Пралескі мастака з Пружаншчыны

Станіслаў Жукоўскі асабліва любіў вясну. Не толькі таму, што зямля, апрытомненая ад зімовага сну, убіралася ў сваю красу. У вясне не было расчаравання і паразы. У вясне панавалі спадзеў і будучыня.



Лірычнасць натуры Стась пераняў ад пяшчотнай маці Марыі з роду варшаўскіх Вяржбіцкіх, якая апрача хатняй адукацыі вучылася ў пансіёне ў Парыжы, няблага музіцыравала і спявала, ведала колькі замежных моваў, малявала і мела літаратурны густ. Невыказна-шчымлівае чаканне вясны было ў яго і ад бацькі, з якім потым, праўда, ладзіў не надта.

Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі 13 траўня 1873 года ў арандаваным фальварку Старая Воля і быў трэцім дзіцём у бацькоў. Меншы за брата Баляслава на 11 гадоў, а за сястру Серафіму — на 4 гады, зваўся ў сям’і «матчыным сынком».

Сваё родавае гняздо — Ендрыхоўку на Пружаншчыне — Жукоўскія страцілі пасля паўстання Каліноўскага. Маёнтак быў секвестраваны царскімі ўладамі, а гаспадар яго пазбаўлены не толькі прывілеяў, але і элементарных грамадзянскіх правоў за ўдзел братоў у паўстанні. Адзін з іх дзейнічаў у штабе Каліноўскага і змушаны быў ратавацца ўцёкамі за мяжу, другога — палявога камандзіра — выслалі ў Сібір, дзе і памёр.

Станіслаў Жукоўскі

Навучанне

Юльян Жукоўскі, бацька Стася, быў упэўнены, што сын атрымае прафесію практычную — лесніка ці агранома. Але той за адукацыяй скіраваўся ў Маскоўскую вучэльню жывапісу, дойлідства і ваяння. Каб стаць слухачом вучэльні, Стась мусіў пры падтрымцы свайго беластоцкага выкладчыка і сябра Сяргея Южаніна таемна пабольшыць узрост у дакументах.

Настаўнікамі яго ў розныя часы былі Ісак Левітан, Васіль Паленаў, Валянцін Сяроў, Канстанцін Каровін. Часцінка кожнага з іх засталася ва ўдзячным вучні, гэта зразумела. Але ўжо тады ён вызначыў свой шлях у мастацтве.

Сугучнымі Стасю былі лакальныя, вяснова-мажорныя настроі прыроды. Суразмернымі ягонай існасці сталіся някідкія краявіды, што атаясамліваліся ў душы са шчымлівым водсветам «роднага кута».

Яшчэ ў Беластоку ў 1890 і 1891 гадах Стась намаляваў у некалькіх эцюдах родны фальварак. Някідкі драўляны дамок з мураваным порцікам, з цэнтрам кампазіцыі ў выглядзе дзвюх калон абапал дзвярэй — сваёй архітэктурай нагадваў пра беларускія барочныя традыцыі мяжы XVIII—XIX стагоддзя. Пазней ён будзе неаднакроць вяртаецца да матыву роднага дома і ўвасобіць яго ў шмат якіх палотнах.

Вандроўкі па жыцці

Потым было імклівае жыццё. Доўгачаканае "першае" набыццё яго твора ў 1896 годзе самім (!) Траццяковым. Гэта пазней яго работы будуць набываць самыя прэстыжныя зборы, а ён ператворыцца ў аднаго з самых папулярных майстроў. Пакуль — першыя выставы з «перасоўнікамі». Першы медаль у 1897-м. Шлюб з каляжанкай Аляксандрай Ігнацьевай. Званне класнага мастака — па заканчэнні вучэльні ў 1901 годзе.

У 1907-м ён уступіў у мастацкае аб’яднанне рэалістаў «Саюз рускіх мастакоў», і ў тым жа годзе атрымаў тытул акадэміка пейзажнага жывапісу, а неўзабаве адчыніў уласную двухгадовую мастацкую школу. Сярод вучняў школы, якая праіснавала амаль да кастрычніцкага перавароту, мы знойдзем такія імёны, як Уладзімір Маякоўскі, Ігнацій Нівінскі, Стэфан Дамарацкі.

У лютым 1917 года Станіслаў Жукоўскі ўвайшоў у аб’яднанне «Ізограф», што дэкларавала палітычны нейтралітэт мастака. Разам з тым, будучы сябрам Камісіі па ахове помнікаў мастацтва і даўніны пры Массавеце і Калегіі мастакоў пры Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, аддана працаваў па ахове помнікаў.

Пасля першай персанальнай выставы ў 1920 годзе ў Вятцы, у 1921-м прайшла другая персанальная выстава ў Маскве, а ў 1922 — яго працы адправілі на выставу ў Берлін.

Мэтай мастака было не толькі назапашванне майстэрства, але і праверка сябе на здольнасць па-свойму ўбачыць, «адчуць» натуру. У творчых вандроўках па Сярэдняй Расіі, пры вывучэнні помнікаў даўніны, у якіх ён нібыта «вышукваў» родныя вобразы юнацтва. Дзе б ні быў, дзе б ні вандраваў, што б ні пісаў — ва ўсім увасабляў дух, «сонечнасць» і сувымернасць аб’екта з «радзімым кутом».

Ён не імкнуўся да рэтраспектыўнай, тэатралізаванай стылізацыі, уласцівай мірыскуснікам, хаця ўвесь час і быў апантаны «старасвецкай сядзібай», яе ўбранствам ды «інтэр’ерам». Польскія даследчыкі вызначаюць гэта як неарамантычны струмень беларускага і літоўскага мастацтва, які супрацьстаяў рускаму варыянту мадэрну.

У свет неарамантызму з яго свежым паветрам, глыбокім даляглядам і высокім небам «расчыніў вакно» Фердынанд Рушчыц.

Узлёт

Зорка мастака з Пружаншчыны, што ўзышла на золку ХХ стагоддзя самабытна адухоўленым краявідам, пазней заззяла новымі фарбамі, адценнямі і нюансамі ў працах інтэр’ернага жывапісу. Але ні тугі, ні стогнаў па страчанай старасветчыне ў яго не было (у чым вінавацілі яго тагачасныя крытыкі). Мяняць тэму ды падстройвацца ён не збіраўся. За выключэннем хіба экспромт-перфомансу ў Вятцы ў 1920 годзе, калі з’явіўся на афіцыйным савецкім мерапрыемстве ў галіфэ з ботамі ды гімнасцёрцы, перацятай партупеяй.

Інтэр’еры яго, як піша Маліноўская-Франке, — «сапраўдныя адкрыцці, што набылі рысы панадчасовасці». Надзвычайную ўвагу ва ўсіх сваіх творах Жукоўскі надае свету і паветру, але не атаясамліваецца з імпрэсіяністамі. Краявіды яго маюць «натурны характар», колішнія сядзібы, паркі і інтэр’еры паўстаюць перад гледачом з расчыненымі вокнамі ці дзвярыма, нібы прапануючы другі план рэчаіснасці.

Але ўсё ж найбольш істотным для мастака было адлюстраванне духоўнага стану інтэр’ера, генетычныя «ўспаміны пра бацькоўскі дом і адчуванне цёплай аўры матчынай прысутнасці ў ім». Як след, ён выбіраў сядзібы, што набліжалі і ажыўлялі ўспаміны пра родны дом, трымаліся каранямі за радавое.

Нёман

Пралескі

Улюблёным месцам адпачынку Жукоўскіх — Станіслава з другой жонкай Соф’яй Паўлаўнай і сям’ёй хворага брата Баляслава — цягам амаль 20 гадоў было ўзбярэжжа Молдвінскага возера, што на Тамбоўшчыне. Тут напрыканцы зімы арандавалі яны сядзібу. Тут Станіслаў знаходзіў натуру: краявід ці ўдалае спалучэнне яго з інтэр’ерам. І пісаў. Энергічна і шмат, іншым часам па некалькі работ на дзень. У Вятцы ў 1920 годзе, калі цкаванне «буржуйскага» мастака набліжалася да свайго апагея, ён змушаны быў пісаць уначы. Па некаторых звестках, за жыццё Станіслаў стварыў каля 600 твораў.

На ўзбярэжжы Молдвінскага возера марыў ён пра надыход вясны, якая з дзяцінства атаясамлівалася з блізкімі, родным домам, з квітненнем пралесак, з Вялікаднём…

Сяброўка дачкі брата Станіслава, гімназістка Марыя Антановіч згадвала, як яны ўсе разам, напрыканцы зімы 1917 года, «яшчэ па снезе» хадзілі ў лес капаць лукавінкі пралесак, як песцілі і даглядалі іх у спадзеве, што расквітнеюць менавіта на Вялікдзень…

Але палатно Станіслава Жукоўскага — «Пралескі» было напісана раней, што вядома з каталогаў — у 1909-м, 1910-м гадах ва Усясвяцкім. Гэта прыгожая і натхнёная рэч набывае яшчэ больш загадковасці, калі даведваешся, што пісалася яна ў розных варыянтах ці не цягам усяго жыцця (1902–1903,1909–1910, 1917, 1931–1932 гадах).

Мо дзякуючы гэтай акалічнасці Нацыянальны мастацкі музеі Беларусі мае карціну «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» ў сваім зборы, але чамусьці не паказвае яе ў экспазіцыі.

Як бы ні шукаў Жукоўскі сюжэтна-вобразнае рашэнне твора, дзе б ні месцілася скрыня з квітнеючымі пралесачкамі — злева, справа ці ў цэнтры — усюды кветкі з’яўляюцца сэнсаўтвараючымі, акцэнтаванымі не падтрыманым колерам. У творы, дзе краявід каларыстычна паяднаныя з інтэр’ерам, вакно (не ва ўсіх зачыненае) уяўляе мяжу: цёплага і халоднага, унутранага і вонкавага.

 Адзінства «натурнага» і «чалавеча-духоўнага» — так падсумоўвае пошукі мастака маскоўскі прафесар М. І. Гарэлаў у сваім фундаментальным даследаванні творчасці Станіслава Жукоўскага.

Карціна «Пралескі» як бы адчыняе новы перыяд — «інтэр’ерны», становіцца сюжэтам, нітуючым яго з краявідам і нацюрмортам, але чым жа тады растлумачыць зварот Жукоўскага да гэтай тэмы ў Варшаве ў 1932 годзе?

Пралескі

На другім беразе

У 1923 годзе, Станіслаў Жукоўскі не вытрымлівае вонкавага ціску і прыхапіўшы з сотню сваіх твораў з’язджае. Напачатку ў Варшаву, дзе перш за ўсё адведвае цэнтральны мастацкі салон і яго гаспадара, свайго даўняга прыяцеля Фелікса Рыхлінга, сына кракаўскага музыканта (1874–1944).

Перапіска Жукоўскага з гэтай неардынарнай асобай ляжыць у Варшаве і толькі апошнімі часамі расчытаная Н. Маліноўскай-Франке. Пазнаёміўся і блізка сышоўся Станіслаў і з мастацка-культурніцкай суполкай Pro-Arte, якую ўтварыў яшчэ ліцвін Генрых Вейсенгоф — мэтай якой было «развіццё рэалістычных традыцыяў, згодна з духам народа».

Часта выязджаў на натуру ў родныя сэрцу ваколіцы — Свіслацкую (Белавежскую) пушчу, Панямонне, Падароск (былы маёнтак сям’і Чачотаў), Рось, Гарнастаевічы і інш. У 1932 годзе ён пакажа ў «Захэнце», у Таварыстве заахвочвання мастацтваў сваю адмысловую выставу «Неман». 28 твораў, якія не толькі «апявалі», але і эмацыйна акрэслівалі адносіны мастака да радзімых месцаў: «Пахмурны дзень», «Човен на Нёмане», «Восень», «Нёман. Летні ранак» і г.д. Дарэчы, як сведчыць Маліноўская-Франке, творы з гэтай нізкі і зараз часцяком мільгаюць на мастацкіх аўкцыёнах. Не дзіва, бо работы па-сапраўднаму цікавыя і зразумелыя перадусім на Радзіме.

Станіслаў Жукоўскі

У «Захэнце» ён выстаўляўся штогод, а то і некалькі разоў на год аж да 1939 года. У Польшчы Жукоўскі быў яшчэ раз уганараваны акадэмічным званнем.

Нельга сказаць, што жылося яму бесклапотна і лёгка. Хапала рознага. Але калі ў 1930-я гады ў ягонай варшаўскай кватэры з’явіўся сталінска-бальшавіцкі эмісар — мастак Бродскі, на яго ўгаворы вярнуцца ў СССР Станіслаў Жукоўскі адказаў адмовай.

Сваю сямідзясятую вясну Станіслаў Жукоўскі сустрэў пад нямецкай акупацыяй, і ў скрушную хвіліну не мог не быць на барыкадах падчас Варшаўскага паўстання. Пасля яго задушэння быў схоплены гестапа. Загінуў восенню 1944 года ў Прушкоўскім лагеры смерці пад Варшавай.

Творы мастака, што былі — у майстэрні і дома, у салоне банкаўскага служачага Рыхлінга і іншых — загінулі ў полымі Варшаўскага паўстання.

Каментаваць