Праваслаўная “Сямейная чытанка” ад Алеся Клышкі

Ці ў многіх сем’ях сёння практыкуюць сямейнае чытанне кніг? Я сумняваюся. Дарослыя настолькі занятыя сваімі справамі, сваімі праблемамі, што такое паняцце, як сямейнае чытанне кніг, становіцца ўжо архаізмам.



Вядома ж, цяпер лёгка знайсці гэтаму тлумачэнне: маўляў, раней не было тэлевізараў, кампутараў, па вечарах людзям рабіць не было чаго, вось яны і чыталі кнігі, ці ўсёй сям’ёй чыталі адну кніжку, а потым разам яе абмяркоўвалі. А цяпер на чытанне кніг не хапае часу, а таксама жадання. Прасцей за ўсё ўключыць кампутар дзіцяці, знайсці па інтэрнеэту які-небудзь мультфільм, дый няхай глядзіць дзіця яго колькі захоча.

Беларускі літаратар Алесь Клышка лічыць інакш. Ён нават назваў сваю новую кніжку вершаў “Сямейная чытанка”, якая напярэдадні Новага года і Калядаў пабачыла свет у мінскім выдавецтве “Смэлтак”. Яе з вялікім задавальненнем прачытаюць і дарослыя чытачы, і школьнікі. Гэта не проста вершы, а духоўныя творы. Яны вучаць нас любіць сваю зямлю, сваю мову, з вялікай павагай адносіцца да сваёй веры, да нацыянальных святаў і традыцый.

У некаторых вершах аўтара прысутнічае гумар, але ён просты і лёгкі, зразумелы і нават часам наіўны. Паэт у сваіх радках не ўмее крычаць, сварыцца, ён з павагаю адносіцца, як да сваіх герояў, так і да чытачоў, якія прачытаюць кніжку ці проста яе пагартаюць, спыніўшы свой позірк хоць на адным ці двух вершах і малюнках.

Вялікую цікавасць у чытачоў выклічуць вершаваныя прымаўкі і прыказкі Алеся Клышкі. Аўтар узяў, падслуханыя ў народзе беларускія прымаўкі і прыказкі, а потым іх у вершаванай форме дапоўніў. Арыгінальна атрымалася. Гэтыя вершы-прымаўкі, нібы дапаўняюць першы раздзел кнігі, бо яны таксама шчырыя і вучаць юных і дарослых чытачоў дабру, сумленню, працавітасці, гаспадарлівасці, любові да бацькоўскай зямлі:

Праца, дом, сям’я і дзеткі —

Гэта ўсё нябёсаў кветкі.

Лад сямейны адмысловы —

Гэта ад анёлаў словы.

Шмат можна распавядаць пра “Сямейную чытанку” Алеся Клышкі. Але лепш яе пачытаць усёй сям’ёй. Тады мы зразумеем, чаму старэйшае пакаленне, сённяшнія дзядулі і бабулі, практычна ўсе любяць чытаць і чытаюць ўвесь вольны час. Хутчэй за ўсё, менавіта таму, што ў маленстве чыталі разам са сваімі бацькамі. Таму што ў гады іх дзяцінства і юнацтва ў кожнай сям’і адводзіўся час для сумеснага сямейнага чытання кніг. Дык можа і нам сёння зноў адрадзіць шматвекавыя гэтыя традыцыі і пачаць чытаць кнігі разам з нашымі дзеткамі, усёй сям’ёй? І пачаць, менавіта, з новай кнігі Алеся Клышкі, з яго шчырай “Сямейнай чытанкі”.

 

Каментаваць