Прыгоды постмадэрнізму

У 2009 годзе без абвяшчэння дыягназу памёр постмадэрнізм. Ягоны сыход знаменавалі дзве падзеі. Прэзідэнтам Злучаных Штатаў упершыню быў абраны цемнаскуры амерыканец. Барак Хусейн Абама прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 20 студзеня. Другі істотны для гэтай гісторыі цемнаскуры, якога часам называлі ўзорам постмадэрнізму — Майкл Джэксан, — пакінуў гэты свет праз паўгода.

Развітанне з эпохай



У 2009 годзе без абвяшчэння дыягназу памёр постмадэрнізм. Ягоны сыход знаменавалі дзве падзеі. Прэзідэнтам Злучаных Штатаў упершыню быў абраны цемнаскуры амерыканец. Барак Хусейн Абама прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 20 студзеня. Другі істотны для гэтай гісторыі цемнаскуры, якога часам называлі ўзорам постмадэрнізму — Майкл Джэксан, — пакінуў гэты свет праз паўгода.

Развітанне з эпохай

У футурыстычным «Пятым элеменце» Люка Бесона, зробленым у папулярным для 1997 года эклектычна-постмадэрновым стылі, цемнаскуры прэзідэнт з’яўляўся толькі ў ХХІІІ стагоддзі. Але гісторыя ўвасобілася з апярэджаннем. Паказальна, што за амерыканскі сталец змагалася і жанчына (у серыяле «Рабакоп» — таксама далёкая будучыня); вылучэнне на першы план групаў, якія знаходзіліся на перыферыі, — паказальная рыса постмадэрнізму.

У сваю чаргу, поп-ідал Майкл Джэксан зрабіў вялікі ўнёсак у постмадэрнізм. Ягоны кліп «Трымценнік», дзе герой пераўтвараецца ў ваўкалака і танчыць з мерцвякамі, — узорны постмадэрновы твор, дзе сплятаюцца інтэлектуальная іронія і масавыя пацешкі.

Але Джэксан спрычыніўся да постмадэрнізму не толькі творчасцю. Ягоная асветленая скура і шматлікія аперацыі зажыва дэманстравалі тыповую для стылю тактыку «палімпсесту», «цытатаў» і «аўтарскай маскі».

Нядаўна гэтую маску пахавалі.

«Плэйбой», Караткевіч, Умберта Эка і Лукашэнка

Але паглядзім, як усё пачыналася. Сам тэрмін «постмадэрнізм» з’явіўся ў 1914 годзе, у 1947 годзе Арнольд Тойнбі ў кнізе «Разуменне гісторыі» скарыстаў яго як сімвал сыходу Захаду. Але маніфестам постмадэрнізму стаўся артыкул Леслі Фідлера «Перакрочвайце межы, засыпайце ірвы», надрукаваны ў 1969 годзе.

Фідлер заклікаў скасаваць падзелы паміж элітарным і масавым, зруйнаваць іерархіі, змяшаць другаснае і каштоўнае — і прадэманстраваў гэта ўласным прыкладам: філалагічны артыкул быў надрукаваны ў часопісе «Плэйбой», у якога, мякка кажучы, крыху іншыя прыярытэты.

Наступіла, па словах філосафа Ліатара, «эпоха постмадэрну». У Францыі віравала студэнцкая і сэксуальная рэвалюцыя, калі элітарны рэжысёр Гадар распаўсюджваў маоісцкія ўлёткі для масаў, а юнакі, натхнёныя інтэлектуальным сінематографам, ладзілі любоў на траіх («Летуценнікі» Берталучы). У Злучаных Штатах ішлі вулічныя баі паміж геямі і паліцыяй (так званае Стоўнволскае паўстанне), а дэканструктар «фалалогацэнтрызму» Жак Дэрыда ўголас радаваўся: «Структуры на вуліцы не выходзяць».

Еўрапейская культура абвяшчалася ледзьве не суцэльна каланіяльнаю; колішнія гісторыі ператлумачваліся, каб знайсці там дзіркі, прагалы і суцэльную хлусню; наступала паліткарэктнасць.

У мастацтве постмадэрнізм цешыў кактэйлем касмічнай оперы, вестэрнаў і фантазій у «Зорных войнах», забаўляў прыгодамі манахаў у «Імені ружы» і радаваў нечаканымі цытатамі і спасылкамі: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча — постмадэрновы твор.

Умберта Эка, аўтар «Імені ружы» — сур’ёзны навуковец, які піша масавыя гісторыі з інтэлектуальнай падкладкай, — разглядаў постмадэрнізм як змену адной эпохі другой. Калісьці быў мадэрнізм — з «Чорнымі квадратамі» Малевіча, Вялікімі Гісторыямі і аўтарамі-дэміургамі. Цяпер — постмадэрнізм, калі (скарыстаем словы беларускага аўтара) «здрабнелі нават блазны».

Постмадэрнізм — крызісны пераход. Калісьці такім быў маньерызм — у мастацтве, скептыцызм і кінізм — у філасофіі. Але, у адрозненні ад папярэдніх часоў, сённяшні культурніцкі крызіс суправаджаецца спажывецкай асалодай.

Але здараюцца і недарэчнасці. Так, Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала.

Майкл Джэксан у постмадэрновым кліпе
«Трылер»

 


Рэжым, які ўсталяваўся ў краіне, — гэта першая (і, спадзяюся, апошняя) постмадэрнісцкая дыктатура ў свеце, які імкліва старэе. Як і ў постмадэрнізму, гэта практыка сэканд-хэнду: няма нічога свайго, усё ўжо зроблена і застаецца толькі красці. Крадзецца савецкая спадчына, расійская папса, заходні імпарт тавараў, а паверх ляпяюцца свае цэтлікі.

Крызіс калгасна-трэшавай беларускай мадэлі, пакінутай без грошай, супаў з крызісам постмадэрнізму. Сусветныя фінансавыя закалоты, тэрарыстычныя атакі, пад’ём ісламу — яшчэ і пазнака агульнага надлому. Схавацца нікому не атрымаецца.

Але напаследак можна пагля­дзець на творы аднаго постмадэрновага аўтара, прадстаўленага на беларускіх экранах.

Павучальныя прыгоды Педра Альмадовара

Напрыканцы 1970-х гадоў у кінематограф лёгкай хадой на высокіх абцасах уварваўся Педра Альмадовар. Гэта быў час — пасля смерці генерала Франка, — калі Іспанія радавалася вольніцы, як падлетак, якому суворыя бацькі доўга забаранялі піць, паліць і трахаць усё, што шавеліцца.

Сам Альмадовар пачынаў у клубах з адмысловай рэпутацыяй; героямі ягоных стужак былі німфаманкі і геі, сакрэтныя іранскія агенты і транссэксуалы, шальныя цётухны з пісталетамі і сэксуальныя маньякі-ўцекачы. «Дзве шлюндры» сведчылі пра «гісторыю любові, якая завяршаецца вяселлем» (1974 год), «Пэпі, Люсі, Бом і астатнія дзяўчынкі» блукалі ў «Лабірынце жарсцяў», а рэжысёр працягваў заклікаць: «Трахні мяне, трахні мяне, трахні мяне Цім!» (назва стужкі 1978 года).

Альмадовар стаўся ключавою фігурай постмадэрнізму, які ў тыя часы трыумфаваў (на падыходзе быў яшчэ Таранціна з «Крымінальным чытвом»). Колеры ў фільмах Альмадовара яскравыя, вульгарна-перанасычаныя, каб у вочы ўплішчыліся, сюжэты скандальныя, іранічна-бульварныя. Масавасць — з замаскаванай тонкай іроніяй — асноўная рыса постмадэрнізму.

Але просценькія гісторыі напісаныя па запаветах Фідлера — паверх інтэлектуальных твораў: гароты кінутай палюбоўніцы з «Жанчынай на мяжы нервовага зрыву» паўтаралі енкі з нуднаватай п’есы Както; «Кіка» з маньякамі, порназоркамі і лесбіянкамі ішла за «Фотапавелічэннем» Антаніёні, а меладраматычна-крымінальны «Матадор» цытаваў філасофска-эратычную «Карыду кахання». Мяшалася ўсё — ад рэкламы кандомаў да фрызуры пад Медузу Гаргону.

І, нарэшце, галоўнае — Вялікія Гісторыі адмяняліся. Што развагі пра «пральны парашок для Джоні-забойцы», што касцельныя правілы — на адным узроўні. Цэнтру няма, паўсюль маргіналіі.

Але постмадэрновы хаос — 20 гадоў таму — яшчэ выглядаў жывым і імпэтным.

« Крымінальнае чытво» — ключавы постмадэрновы фільм


Пакрысе Альмадовар сцішыў радасна-хуліганскія выпады дый заглыбіўся ў псіхалогію герояў, зрабіўшы на мяжы 2000-х, бадай, найлепшыя свае стужкі: «Усё пра маю маці» і «Паразмаўляй з ёй». Карціны, дзе пры ўсёй скандальнасці гучалі шчырыя словы спачування і мацярынскай любові, абяцалі новы этап у рэжысёрскае творчасці.

Але Альмадовар паспрабаваў вярнуцца да гулліва-постмадэрновай эклектыкі. Карціна «Скура, у якой я жыву», што цяпер ідзе ў мінскіх кінатэатрах, распавядае пра доктара, які праводзіць забароненыя генетычныя эксперыменты з чалавечай скурай дый трымае дома таямнічую пацыентку. Гэта сітуацыя нізавых хорараў, у якіх асабліва адзначыўся суайчыннік Альмадовара Хесус Франка.

Але, у адрозненні ад бадзёрага Хесуса Франка, які ніколі не вылазіў з падполля, карціна Альмадовара разлічаная на Канскія фэсты з чырвонымі дарожкамі (дзе яна і была) і высокую публіку, якая чакае ад мэтра прыгажосці.

І гэтыя «прыгажосці» ў фільме з’яўляюцца: аголенае жаночае цела Алены Анайі, якое паўтарае абрысы класічных карцінаў, паразвешаных у доме хірурга; вытанчаныя касцюмы цялеснага і чорнага колеру, дым з опіумам — амаль тактыльнае пачуццё.

Харызматычная актрыса Марыса Парэдэс апранутая ва ўрачыстую форму. Нават прыдуркаваты злачынец, які ўцёк з маскараду ў касцюме тыгра, выглядае фігурай на свецкім раўце.

І хаця сюжэтных наваротаў хопіць на дзесяць ранніх альмадовараўскіх карцінаў, яны не вельмі кранаюць. Антоніа Бандэрас, калісьці адкрыты Альмадоварам дый запрошаны на ролю хірурга, выглядае не столькі жывым чалавекам, колькі ганароваю статуяй.

І гэта — не рэжысёрскія памылкі, а дакладны адбітак часу: постмадэрнізм завяршаецца.

Тое, што калісьці было пратэстам, — сёння істэблішмент, халодны, натужлівы і запакаваны ўладным кічам пад самае горла. Позірк гламурнага лекара: пластычныя аперацыі, змена полу, штучная скура, любая прыхамаць для вашых і ягоных пажадаў — чаго яшчэ вам захочацца?

Геі і лесбіянкі — сёння легалізаваныя (некаторыя на пасадзе міністраў); у Злучаных Штатах прэзідэнт — цемнаскуры.

Гісторыя — насуперак фукуямаўскім сцверджанням постмадэрністаў — яшчэ не завяршылася. Новыя гісторыі не тасуюцца, а ствараюцца на нашых вачах — але з канскіх палацаў гэта не бачна.

А колішні герой сэксуальнага андэграўнду, Педра Альмадовар, прыўлашчаны і запрошаны на самы верх, зусім не стаміўся.

Стаміўся сусветны постмадэрнізм. Пачынаецца нешта новае.

Каментаваць