Прэзентаваны фотаальбом Францішка Багушэвіча

У Беларусі 15 верасня адзначаецца як Дзень бібліятэк. З гэтай нагоды ў Мінску ў бібліятэцы №14 імя Францішка Багушэвіча адбылася прэзентацыя фотаальбома класіка беларускай літаратуры. Фотаальбом Францішка Багушэвіча захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі (НГМ).



Удзельнікі мерапраемства адзначалі прарочую ролю Францішка Багушэвіча — будзіцеля беларусаў, які стаў душой, песняром і абаронцам беларускай мовы, прыкладам гранічнай сумленнасці, самаахвярнасці і вернага служэння свайму народу.

Супрацоўнікі бібліятэкі, якой у 2000 годзе было нададзена імя класіка беларускай літаратуры, успрынялі гэтую падзею, як вялікі гонар і вялікую адказнасць перад сваімі чытачамі і беларускай грамадскасцю. У гонар 50­ годдзя гэтай установы ёй была прадастаўлена мажлівасць часовага экспанавання арыгінальнага фотаальбому Францішка Багушэвіча. Дарэчы, бібліятэка знаходзіцца на першым паверсе шматкватэрнага жылога дому № 42 па вуліцы імя Сяргея Прытыцкага на захадзе сталіцы.

Загадчыца аддзелу пісьмовых і выяўленчых крыніц НГМ Надзея Саўчанка падкрэсліла, што перадача рэліквіі такога ўзроўню адной з бібліятэк сталіцы з’ява даволі рэдкая, бо старыя фотаздымкі, як рэчы вельмі крохкія, патрабуюць асаблівых умоваў захавання.

Спадарыня Саўчанка распавяла, што альбом трапіў у фонды НГМ з Ашмянскай школы­-інтэрнату ў 1963 годзе. У альбоме ўсяго 69 здымкаў, што ахопліваюць вялікі перыяд жыцця Францішка Багушэвіча і ягонай сям’і з 1860 па 1926 гады. Прычым, на самай ранняй фатаграфі —­­фота маці пісьменніка Канстанцыі, а на самай позняй — выява дачкі Багушэвіча Канстанцыі з мужам. Геаграфія здымкаў таксама вельмі шырокая, бо ў альбоме прадстаўлены фота, зробленыя ў Вільні, Варшаве, Маскве, Санкт­-Пецярбургу, Коўне, Чарнігаве, Кіеве, Дрэздэне і Ашмянах.

На здымках — выявы самаго пісьменніка, ягонай сям’і, сваякоў і сяброў. Час вырабу здымкаў, а таксама імёны і прозвішчы асобаў, якія зафіксаваны на фатаграфіях, музею дапамаглі вызначыць унучка пісьменніка Станіслава Тамашэўская і доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс.

Дакдадную копію фотаальбому Багушэвіча сёлета зрабіў Цэнтр фатаграфіі (Мінск) пад кіраўніцтвам Аляксея Шынкарэнкі. 

Арганізатарамі акцыі, прымеркаванай да Дня бібліятэк і 50-­годдзя Бібліятэкі No14 імя Ф. Багушэвіча, выступілі Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк горада Мінска, НГМ і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

У мерапрыемтсве прынялі ўдзел супрацоўнікі сталічных музеяў, беларускія літаратары і этна­гурт "Рада" (мастацкі кіраўнік Ірэна Катвіцкая), які выканаў беларускія народыя песні розных рэгіёнаў краіны.

Каментаваць