Адбылася прэзентацыя «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя»

3 снежня 2014 года ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя чатырохтомнага фундаментальнага выдання «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў шасці кнігах агульным аб’ёмам 5.658 старонак.



Тамы «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» на выставе «Літаратурная спадчына ХХ стагоддзя»


Гэтая ўнікальная, маштабная па сваёй навуковай значнасці праца, што з 1999 па 2014 гады выходзіла ў сталічным выдавецтве «Беларуская навука» агульным накладам у 5 тысяч асобнікаў, створана вялікім калектывам аўтараў і рэдактараў Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
 
 
Кожная кніга выдання ўключае раздзелы агульнага разгляду па паэзіі, прозе, драматургіі, крытыцы і літаратуразнаўстве. У персанальных артыкулах, прысвечаных творчасці 135 буйных пісьменнікаў, раскрываюцца нацыянальная спецыфіка беларускай літаратуры, яе роля і значэнне ў паглыбленні грамадскай свядомасці, выхаванні нацыянальнага самаадчування, патрыятызму і гуманізму, паказаны ўвесь патэнцыял беларускай духоўнай культуры ў галіне мастацкага слова на працягу стагоддзя, яе ідэйна-эстэтычнае багацце і непаўторнасць.
 
 
Упершыню ў гісторыю айчыннай літаратуры ўключана спадчына беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны і літаратараў-эмігрантаў. Ацэнка знакавых мастацкіх з’яў, складанай повязі пісьменніка з часам і грамадскай атмасферай грунтуецца на прынцыпах гістарызму, праводзіцца з улікам новых навуковых падыходаў, у адпаведнасці з гуманістычнымі, дэмакратычнымі патрабаваннямі. У кожным томе змешчаны раздзелы багатай на факты і падзеі хронікі літаратурнага жыцця.
 
 
Як зазначыў навуковы рэдактар выдання, члена-карэспандэнта НАН РБ, доктар філалагічных навук Сцяпан Лаўшук, пытанне падрыхтоўкі выдання наспела на пачатку 1990-х гадоў — вельмі цікавага і няпростага часу. Менавіта тады дырэктар акадэмічнага Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы акадэмік Віктар Каваленка прапанаваў напісаць альтэрнатыўную гісторую беларускай літаратуры, у якой меркавалася ўзгадаць пісьменнікаў, якіх не толькі не ведала шырокая публіка, але нават і спецыялісты. Разам з тым, у гэтым выданні не знаходзілася месца шэрагу вядомых літаратараў, у тым ліку Івану Шамякіну, Максіму Танку і Пімену Панчанку, падкрэсліў Сцяпан Лаўшук. Паводле ягоных словаў, урэшцэ ў выданне былі ўключаны ўсе найбольш выбітныя беларускія літаратары, што працавалі як на Бацькаўшчыне, так і ў замежжы.
 
 
На прэзентацыі прагучала прапанова прадставіць выданне ў публічных бібліятэках сталіцы, абласных і раённых цэнтрах, пазнаёміць з шматтомнікам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў сценах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі, і, такім чынам, пашыраць беларускамоўную прастору.
 
 
Пад час прэзентацыі дэманстравалася выстава «Літаратурная спадчына ХХ стагоддзя», падрыхтаваная супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі. Экспазіцыя знаёміць з найбольш грунтоўнымі і важнымі выданнямі навукоўцаў акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. Сярод іх — дапаможнікі па беларускай літаратуры, калектыўныя і аўтарскія манаграфіі, у якіх разглядаецца гісторыя айчыннага прыгожага пісьменства ХХ стагоддзя, падводзяцца асноўныя вынікі развіцця нацыянальнага літаратурнага працэсу, раскрываецца маральна-эстэтычны і духоўны патэнцыял мастацкіх твораў, а таксама збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9 тамах, збор твораў Максіма Танка ў 13 тамах і збор твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах.

Абмеркаванне:

  • Генадзь
  • 2014-12-14 01:02:07
"Гісторыя беларускай літаратуры", безумоўна, цікавая рэч. Але хто і дзе напіша, што ў санкт-пецярбуржскім выдавецтве "Нестор-История" ў 2014-м выйшаў расейскі пераклад
маштабнай трылёгіі Васiля Якавенкі "Пакутны век". 720 старонак пра тое, як унікальны народ тапталі немцы, расейцы, палякі і протчыя. Там наш нацыянальны эпас назвалі "Надлом.
Кручина вековая" Пакуль пра гэта напісаў толькі музычны сайт http://belmusic.org/news/pvrus.html Як бачым, ня толькі прэзідэнт ня бачыць беларускіх "Ціхіх Донаў" ды
"Вайнофф і мірафф", але й тутэйшым літаратарам не да чытаньня чужога, калі сваё прэ пісаць.

Каментаваць