Прынцэса ў краіне зачараваных люстэркаў

У беларускіх кінаэкранах — новая казка. Алена Турава распавяла гісторыю пра люстэркі, злых прынцаў і смелую прынцэсу ў зачараванай краіне.

«Рыжык у Залюстроўі» грае з цудоўнай Алісаю, што з краіны цудаў, спасылаецца на Гары Потэра і вяртае кінастудыі забыты гонар.



У беларускіх кінаэкранах — новая казка. Алена Турава распавяла гісторыю пра люстэркі, злых прынцаў і смелую прынцэсу ў зачараванай краіне.

«Рыжык у Залюстроўі» грае з цудоўнай Алісаю, што з краіны цудаў, спасылаецца на Гары Потэра і вяртае кінастудыі забыты гонар.

Галоўная гераіня стужкі — рудавалосая гарэзлівая дзяўчынка Вераніка. З Мінску яна трапляе ў краіну Нядалію, дзе калісьці была прынцэсай. У Нядаліі злы прынц Морціс зачараваў усе люстэркі — і людзі, паглядзеўшы ў іх, становяцца ценямі. Толькі каралеўская асоба — а ёй і з’яўляецца гераіня — можа скасаваць злы праклён і выратаваць Нядалію. Але чорныя сілы ўжо праточваюцца ў наш свет.

Алена Турава — дачка беларускага класіка Віктара Турава, які праславіўся лірычнымі фільмамі пра вайну і экранізацыяй «Людзей на балоце». Але ў адрозненні ад свайго бацькі-рэаліста, Алена Турава захапляецца фантазійнымі светамі. Яе «Навагоднія прыгоды ў ліпені», хаця і мелі недасканалы сюжэт, здзіўлялі нетутэйшай вогненнай жанчынай, фіялетавымі грыбамі і іншапланетнымі раслінамі, што граюць у футбол.

У «Рыжыку» адмысловых эфектаў паболела, сюжэт узмацніўся (хаця і ёсць што паляпшаць). На экране — дзівосы, цуды, прыгоды. Пясочны чалавек, складзены з драбінак, цягнецца да вады. Драпежна-бэзавая расліна з паралельнай прасторы аплятае пакоі, зубастыя чэрві-шаўкапрады пагражаюць непрыемнасцямі. І ляціць чароўны буслік з выратаваным немаўлём. Іголка стаецца падземнай прынцэсай, аграмадная жаба з’яўляецца з ніадкуль, а гном — Алег Гарбуз — прапаноўвае гарэх, што выконвае жаданні.

У фільме ёсць бойкі чараўнікоў, зубастыя кажаны, з якімі змагаецца шмараканскі кароль, і калматы руды шарык з хвосцікам, гарэза і жартаўнік, любоўна зроблены на кампутары.

Галоўная гераіня — Дыяна Запрудская — ужо звярнула на сябе ўвагу ў карціне Аляксандра Колбышава «Ваўкі», дзе яна грала шапялявую дзяўчынку. Цяпер у Дыяны Запрудскай — галоўная роля. Яна зухавата катаецца на роліках — па мінскіх вуліцах і каралеўскіх палацах, смяецца з прыдуманымі персанажамі і спрачаецца са злым ведзьмаком.

Дзмітры Мілер — менавіта такі вядзьмак. У фільме Мілер грае добрага прынца Себасцьяна і ягонага злога брата. Папярэдняя стужка Мілера — «Масакра», дзе ён дзяліў сваю ролю з мядзведзем. Цяпер дваістасць персоны сталася дзвюма асобнымі ролямі. Адна роля — чыстая, светлая і музычная. Другая — злая, пыхлівая, па-свойму тонкая і няшчасная. У расійскага акцёра, які стаў сваім на «Беларусьфільме», вельмі добра атрымліваюцца казачныя персанажы.

А вось Павал Харланчук сыграў адразу тры ролі. Адна роля — двайная: бібліятэкар Генадзь Іванавіч — гэта галоўны маг Нядаліі (у абодвух увасабленнях Харланчук аднолькава пераканаўчы). А вось ягонага шмараканскага караля — не пазнаць. Акцёр прыдумаў для яго сваю мову, жэсты, характар; Харланчук цалкам пераўвасабляецца, мяняе аблічча — і ад душы пацяшаецца над сваім бутафорскім персанажам.

Залатыя валасы недалійскае каралевы, бела-крэмавыя шаты пакаёвак, цёмна-зялёныя пячоры — у фільме дасканалая і чароўная каляровая гама. А апусцелая краіна Нядалія (значыць, яна недалёка!) — нечакана рыфмуецца са стэрыльным Мінскам. Мінская школьніца сутыкаецца з зачараванымі люстэркамі, з двайнікамі і адбіткамі, з бясплотнымі ценямі, што былі людзьмі.

Як і гераіня, наша краіна завісла паміж сусветамі. Балаганная сцэна, калі пад партрэтам Пушкіна, шмараканскі кароль, ні з пушчы ні з поля, але навязліва прапануе маці Веранікі руку і сэрца — гэта вельмі па-беларуску. Гэтым грашыў яшчэ адзін уладар — злы герцаг беларускага «Гораду майстроў», дзе таксама была Вераніка — і дзе быў добры двайнік, які і перамог зло.

Многія кадры Алены Туравай выклікаюць непадробную радасць і зачараванне, нешта не так дасканала і прадумана. Але самы вялікі недахоп стужкі — гэта яе пракат.

Сапраўдны дзівосны цуд, які толькі-толькі з’явіўся, амаль не паказваюць. Але пабачыць яго ўсё ж такі можна.

Каментаваць