«Гімназія № 13» будзе выдадзена па-беларуску

Аповесць «Гімназія № 13», якую напісалі нашы землякі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, займае знакавае месца ў дзіцячай літаратуры апошняга дзесяцігоддзя на постсавецкай прасторы.

Першае выданне гэтага твору ў суседняй Расіі адбылося ў 2010 годзе, агульны наклад склаў больш за 20 тысяч асобнікаў.Выдавецтва «Янушкевич» рыхтуе да выхаду беларускага выданне «Гімназіі № 13». Але патрэбна наша з вамі дапамога.

Для гэтага ёсць некалькі важных прычын:

• Вытанчаны пераклад на беларускую мову вядомай пісьменніцы Раісы Баравіковай;
• Неверагодныя падзеі адбываюцца ў Мінску, у рэальнай гімназіі № 13;
• Твор прасякнуты беларускім фальклорам, гэта самы сапраўдны шляхаводнік па нашай старажытнай міфалогіі;
• У рэшце рэшт, абодва аўтары жывуць у Беларусі і вельмі зачакаліся публікацыі на роднай мове.

Сюжэт кнігі захоплівае з першых старонак. Некалькі гімназістаў трапляюць у вельмі незвычайную сітуацыю. Іх гімназія зачараваная — час тут спыніўся, а дапамогі і паратунку чакаць няма адкуль. Прыходзіцца добра паламаць галаву, каб вярнуцца ў нармальны свет, да звыклых рэчаў. Падлеткам з 7-га класа трэба наладзіць стасункі з дамавымі (тут яны называюцца «кабінетнымі»), угаварыць ката Ваську даць неабходныя інструкцыі як дзейнічаць, збіраць нязвыклыя артэфакты, але самае галоўнае — вырашыць тысячагадовую спрэчку Белых і Чорных язычніцкіх багоў. Што казаць, вас чакаюць папросту фантастычныя прыгоды і захапляльнае падарожжа ў чароўны свет міфаў і легенд.

На краўдфандынгавай платформе УЛЕЙ абвешчаны збор сродкаў на фінансаванне праекта. Кожны, хто падтрымае праект, будзе ўпісаны ў гісторыю беларускага выдання і можа атрымаць кнігу па выгадным кошце. У якасці падзякі з боку аўтараў і выдавецтва выстаўлены лоты з вельмі цікавымі бонусамі  і прапановамі, як, прыкладам, адмысловы квэст па сюжэце кнігі адьбо адкрыты ўрок у школе з удзелам знакамітых пісьменнікаў А. Жвалеўскага і Я. Пастэрнак.

Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць