Прынцэсы з кулакамі

Калісьці пекныя прынцэсы, зняволеныя ў высокіх вежах, чакалі сваіх прынцаў на белых канях. Казачныя прынцы перамагалі цмокаў, штурмавалі вежы і насілі вызваленых прынцэс на руках. У эпоху паліткарэктнасці і канчатковага постмадэрнізму ўсё перакулілася. Прынцэсы бяруць лёс у свае рукі, раскідваюць локцямі ворагаў, дубасяць цмокаў — і выносяць прынцаў з пячор, дзе тыя схаваліся.

Самыя кансерватыўныя — галівудскія — казкі дэманструюць трыумф фемінізму і не пакідаюць моцнай палове ніякіх шанцаў.

Калісьці пекныя прынцэсы, зняволеныя ў высокіх вежах, чакалі сваіх прынцаў на белых канях. Казачныя прынцы перамагалі цмокаў, штурмавалі вежы і насілі вызваленых прынцэс на руках. У эпоху паліткарэктнасці і канчатковага постмадэрнізму ўсё перакулілася. Прынцэсы бяруць лёс у свае рукі, раскідваюць локцямі ворагаў, дубасяць цмокаў — і выносяць прынцаў з пячор, дзе тыя схаваліся.

Самыя кансерватыўныя — галівудскія — казкі дэманструюць трыумф фемінізму і не пакідаюць моцнай палове ніякіх шанцаў.

Першая дыснееўская «Беласнежка» — з крэмавымі колерамі і гномамі — спраўна кусала атрутны яблык і клалася ў труну. Сучасныя гераіні выбралі іншую долю. Сёлетняя «Беласнежка» Тарсэма Сінха — гэта змаганне прыгажуні, якая ачольвае гномскі партызанскі атрад, з падступнай каралевай. Узурпатарцы, у асобе актрысы Джуліі Робэртс, моцна не пашанцавала. Яблык прымушаюць з’есці яе. А няшчасны прынц толькі блытаецца пад нагамі і трапляе ў ідыёцкія сітуацыі, з якіх яго выцягваюць абедзве жанчыны.

Не пашэнціла і Шарліз Тэрон — чарговай каралеве з яшчэ адной «Беласнежкі». «Беласнежка і паляўнічы» Рупэрта Сандэрса, што толькі з’явілася на нашых экранах, — гэта змрочнае сярэднявечнае фэнтэзі з замурзанай Беласнежкай, каналізацыяй і суворымі бітвамі. Залішне казаць, што Беласнежка крычыць, як недарэзаная Жанна Д’Арк, махае мячом — і вырывае ўладу з пахаладзелых (жаночых) рук. Мужчыны — толькі пешкі ў чужой барацьбе. Нават кананічнае вяселле, якое яшчэ мелася ў карціне Тарсэма Сінха (акруцілі-такі небараку!), адкладзенае ў нікуды. Улада ўзятая — навошта яе дзяліць з некім?

Цікава, што пераходны этап паміж кананічнай Беласнежкай і Беласнежкай уладарнай разыграла група «Рамштайн» гадоў дзесяць таму. Гераіня іхняга кліпу ела атрутныя яблыкі — і ўпадала ў глыбокую кому ў крышталёвай труне. Але яе паводзіны з гномамі — гэта, так бы мовіць, жорсткая дамінацыя. Гіганцкая прыгажуня ахвотна і доўга лупцавала музыкаў, загрымаваных пад памяркоўных гномаў. Твары ў гномаў былі, як у сённяшніх беларусаў.

Выкшталтаваная анімацыйная казка «Храбрая сэрцам» — варыяцыя на тэму жаночай улады. Студыя «Піксар», якая праславілася сучаснымі прыгодамі забытых цацак і сентыментальных смецце-робатаў, вырашыла зазірнуць у далёкае казачнае мінулае.

Прынцэса Мэрыда любіць скакаць на кані і страляць з луку. Але яе маці рыхтуе дзяўчыну да шлюбу. Неўзабаве прынцэса зрывае турнір, дзе змагаюцца за яе руку і сэрца, і ўцякае ў лес, дзе знаходзіць старую ведзьму. Ведзьма прапануе развязаць пытанне з матуляй.

Хаця каралева быццам прытрымліваецца старой традыцыі, краінай кіруе яна. Яе муж толькі выхваляецца дый весяліцца на банкетах, дзе распавядае пра ўласныя подзвігі. Але і распавесці зладна ён не здольны (пакуль жонка яму не напіша дый ткне, што прамаўляць). Але для юнай прынцэсы нават такая ўлада занадта мужчынская. Галоўныя героі — дакладней, гераіні фільму, — жанчыны. Прынцэса, яе маці, старая ведзьма. Усе астатнія, уключна з брацікамі прынцэсы, — толькі фон (на якім вытыркаецца эпізадычная і грудастая служанка).

«Няправільны» турнір сыходзіць у нішто; галоўныя дзеянні — жаночыя тактыкі і стратэгіі. Жыццё і прыгоды прынцэсы, мудрасць і моц маці, хітрасць з рамесніцтвам і павучаннем — старой ведзьмы. А мужчыны — няхай шумяць сабе і думаюць, што заўгодна.

Прынцэсы мусяць быць з кулакамі. У «цудоўным новым свеце» без гэтага аніяк.

Каментаваць