Праз знаёмае да незнаёмага: выстава Івана Семілетава

Нядаўна мы запрашалі шаноўных чытачоў на выставу “Жыццё механізмаў” скульптара Віктара Копача і мастака Івана Семілетава ў Цэнтр сучаснага мастацтва. 3 чэрвеня персанальны паказ твораў Івана Семілетава адчыніўся ў галерэі “ДК” на пр.Пераможцаў, 103 (у гатэлі “Вікторыя Алімп”).



НЧ” упершыню асвятляе падзею ў новай галерэі (выставай Семілетава “ДК” завершыла першы год сваёй працы), таму скажам некалькі слоў пра выставачную пляцоўку.

Як вядома, бываюць залы шырокага профілю па прызначэнні, як Цэнтр сучаснага мастацтва. Або акадэмічныя, як Нацыянальны мастацкі музей. Або адукацыйныя, як галерэі Нацыянальнай бібліятэкі. Ці нацдэмаўскія, якімі былі “Добрыя мыслі” з Таццянай Гаранскай і Віктарам Маркаўцом. А бываюць камерцыйна-гламурныя. У тым сэнсе, што яны арыентуюцца на выпрабаваных, прызнаных і пераважна дарагіх сучасных мастакоў. Апошнія падзяляюцца на “ўсеядных” і “эстэцкіх”. “ДК” адносіцца да “эстэцкага” накірунку, і таму іх гламурнасць выкупляецца добрым адборам экспанентаў і некаторымі дадатковымі станоўчымі якасцямі.

Іван Семілетаў, выпускнік факультэту дызайну і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва Акадэміі мастацтваў 2004 года, вучань Івана Кліменкі і Валянціны Бартлавай — свайго роду грымучая сумесь сучаснай беларускай культуры, бо па кудзелі — унук Івана Мележа, а па мячы — унук і сын двух вядомых жывапісцаў, кожны з якіх — са сваімі ўпадабаннямі і стылістыкай.

Дзядуля, Аляксандр Семілетаў (1926–1990), захапляўся Левітанам і пісаў выдатныя пейзажы. Манументаліст-бацька аддаваў перавагу Сікейрасу, а потым, у 1980-я, адкрыў для сябе Філонава. Выхаванне Івана Семілетава-малодшага будавалася на прынцыпах свабоды творчасці, без аніякага ціску: вось табе стол у бацькоўскай майстэрні, пэндзлі, фарбы, малюй, што адчуваеш і як хочаш. У выніку цяпер, як кажа Барыс Семілетаў, “сын піша як дыхае”, а вось яму, старэйшаму, патрабуюцца часам вялікія намаганні, каб абстрагавацца ад той класічнай кампаненты выхавання, якую закладае сваім навучэнцам Акадэмія. Так ці йначай, маладому прадстаўніку дынастыі ў творчасці аказваецца важнай вобразнасць, якую ў культуры ствараюць розныя віды мастацтваў. Ён заўсёды піша пад музыку і дэкларуе, што ў яго любімых кампазітараў — найперш Шастаковіча, а таксама Баха і Шонберга (пад апошняга створана цэлая “сіняя” серыя), яму важная не столькі мелодыя, колькі вобразнасць. І літаратура — таксама важны падмурак. Томас Ман, Франц Кафка, Оруэл, але асабліва — Данііл Хармс. Такі, з дазволу сказаць, наборчык, а глядач працуй сабе галавой, рэзаніруй пачуццямі, разбірайся.

За Іванам Семілетавым чамусці замацавалася вызначэнне “сюррэалістычны” мастак. На зададзенае наўпрост пытанне Іван пасміхаецца, і кажа, што яго хвалюе і сюррэалізм, і дадаізм (“Скажыце, а куды адносіць Фрэнсіса Бэкана?”), але апошнім часам глыбока цікавіць ар брут (Art Brut), мастацтва маргіналаў, душэўнахворых, медыюмаў, адзінокіх асоб. Мастацтва спантаннага, нечаканага, адкрытага пачуцця і выказвання… Ці, па яго словах, “перадвызначаная або кіраваная выпадковасць” у творы — ужо ў яго ўласным творы. Таму дырэктарка галерэі Кацярына Давыдава, прадстаўляючы мастака, кажа: “Іван — з тых творцаў, што не баяцца адкрываць гледачу душу”.

На рэцэнзаванай выставе названай “Сюжэт ненапісаннай казкі” Іван Семілетаў паказвае ў асноўным творы 2014–2015 гадоў, у тым ліку натхнёныя паездкай у Каджы-Сай на Іссык-Кулі ў Кіргізіі, таму ў іх багата сонца і фарбаў. Ёсць яшчэ адна тэма — паказаная ў вялікіх па фармаце работах “Адзінота ўдвух” і “Сустрэча”, увасобленая ў спецыфічнай стылістыцы — як бы мазаіцы халодных каляровых плямаў з фрагментамі аплікацый, таксама цікавай і своеасаблівай. Тут мае рацыю бацька мастака: Іван амаль не займаецца тыражаваннем знойдзеных аднойчы ўдалых вобразаў, а імкнецца да распрацоўкі і пошукаў новага. Як гэта ў яго атрымліваецца — вы ўбачыце на выставе, што працуе па 17 чэрвеня.

Калі вы захочаце набыць твор Івана Семілетава, вы здзівіцеся дэмакратызмам коштаў. Можа, прычынай таму — маладосць мастака, які зрабіўся па гэтым крытэрыі другім за першы год працы галерэі. Як кажуць у такіх выпадках: рабіце свае ўкладанні, пакуль не позна.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-06-04 14:33:14
Выбачаюся перад чытачамі, тут фота - зборная салянка, розных аўтараў, хаця , за выключэннем работы "Сярэбраны век" - менавіта з той выставы, пра якую йдзе гаворка.
  • Аляксей Хадыка
  • 2015-06-04 14:36:23
І яшчэ адна заўвага: першая з карцін - “Сюжэт ненапісаннай казкі” (2011) (з фантанам) - тытульная для гэтай выставы.
  • Аляксей Хадыка
  • 2015-06-04 19:28:14
Вельмі ўдалае інтэрвію з Семілетавымі Алесі Белявец (Чарняўскай) - http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=354

Каментаваць