Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Прыбужжа: цудоўны куточак Беларусі

Падарожжа — тое, што робіць наша жыццё больш прыгожым і шчаслівым.

Уладзімір Цвірко на руінах Брэсцкай крэпасці

Вось і мы з вядомым падарожнікам, фатографам, этнографам Уладзімірам Цвірко наведалі Прыбужжа — прыгожы край, што раскінуўся ўздоўж ракі Заходні Буг, побач з мяжой з Польшчай, і які ахоплівае тэрыторыю Брэсцкага і Камянецкага раёнаў.

Тэрыторыя Прыбужжа багатая на помнікі архітэктуры. Найперш мы наведалі аддаленыя паўднёвыя вёскі Брэсцкага раёна, такія, як Дубок, Чэрск, Медна, дзе пазнаёміліся са старажытнымі цэрквамі, узрост якіх налічвае 250–300 гадоў.

Вёска Дамачава. Касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі (1905 г.) і помнік паўстанцам К.Каліноўскага.

Напрыклад, памежны гарадскі пасёлак Дамачава ўпершыню згадваецца ў XVIII стагоддзі. Прыгажосць яму надаюць магутныя сосны. Некалі тут існавала ўніяцкая царква, на месцы якой у 1905 годзе была пабудавана праваслаўная царква Святога Лукі. Непадалёк ад яе, на ўзгорку, знаходзіцца касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, пабудаваны ў 1854 годзе, а побач з ім — крыж, усталяваны ў памяць паўстання 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

У цэнтры вёскі Чарнаўчыцы ўзвышаецца ўнікальны помнік архітэктуры: касцёл Святой Тройцы, пабудаваны ў стылі позняй готыкі і рэнесансу аж у 1583 годзе.

 Вёска Чарнаўчыцы, касцёл Святой Тройцы, 1583 г.

Гасцінны служка храма адамкнуў дзверы, правёў нас у касцёл, і нават дазволіў па вітай лесвіцы падняцца на хоры, дзе знаходзіцца арган, каб мы маглі з вышыні ўбачыць маляўнічую прыгажосць храма.

Вёска Чарнаўчыцы, касцёл Святой Тройцы,

У 1867 годзе касцёл, як і шмат іншых храмаў, забралі пад праваслаўную царкву, а ў 1928 годзе ён быў вернуты каталікам. Некалі прыязджаў у Чарнаўчыцы Уладзімір Караткевіч, каб пабачыць гэты касцёл — шэдэўр старабеларускага дойлідства. Упрыгожвае вёску таксама царква Параскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1733 годзе.

Наведалі мы блізкую ад Брэста вёску Скокі, дзе знаходзіцца сядзібна-паркавы ансамбль Нямцэвічаў. Прыгожы палац, узведзены ў 1770 годзе ў стылі барока, — самая старая пабудова на тэрыторыі Брэста і яго ваколіц, якая засталася да нашых дзён. Падчас Першай сусветнай вайны ў палацы змяшчаўся штаб кайзераўскай арміі, а 15 снежня 1917 года ў ім было падпісана ваеннае перамір’е паміж Германіяй і яе саюзнікамі і бальшавіцкай Расіяй. Пасля Другой сусветнай вайны будынак палаца выкарыстоўваўся як школа і піянерскі лагер, а пасля рэстаўрацыі тут пачаў дзейнічаць гісторыка-мемарыяльны музей.

Вёска Скокі. Палац Юльяна Нямцэвіча

Менавіта ў будынку палаца 260 гадоў таму, 6 лютага 1757 года, нарадзіўся польскі пісьменнік, публіцыст і гісторык Юльян Урсын Нямцэвіч, які ў час паўстання 1794 года супраць царскай Расіі быў ад’ютантам і сакратаром Тадэвуша Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання Юльян Урсын Нямцэвіч два гады правёў у зняволенні ў Петрапаўлаўскай крэпасці, а пасля вызвалення разам з Касцюшкам выехаў у ЗША, быў асабіста знаёмы з Джорджам Вашынгтонам. Але пасля смерці бацькі ў 1802 годзе ён зноў вярнуўся ў Скокі.

Юльян Нямцэвіч прымаў удзел і ў паўстанні 1830–1831 гадоў, але вызначыўся і як пісьменнік. Ён — аўтар раманаў «Два паны сяцёхі», «Ян з Тэнчына», а ў адной з кніг апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё беларускіх сялян.

Камянецкі раён, як і Брэсцкі, таксама багаты на архітэктурныя помнікі. Сваёй прыгажосцю і гістарычнымі помнікамі нас прывабіў невялічкі старажытны гарадок Высокае, размешчаны на рацэ Пульве. Адміністрацыя мясцовага сельскагаспадарчага каледжа гасцінна прадставіла нам месца для начлегу ў студэнцкім інтэрнаце.

Высокае. Троіцкі касцёл, 1603 г.

Горад Высокае вядомы яшчэ з XIV стагоддзя, і да 1939 года насіў назву Высока-Літоўск. У 1494 годзе гораду было даравана Магдэбургскае права і герб. Побач з інтэрнатам, праз вуліцу, узвышаецца прыгожы касцёл, пабудаваны ў стылі барока ў 1603 годзе.

Высокае. Палац Патоцкіх

З 1647 года Высока-Літоўск належаў Сапегам, якія ў 1678 годзе заклалі прыгожы замак. У час вайны з Масковіяй замак неаднойчы гарэў і разбураўся, і на сёння ад яго зберагліся толькі ўязныя замкавыя вароты. Непадалёк ад замка Аляксандр Сапега пабудаваў манастыр баніфратаў, які збярогся да нашага часу.

Высокае. Руіны манастыра баніфратаў

Адным з цікавых аб’ектаў, які б мог сёння прывабліваць у Высокім турыстаў, з’яўляецца палац, што быў пабудаваны ў 1816–1820 гадах графіняй Пелагеяй Патоцкай. Гэты цудоўны помнік архітэктуры ў даволі непрыглядным стане некалькі гадоў таму быў прададзены ўласніку. Той агарадзіў палац высокім тынам, з-за якога чуўся брэх вартавых сабак. Давялося здымаць палац здалёк. А чаму б дзяржаве самой ні ўзяць гэты палац пад апеку, адрэстаўраваць яго? На лядовыя палацы грошай хапае, а на гістарычныя помнікі няма?

Высокае.Рэшткі брамы Сапегаў ля става

У цэнтры горада ўзвышаецца Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1869 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У 1888 годзе на службу ў гэты праваслаўны храм прыязджаў з сям’ёй расійскі імператар Аляксандр II.

Высокае. Руіны сінагогі

Некалі ў Высокім жыло шмат яўрэяў і была цагляная сінагога, ад якой сёння засталіся адны руіны. Перад ёй можна ўбачыць помнік, на ім на беларускай, англійскай і яўрэйскай мовах напісана, што тут увосень 1941 года нямецка-фашысцкімі акупантамі былі забітыя 320 яўрэяў, а 2500 чалавек вывезеныя ў нямецкі канцлагер Трэблінка.

На паўднёвы захад ад Высокага знаходзіцца вёска Воўчын. Упершыню яна згадваецца ў XVI стагоддзі. Адным з гаспадароў Воўчына быў князь Казімір Чартарыйскі, дачка якога, Канстанцыя, выйшла замуж за графа Станіслава Панятоўскага, бацьку Станіслава Аўгуста Панятоўскага, будучага апошняга караля Рэчы Паспалітай, вялікага князя ВКЛ. Станіслаў Панятоўскі пабудаваў тут палац і касцёл Тройцы, першы камень якога быў закладзены ў 1729 годзе, а завяршылася будаўніцтва ў 1733-м. У 1732 годзе ў Воўчыне і нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Воўчын. Касцёл — магільны склеп, дзе ў крыпце знаходзіліся парэшткі Станіслава Панятоўскага. 1729 г.

Памёр апошні кароль у Санкт-Пецярбургу ў 1798-м, а ў 1938 годзе рэшткі Станіслава Аўгуста былі перанесены ў крыпту воўчынскага касцёла, дзе захоўваліся да 1994-га. Затым яны былі перавезеныя ў Варшаўскі кафедральны касцёл.

Вёска Воўчын. Царква Святога Мікалая. ХVIII ст.

Сёння вядзецца рэканструкцыя касцёла — выдатнага, прыгожага помніка архітэктуры. Побач з ім знаходзіцца будынак плябаніі, а непадалёку ўзвышаецца царква Святога Мікалая, пабудаваная ў XVIII стагоддзі. З іншых помнікаў даўніны вёскі можна прыгадаць будынкі сінагогі, гміны, вадзянога млына.

Вёска Паніквы. Успенская царква. 1791 г.

У вёсцы Паніквы мы наведалі і сфатаграфавалі самы заходні на тэрыторыі Беларусі праваслаўны храм Успення, пабудаваны ў 1791 годзе.

У невялічкай вёсцы Такары, якая знаходзіцца побач з дзяржаўнай мяжой, ёсць царква Святога Міхаіла Архангела, пабудаваная ў 1816 годзе.

Вёска Такары. Царква Святога Міхаіла Архангела. 1816 г. 

Святаром у ёй служыў Макар Ігнатоўскі, бацька вядомага беларускага вучонага — гісторыка, прафесара, акадэміка, першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, які шмат зрабіў для беларускай навукі. Дзякуючы яму быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён — аўтар шматлікіх прац па гісторыі Беларусі, асаблівае месца сярод якіх займае яго праца «1863 год на Беларусі».

Усевалад Ігнатоўскі

Былы галоўны рэдактар «Новага Часу», гісторык Аляксей Кароль называў гэтую працу «першым у нашай нацыянальнай гістарыяграфіі і грунтоўным навуковым даследаваннем паўстання 1863–1864 гадоў». З цягам часу сталінскія сатрапы залічылі Усевалада Ігнатоўскага ў шэрагі «ворагаў народа». Пачалося цкаванне, выклікі ў АГПУ, допыты. Не вытрымаўшы здзекаў, Усевалад Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам. Пахавалі яго ўпотай ад усіх, раніцай на Вайсковых могілках Мінска. Не пакінулі ў спакоі і сям’ю вучонага: на 8 гадоў сталінскіх лагераў была асу­джана яго жонка, а сыны — Юры і Валянцін — расстраляныя.

Сёння большасць жыхароў Беларусі могуць назваць цікавымі для турызму толькі такія славутасці, як Мірскі замак і Нясвіжскі палац. Вынікі нашых падарожжаў дазваляюць сцвярджаць: беларуская зямля вельмі багатая на гістарычныя помнікі архітэктуры, старажытныя сядзібна-палацавыя комплексы. Яны маглі б прывабіць шматлікіх турыстаў і прыносіць вялікі прыбытак у казну дзяржавы. Але для гэтага не хапае волі і жадання тым, хто сядзіць «наверсе» і абавязаны клапаціцца пра гэта. З цягам часу многія з помнікаў, нікім не дагледжаныя, паступова прыходзяць у заняпад, разбураюцца, што не павінна быць.



Каментаваць