Прэзентацыя парку мініяцюр замкаў і храмаў ВКЛ адбудзецца 27 жніўня

27 жніўня ў старадаўнім шляхецкім фальварку Родзевічы, што за 5 км ад Гальшанскага замка, адбудзецца прэзентацыя праекта «Парк мініяцюр замкаў Вялікага Княства Літоўскага». Падчас прэзентацыі гасцям фонду «Краіна замкаў» будуць прадстаўлены канцэпцыя парка, некалькі мініяцюр, а таксама 3D-друкаркі, на якіх друкуюцца макеты замкаў. У прэзентацыі возьмуць удзел дзеячы культуры: музыка Зміцер Вайцюшкевіч, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі і вядучы праграмы «Падарожжы дылетанта» Юры Жыгамонт.

«Наш праект хутка можна будзе называць народным, — кажа дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. — На сённяшні дзень у ім узялі ўдзел больш за 100 чалавек не толькі з Беларусі, але з Нямеччыны, Ізраіля, Расіі, Польшчы. Сярод іх ахвярадаўцы, валанцёры. Людзі не толькі пералічваюць нам грошы на набыццё дадатковых 3D-друкарак, але і актыўна прапануюць розную дапамогу — ад збору камянёў на ўчастку да стварэння ЗD-макетаў і друку мадэляў на ўласных друкарках».

На сённяшні дзень на прэзентацыю запісалася больш за 100 чалавек. Для іх будзе арганізаваная экскурсія па найбольш значных аб'ектах рэгіёна, пасля якой будзе прадстаўлены парк мініяцюр. Завершыцца праграма святочнай вечарынай з майстар-класамі па старадаўніх танцах і песнях. Запісацца на экскурсію-прэзентацыю можна ў фондзе «Краіна замкаў».

Аб стварэнні парку мініяцюр замкаў і храмаў было заяўлена ў канцы мінулага года. Ідэя была падтрымана ў рамках праекта ЕС / ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Свае сродкі ў будаўніцтва парку ўкладвае і «Краіна замкаў». Інвестыцыі ў аб'ект ужо перавысілі 300 млн недамінаваных рублёў. На гэтыя грошы быў набыты першы 3D-прынтэр, матэрыялы для друку мініяцюр, створана некалькі віртуальных мадэляў замкаў і храмаў, праведзены зямельныя работы на тэрыторыі парку.

А 20 ліпеня на платформе Talaka.by стартавала кампанія па зборы сродкаў на набыццё двух дадатковых, больш магутных 3D-друкарак, кожная з якіх каштуе каля 2,5 тыс. даляраў. Іх задача — паскорыць працэс друку мініяцюр. Усяго ў межах кампаніі плануецца сабраць 11 016 руб. У цяперашні час сабрана 65% сродкаў.

Афіцыйнае адкрыццё парку запланавана на май-чэрвень 2017 года. Першыя дзесяць мадэляў павінны з'явіцца ў парку ўжо да канца гэтага года.

Каментаваць