Праз 28 гадоў на магіле беларускага кампазітара ўстанавілі помнік

1 лістапада на магіле беларускага харавога дырыжора, педагога, выкладчыка, кампазітара, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Антона Валынчыка, якая знаходзіцца на гарадскіх могілках на праспекце Касманаўтаў у Гродне, устанавілі помнік.



На яго магіле 28 гадоў не было помніка, а быў пастаўлены просты жалезны крыж. І вось нарэшце забыты Антон Валынчык вяртаецца да гарадзенцаў, да ўсіх беларусаў, якіх ён любіў, пісаў свае музычныя творы.

Помнік устанавіў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе ў апошнія гады жыцця Антон Міхайлавіч працаваў. У бліжэйшы час плануецца яшчэ ўстанавіць і мемарыяльную шыльду на доме № 33 на вуліцы Ажэшкі ў Гродне, дзе кампазітар жыў і памёр.

Антон Валынчык (1896–1985) нарадзіўся ў сям'і царкоўнага рэгента ў вёсцы Мяльканавічы Слонімскага раёна. Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасля войска вярнуўся на радзіму і ў перыяд з 1939 па 1947 гады працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Навагрудскай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме. У 1937 годзе Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі царкоўнымі хорамі.

Пасля вайны Антон Валынчык быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Каб пазбегнуць рэпрэсій, супрацоўнічаў з хорамі праваслаўных храмаў у Клецку, Навагрудку, Слоніме, Жыровічах і Мінску.

У 1956 годзе кампазітар паехаў у Магілёўскую вобласць, дзе ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год вярнуўся ў Маладзечна, дзе стаў кіраўніком міжабласнога Маладзечанскага ансамбля песні і танца, які ўзначальваў чатыры гады.

У 1961 пераехаў у Гродна. Там ён узначальваў кафедру музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гродзенскага народнага ансамбля песні і танца «Нёман» (ад кіраўніцтва якога пасля быў адхілены савецкай наменклатурай) і мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў, як хормайстар, многія харавыя капэлы Гродзеншчыны.

Увасабляў у канцэртных праграмах творы І. Баха, Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, С. Манюшкі, К. Вебера. Апрацоўваў беларускія народныя песні. Пісаў і рыхтаваў для выканання свае песні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі і іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананне ў стылі «а капэла»

Памёр Антон Валынчык 13 лістапада 1985 года. Адзін памяццю пра яго была мая кніга ”Жыў роднай песняй”, якую я напісаў пра яго і выдаў у 2010 годзе.

Каментаваць