гадзін. Рукі ў беларускай традыцыі высока не падымаліся, але яныі не віселі. Для азначэння паставы рук этнахарэограф Сяргей Выскварка карыстаецца выразам “паветра пад пахамі”.

Вось як пра танцавальную манеру распавядала Пелагея Гальчэня з вёскі Пласток Любанскага раёна (бабуля 1910 года нараджэння): “Каб ног высока нявеста не задзірала, каб грудзямі не трэсла, ды азадкам не круціла, каб кавалер — як струнка, каб умеў падтрымаць партнёрку і сам задаваць тон. Каб не кідаў партнёрку адну, бо нават у сольных танцах патрэбна было прытрымлівацца пары. Трэба так танцаваць, каб чуб не тросся, а то баба не ўмее танцаваць, дык трэпле спадніцаю”.

Іншаземныя танцы, якія прыходзілі на тэрыторыю Беларусі, “асіміляваліся” і станавіліся “як родныя”. Напрыклад, "Кракавяк" ды "Абэрак" у Беларусі танчацца па-свойму, зусім не так, як у Польшчы. Чэшская "Полька", відаць, наклалася на ранейшую беларускую "Трасуху" ды іншыя старажытныя танцы, бо выдатна прыжылася на беларускай глебе. Прыдворныя еўрапейскія кантрдансы, трапіўшы ў беларускую вёску, сталі кадрылямі, а бальны танец "Мініён" — “Мільёнам”.

Не толькі мастацтва, але і сродак сацыялізацыі

Танцы выконвалі істотную сацыяльную функцыю: падчас вечарын магла кантактаваць між сабой моладзь. Праўда, адбывалася ўсё ў межах прыстойнасці: дзе ж там разыдзешся, калі старэйшыя сядзяць на лавах, глядзяць. Калі дзяўчына ці хлопец не ўмелі танчыць, кантакт з супрацьлеглым полам ускладняўся. Былі яшчэ працоўныя зборышчы моладзі, вячоркі — там моладзь магла кантактаваць амаль без нагляду дарослых. Але ж адна справа — пагутарыць, а патанчыць — зусім іншая. Даводзілася чуць ад жанчын 1920–1930-х гадоў нараджэння, маўляў, як патанчыш з хлопцам, дык адразу і закахаешся.

І ў сучасным горадзе знаходзяцца аматары традыцыйных танцаў, якія імкнуцца выканаць іх аўтэнтычныя варыянты, пазбегнуць стылізацыі. Сярод найбольш цікавых асяродкаў ды ініцыятыў, акрамя згаданай Школы гурта “Гуда”, можна назваць капэлю “На таку” і танцавальны клуб “Сіта” ў Мінску (але вечарыны ладзяць па ўсёй Беларусі), фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца” ў Любанскім раёне (кожны год за некалькі дзён да 12 ліпеня, калі адбываецца кульмінацыя фэсту), фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (раз на два гады ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці).

Трошкі пра суседзяў

Асяродкі, што займаюцца аднаўленнем традыцыйных танцаў і музыкі, ёсць і ў іншых еўрапейскіх краінах. І ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расіі вечарыны традыцыйных танцаў праходзяць шмат у якіх буйных гарадах.

Не так даўно ў Мінск з майстар-класам завітаў музыка і танцор Ігар Вузлоў з Масквы. Ён з дзяцінства танчыў у ансамблі “Аколіца” і добра ведае смаленскую танцавальную традыцыю, дзе пераплятаюцца элементы рускай і беларускай культуры. Цікава было даведацца і пра танцы іншых рэгіёнаў Расіі. Напрыклад, у Курскай вобласці танчылі "Цімоню". Гэта не проста танец, а цэлая драматычная дзея. У цэнтры кола сядзяць музыкі. Вакол іх танчаць па коле, імправізуючы, жанчыны (часам парамі) і мужчыны, тварам да жанчын, спінай па ходзе танцу, усе могуць спяваць прыпеўкі. Яшчэ адно кола складаецца з тых, хто стаіць прытанцоўваючы і можа таксама выконваць прыпеўкі, чакаючы спрыяльнага моманту, каб далучыцца да танцораў. І знешняе кола — гледачы. Такая "Цімоня" можа доўжыцца некалькі гадзін, мяняюцца музыкі, уваходзяць і выходзяць з кола танцоры…

Пасля ўзяцця Берліна першае, што зрабілі салдаты родам з Курскай вобласці, — станчылі "Цімоню". А ў некаторых курскіх вёсках, даведаўшыся пра тое, што скончылася Вялікая Айчынная вайна, "Цімоню" танчылі цэлыя 3 дні!

Каментаваць