Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Прывіды беларускай літаратуры ў кліпе Re1ikt

Кліп зняты да кампазіцыі, складзенай паводле апавядання рэпрэсаванага ў 1937 годзе беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага ў рамках мастацкага праекта інтэрнэт-партала TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія».

Мінскі world rock-гурт Re1ikt прэзентуе музычнае відэа «Пра чорныя вочы».

У кадры можна пабачыць унікальныя архіўныя дакументы: старыя фатаграфіі, выявы кніжных вокладак, даведку аб рэабілітацыі…

«Мы не хацелі рабіць нейкую пастаноўку, здымаць рамантычную гісторыю, а вырашылі прадэманстраваць сведчанні жыцця пісьменнікаў, выкрасленых з памяці людзей: што выдаваліся кнігі, што людзі захапляліся гэтай літаратурай», — кажа лідар гурта Re1ikt барабаншчык Аляксандр Дземідзенка.


Доўгі час Міхась Зарэцкі — аўтар шэрагу псіхалагічных апавяданняў, п’ес, аповесці «Голы звер», раманаў «Сцежкі-дарожкі» і «Вязьмо» — заставаўся сапраўдным літаратурным прывідам. Многія рукапісы Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» і працяг рамана «Крывічы». З гэтай прычыны музыкам нават давяшлося звяртацца ў архіў, каб знайсці хоць бы нейкія матэрыялы. Між тым, у 20-я гады мінулага стагоддзя Зарэцкі быў літаратурнай зоркай: яго творы карысталіся вялікім попытам, а вострыя выступы ў прэсе жыва абмяркоўваліся.



Канцэртная прэзентацыя праекта «(Не)расстраляная паэзія», у якім разам з Re1ikt паўдзельнічалі гурты Vuraj, TonqiXod, Dzieciuki, Akute, Naka, а таксама Vinsent, Кацярына Ваданосава, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян, Лявон Вольскі, адбудзецца ў сталічным клубе «Бруге» 29 кастрычніка.



Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Паводле прэс-службы Re1ikt



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-10-17 12:21:32
Дзякуй, моцны кліп. Але...
1. "рэпрэсаванага ў 1937 годзе..." Арыштаваны ("рэпрэсаваны") М. Зарэцкі быў яшчэ ўвосень 1936 г., а расстраляны, сапраўды, у кастрычніку 1937-га.
2. Выявы кніжных вокладак наўрад ці можна аднесці да "ўнікальных архіўных дакументаў".
3. Праект «(Не)расстраляная паэзія», "у якім разам з Re1ikt паўдзельнічалі..." Амаль усіх назвалі, але забыліся на Святлану Бень і Арцёма Залескага, якія падрыхтавалі кампазіцыю на вершы Ізі Харыка: https://www.youtube.com/watch?v=gnoiDSQ7JD8
4. Што такое "сталізм" (у тэгах)? :)
  • ВР
  • 2017-10-17 12:32:32
Усё б нічога (нават тэг паправілі), але практычна такі самы тэкст сёння з'явіўся быў на "Еўрарадыё". Аўтарства Машы Калеснікавай: http://euroradio.by/re1ikt-znyau-klip-pra-chornyya-vochy-ab-pryvidah-belaruskay-litaratury І чый тут прыярытэт? :))

Каментаваць