Праўда дзесьці побач

Нярэдка даводзіцца чуць і чытаць пра заняпад айчыннай мастацкай літаратуры і адсутнасць чытацкага попыту. Я думаю, гэта не зусім адпавядае ісціне. Наша нацыянальная літаратура трымаецца на прыстойным узроўні.



Яна мае дастаткова выбітных талентаў для свайго далейшага развіцця. Праблема ў самім беларускім грамадстве, якая палягае ў прымітыўным спрашчэнні нацыянальнай ідэі, духоўнай і культурнай дэвальвацыі народа, яго гвалтоўным моўным зняменні. Дадаецца і сусветны тэхналагічны і глабалізацыйны ціск. Аднак усё гэта не выбіваецца са звычайнага шэрагу праблем, якія суправаджалі літаратурную творчасць цягам усяго часу беларускага пісьменства. А што да кніжных накладаў і чытацкай зацікаўленасці, то гэта часовая і спецыфічная праблема. Яна знікне разам з вышэй пазначанымі праблемамі ў самім грамадстве. Ды і ў нашых папярэднікаў — ці такія ўжо былі вялікія тыражы і шматтысячныя чытацкія аўдыторыі, апроч кароткага савецкага часу, калі ідэйны змест пераважаў над мастацкім? А наклады твораў Дантэ, Шэкспіра, Цютчава, Багушэвіча, Багдановіча, дасавецкіх Купалы і Коласа пры іх жыцці хіба не параўнальныя з тыражамі нашых цяперашніх кніг?!

А да ўсяго яшчэ трэба памятаць, што не ўсё прароча-таленавітае атрымлівае прызнанне пры жыцці аўтара. Тым больш, што на айчынную літаратуру адпачатку ўскладзена і дадатковая маральная місія — як носьбіта нацыянальна-гістарычнага асветніцтва і захавальніцы роднай мовы. Таму кожны новы беларускі літаратар і чытач — гэта наш каштоўны нацыянальны і духоўны набытак.

Пра тое сведчыць і сучасны літаратурны працэс, у якім адну з важных місій выконвае часопіс «Дзеяслоў». Выйшаў яго чарговы 76 нумар.

Адразу скажу, што першая яго палова — мастацкая — апроч выбітной паэзіі В. Гронскай і перакладаў з літоўскай літаратуры, яўна прасядае, тады як другая палова якраз уражвае і прыцягвае чытача сваім эмацыянальным зрухам і палемічнасцю, спрэчнасцю і супярэчнасцю, што, на маю думку, і ёсць адзнакай сапраўднай літаратуры. Але пра ўсё па парадку.

Апавяданне Андрэя Федарэнкі «Шчасце» сухавата-статычнае ў адрозненне ад яго лепшых высокамастацкіх твораў. Яно сучаснае і, можна сказаць, злабадзённае якраз у адносінах да цяперашняга літаратурнага і калялітаратурнага працэса. Залішне кансерватыўнае? Дык у маральным і духоўным плане ўсе творы гэтага аўтара не выпадаюць з падобнай строга класічнай ідэйнай скіраванасці. І ўсё ж нават пры адноснай няўдачы (з майго пункту гледжання) тэкст А. Федарэнкі з’яўляецца фактам мастацтва, а не літаратурнай штучнасці.

Вядомы паэт Васіль Зуёнак піша ў сваім пашанотным веку вельмі здаровыя і мудрыя вершы, што здараецца з паэтамі вельмі рэдка. Гэта пазнака не толькі майстэрства творцы, але і глыбокага духоўнага інтэлекту.

У нас цяпер шмат геніяў — і жывых, і адышоўшых, Васіль Зуёнак наўзбоч іх — талент Боскі:

Калі звініць спякотны дзень,

Калі ў грудзях гарыць сухмень,

Ты марыш аб адным тады:

О, хоць бы кропельку вады!..

А да крыніцы прыпадзеш –

То неспатольна п’еш і п’еш…

Так і жыццё: няма мяжы

Жаданню — вечна жыць і жыць…

І смутку нашага выток,

Што — усяго адзін глыток…

Наіўны па сваёй сутнасці тэкст Міхася Зізюка з Наваградка, які ён назваў аповесцю «Развітанне з летам», зроблены ў традыцыйным апісальным рэчышчы. Аднак імя аўтара для нашай літаратуры новае, і да яго варта прыглядзецца, магчыма, і падтрымаць. Бо чалавек пакуль у раздраі — расцягвае сябе на дзве мовы. Нездарма ж пры чытанні не-не — ды і прабівае душу сваёй шчырасцю і несапсаванай натуральнасцю.

Сюжэт просты: чалавек стамляецца ад шараговай штодзённасці і ўпадае ў дэпрэсіўны адчай, але вера ў дабро і каханне падымаюць яго і вяртаюць да паўнакроўнага жыцця…

Малады чытач наўрад ці паквапіцца на такую дабротную, але не новую літаратуру. Я прачытаў. Не скажу, што надта шкадую…

Паэт Васіль Макарэвіч не мяняецца ў сваёй вершаванай творчасці: майстравіты адпачатку і аднастайны да канца. Асабліва тое тычыцца формы і стылістыкі. Яго паэмы — нібы здоўжана-расцягнутыя дарогі з дому ў далёкі свет, якія не скарачаюцца пры звароце назад.

Часопіс працягвае публікацыю нізкі аповедаў Віктара Казько. Гэтым разам глыбока-віраватым стылем пісьма аўтар распавядае нам пра рыб (краснапёрку і карпа) і прыроду чалавека ў хуткаплынным асяроддзі спрадвечнага часу…

«Краснапёрка, калі меркаваць па яе вёрткасці і хуткасці ў вадзе, зусім невялічкая. Але я таксама займаю ў дараванай мне прасторы не так ужо багата месца. Увогуле мы, палешукі, не любім адсвечваць і вытыркацца. Я стоена ляжу на верасе пад дубам. Наглядаю, цікую і пільную жыццё, што знікае і нараджаецца ў мяне на вачах, за мігатлівым лётам адлітага з серабра і золата часу, яго куль, што няздольныя нікога забіць. Прызначэнне якіх толькі адраджаць. Гэта, пэўна, і з’яўляецца нятленным працягам жыцця. Бессмяротнасцю вечнага спакою заўсёды жывой памяці».

Гародзенскі паэт Анатоль Брусевіч — паэт арыгінальны і самабытны, але зрэдзьчасу мае праблемы з майстрэствам і версіфікацыяй. Не ўсе яго вершы дыхтоўныя ад пачатку да канца.  Складваецца ўражанне, што на ўвесь натхнёна-эмацыйны запал яму іншым разам не хапае паэтычнага дыхання… На высокім узлёце раптам пачынаецца адчувальнае кіслароднае галаданне.

Уладзімір Сіўчыкаў публікуе свае нататкі з кніжкі «Уладзевы гісторыі», якая, дарэчы, пабачыла свет услед за выхадам часопіса. Піша Сіўчыкаў проста і шчыра, можна нават сказаць, сям-там праставата, але з драйвам і здаровай эмоцыяй ды цвярозай іроніяй і гумарам…

У гэтым нумары ёсць-такі добры падарунак для чытачоў-эстэтаў — нізка цудоўных тонкіх і адборных па чысціні паэтычных твораў Вольгі Гронскай. Хаця, на першы погляд, можа падацца, што ўвесь гэты паэтычны крышталь абманлівы сваёй крохкай каштоўнасцю, можа, нават зрэдку версіфікацыйнай выштукаванасцю. Бытта бы не хапае нечага глыбокага, пераканаўчага, самасцвярджальнага. Нейкай трагедыйнай паўзы, аддаленага трывожнага гулу…

Апавяданне Аляксея Чубата «Навушнікі» ў мастацкім плане кволае і недацягнутае. Так, яно ўздымае праблемную тэму. Глухату і нячуйнасць сучаснай моладзі, якая ў сваёй пераважнай большасці сышла ў віртуальны свет, засланіўшыся ад гэтага свету навушнікамі. Замкнёным колам выпісана супрацьстаўленне чуйнага пакалення бацькоў і сузіральнага — дзяцей. Але бракуе глыбокага і яркага мастацкага мазка, яскравага ці патаемнага папераджальнага падтэкста…

«Парадны ўваход у мастацтва» — пад такой назвай публікаюцца перакладныя творы сучаснай літоўскай прозы і паэзіі. Тэксты варты шырокай чытацкай увагі. Прынамсі, мне яны падаліся мацнейшымі за вышэй згаданыя публікацыі беларускіх аўтараў. Літаратура суседзяў адметная ад нашай сваёй унутрана-валявой прагай да мастацкага ідэалу і дасканаласці, нават, я сказаў бы, боязі апусціцца ніжэй пэўнай, зададзенай папярэднікамі, планкі ў духоўна-нацыянальным самавыяўленні.

У часопісе дзве публікацыі стараннага Сяргея Шапрана (працяг старонак новай кнігі «Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» і «Апошняе сумоўе» — запіс развітальных гутарак з Генадзем Бураўкіным). Раю пачытаць і паразважаць. Тое ж тычыцца і цікавай даўняй гутаркі Зіновія Прыгодзіча з Максімам Лужаніным.

Напрыканцы нумара — тры рэцэнзіі: Ірыны Саматой на дзённікавую прозу Сакрата Яновіча, Паўла Абрамовіча на кнігу «У віры быцця» Ніла Гілевіча і Леаніда Галубовіча на дэбютны зборнік вершаў Антона Рудака «Верхні горад».

Прыемнага прачытання і роздумных уражанняў.

Каментаваць