Прыгажосць і веліч сівой даўніны

5 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі спакойна і неяк незаўважана адчынілася выстава “Алтарная скульптура і мастацкія тканіны XVII–XIX стст. з калекцыі НММ.
 



Анёлы з Гарадца на Быхаўшчыне, святыя Ігнат і Францішак Ксаверый з Гродзеншчыны.


Анонс на сайце музея апярэдзіў дату ўрачыстага адкрыцця экспазіцыі. У прысутнасці каталіцкага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча яна адбудзецца 14 снежня а 17 гадзіне, куды мы і запрашаем ахвотных. Працаваць яна будзе да 21 студзеня, а наведаць яе можна ўжо зараз. “Мы штогод рыхтуем калядныя падарункі для нашых гасцей, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Ярашэвіч, вядомы спецыяліст па гісторыі беларускай скульптуры. У мінулым годзе ў святочны час музей прапанаваў наведнікам калекцыю Багародзічных абразоў, у гэтым з фондаў да ўвагі аматараў прыгожага з’явіліся не экспанаваныя ўжо больш за 15 год (а большасць паказаныя ўпершыню) скульптуры і тканіны — пераважна помнікі з каталіцкіх і уніяцкіх святыняў.

Аляксандр Ярашэвіч: “Такой выставы не было больш 15 год…


Заснавальнікі класічнай мастацтвазнаўчай школы ў Вене на чале з Алаізам Рыглем сцвярджалі, што стваральнікі прыгожага ў творчасці кіруюцца надзвычайнай, ці не ад Бога дадзенай “воляй мастацтва, якая атрымоўвае яскравае ўвасабленне ў дэкаратыўнай арнаментыцы. Сваёй у кожнай культуры. Вытанчана прыгажосць беларускай храмавай мастацкай разьбы склала славу нацыянальнай сніцарскай школы XVII стагоддзя. У часы катастрафічнай вайны з Масковіяй сярэдзіны XVII стагоддзя майстры-рамеснікі, вывезеныя ў маскоўскі палон войскамі Аляксея Міхайлавіча “Цішайшага зрабіліся жаданай здабычай нападнікаў з усходу. Створаныя імі карункавыя ўпрыгажэнні іканастасаў у цэрквах Маскоўскай Русі атрымалі сімвалічную назву “беларускай рэзі, брэнд у гісторыі культуры Ўсходняй Еўропы.

  Св.Кінга – апякунка каралеўскай дачкі Кунегунды, скульптура з Кобрына.


І, хаця арнамент вытанчанага малюнку квітнее ў вышыўцы экспанаваных арнатаў (адзін — з фрагментам слуцкага пояса) і на разьбяных адзеннях святых, гледачоў чакае не дэкаратыўнае буянне пазалочаных кветак і раслін старажытных іканастасаў, а строгая пластыка постацяў скульптур з алтароў. У прыцемненым асвятленні на фоне белых сцен манументальныя шэрагі святых міжволі нагадваюць экспазіцыі антычнай скульптуры — Парфенона ў Лондане ці Пергамскага алтара ў Берліне. Непераадольная моц манументальнай пластыкі прымушае спыніцца ў захапленні.

  Св.Захарыя — экспанат даваеннага Беларускага музея Луцкевіча ў Вільні (вывезены з-пад Ваўкавыска).



За кожным помнікам — кавалачак гісторыі, працягвае свой каментар Аляксандр Ярашэвіч. Залочаная скульптура арыстакратычнай жанчыны, св.Кінга з Кобрына — напамін пра дачку караля Рэчы Паспалітай  Аўгуста ІІІ  (1696–1763) і Марыі Язэфы Кунегунду, тэзаімённай апякункай якой яна з’яўлялася. Простанародная постаць анёла і скульптурная група “Дабравесце Захарыі — рэдкія ўзоры з калекцыі першага Беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні, прывезеныя ў Мінск яго захавальнікам мастаком Пётрам Сергіевічам у 1946 годзе, пасля гвалтоўнай ліквідацыі новай савецай уладай знакавай культурнай установы ў нашай старажытнай сталіцы…

Укрыжаванне 1696 года з Ваўкавыскага раёна, падпісанае майстрам Казімірам Круповічам — прыклад выяўлення аўтарскага “я ў пераважна ананімнай творчасці мастакоў, што працавалі для касцёлаў і цэркваў, але ўжо адчувалі гонар за здольнасць ажывіць косную фактуру матэрыяла… Самотны скуты Хрыстос, святы ў рызах узору усходняй царквы, рысамі падобны да св.Язафата Кунцэвіча, вытанчаныя картушы з маскаронамі са славутага ўніяцкага манастыра ў Быцені, у якім Кунцэвіч быў настаяцелем — увасабленні грэка-каталіцкай традыцыі, яшчэ адной грані шматаблічнай беларускай культуры.

У цэнтры — работа майстра Казіміра Круповіча “Укрыжаванне 1696 г.



Упершыню на выставе яе аўтары (а канцэпцыю распрацоўвала кіраўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Алена Карпенка), падаюць звесткі пра паходжанне твораў. Раней музейшчыкаў спыняла боязь з’яўлення прэтэнзій па вяртанні твораў на месцы іх паходжання. Але храмы ў большасці зачыненыя, знішчаныя, пераробленыя, а супрацоўнікі музея заслугоўваюць толькі падзякі за выратаванне твораў мастацтва ў часы атэістычнай навалы. Наведвальнікі здолеюць звязаць шэдэўры са сваімі малымі радзімамі. Кобрын, Шэрашава, Наваградак, Будслаў — адрасы ў асноўным Заходняй Беларусі: на ўсходзе рэлігійнае мастацтва Саветы амаль цалкам знішчылі разам з храмамі яшчэ да апошняй вайны. Толькі два анёлы з Быхаўшчыны ўзносяцца ў струмянях бязважкіх, бы не з дрэва выразьбленых хітонаў — частка колішняй алтарнай кампазіцыі. Каб уявіць, як урачыста выглядалі велічныя алтары, убраныя шэрагамі дэкаратыўных калонаў і каскадамі разьбяной дэкарацыі ў бляску срэбра і пазалоты прыведзены здымкі нешматлікіх захаваных алтароў у Пінску, Волпе, Новай Мышы.

Тканыя арнаты з фрагментам слуцкага пояса.


Так адбылася падзея: 30 скульптур з паўтысячнай калекцыі старадаўняй пластыкі на 2 месяцы пакінулі фондасховішчы, каб нагадаць пра ўзнёслыя старонкі нястрачанай спадчыны. І паказаць, што экспазіцыя старога беларускага мастацтва, што значна павялічылася ў апошняе дзесяцігоддзе ў новым корпусе галоўнага нацыянальнага музея краіны, яшчэ мае магчымасці папаўняцца шэдэўрамі майстроў мінулых стагоддзяў.

Анёл з лютняю з Шарашова.
 

Каментаваць