«Раскрылі крылы музы»

У Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя каталога калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Каталог выдадзены ў канцы кастрычніка гэтага года ў Мінску ў выдавецтве «Рыфтур» накладам 300 асобнікаў.



У Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя каталога калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Каталог выдадзены ў канцы кастрычніка гэтага года ў Мінску ў выдавецтве «Рыфтур» накладам 300 асобнікаў.

Кніга складаецца з двух раздзелаў — «Медальернае мастацтва» і «Выяўленчае мастацтва» (жывапіс, графіка, скульптура). У канцы кнігі змешчаны водгукі пра Старадарожскі музей выяўленчага мастацтва Анатоля Белага народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтва БССР Леаніда Шчамялёва, мастацтвазнаўца, сябра клуба «Спадчына» Анатоля Мяльгуя, беларускага паэта, перакладчыка Віктара Шніпа. У «Дадатку» да каталога прозвішчы мастакоў, графікаў, скульптараў.

Гэты каталог — першая спроба навукова асэнсаваць і паказаць грамадскасці тую вялікую справу, якую зрабіў Анатоль Белы для беларускай культуры і мастацтва. На старонках каталога змешчаны лепшыя творы вядомых мастакоў і працы іх маладых паплечнікаў. Іх аб’ядноўвае адданасць беларускай справе, пошук і адраджэнне рэальнай непадфарбаванай гісторыі беларускага краю.

Мастак і старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца адзначыў маштаб зробленага Анатолем Белым, які не маючы адпаведнай мастацкай адукацыі змог стварыць цікавы мастацкі музей, сабраць у ім вялікую калекцыю мастацкіх твораў. Для музея пабудаваў асобны двухпавярховы мураваны будынак.

Мастак Уладзімір Мелехаў звярнуў увагу на тое, што будучы на пасадзе старшыні клуба «Спадчына» на працягу 27 гадоў, Белы здолеў ператварыць яго ў сапраўднае навуковае таварыства, дзе з лекцыямі, дакладамі, паведамленнямі выступалі вядомыя беларускія вучоныя, пісьменнікі, гісторыкі, публіцысты, мастакі, артысты, праводзіліся ўсебеларускія дыктоўкі і іншыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Музей у Старых Дарогах наведвалі амбасадары ЗША, Чэхіі, Швецыі.

Журналістка, выдавец, грамадская дзяячка і ўкладальніца каталога Святлана Белая распавяла пра свайго тату як краязнаўца, калекцыянера, вучонага, стваральніка музея. «Ён шчыра і самаахвярна рабіў і робіць шмат па захаванню спадчыны Беларусі», — сказала яна ў заключэнне.

Каталог «Раскрылі крылы музы» паклаў пачатак выданню серыі кніг, прысвечаных гісторыі мастацтва Беларусі з глыбокай старажытнасці і да нашых дзён.


Аб 11 гадзіне вечара 14 лістапада ад цяжкой анкалагічнай хваробы памёр Анатоль Белы — вядомы беларускі гісторык, заснавальнік музея ў Старых Дарогах. Дзякуй Богу, ён яшчэ паспеў пабачыць кнігу, у якой расказана аб галоўнай справе яго жыцця — Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва. Мы смуткуем аб сыходзе Анатоля Белага – выбітнага дзеяча беларускага адраджэння найноўшага часу. Але на ўсцяшэнне нам і нашчадкам яго музей — скарбніца беларушчыны.
 

Каментаваць