Распрацоўваецца рэестр экскурсійных маршрутаў

 У Беларусі распрацоўваецца рэестр экскурсійных маршрутаў, паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Вячаслаў Чарноў 21 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

 У Беларусі распрацоўваецца рэестр экскурсійных маршрутаў, паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Вячаслаў Чарноў 21 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, у рэестр будзе ўключаная дакументацыя аб усіх існых у краіне экскурсійных маршрутах. Цяпер іх налічваецца больш за тысячу, але запатрабаваных у турыстаў "не так шмат". Многія маршруты адрозніваюцца вельмі мала — толькі месцам адпраўлення, сказаў Чарноў. Больш за тое, нярэдка складаецца сітуацыя, калі дзяржорганы неаднаразова фінансуюць працу па стварэнні фактычна аднаго і таго ж маршруту.

Вядзенне рэестра дазволіць выключыць падобныя сітуацыі. Чакаецца, што рэестр будзе размешчаны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Як паведаміла дырэктар турыстычнай кампаніі "Віяполь" Галіна Патаева, Нацыянальнаму агенцтву па турызме плануецца падаць турыстычныя пашпарты малых гарадоў: інфармацыю пра іх славутыя мясціны, ацэнку інфраструктуры. Пашпарты распрацаваныя студэнтамі Белдзяржуніверсітэта для тых гарадоў, у якіх ёсць каштоўная гісторыка-культурная спадчына, — прыкладна для 12 гарадоў кожнай вобласці. Напрыклад, у Мінскай вобласці гэта Валожын, Нясвіж, Чэрвень, Івянец, Ракаў. Турыстычныя пашпарты малых гарадоў таксама плануецца перадаць у райвыканкамы.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Каментаваць