Раздзяўбаі з Сярэднявечча

Што такое 15 год для гурта сярэднявечнай музыкі? «Гэта цяжка, — адзначае лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі. — За 15 год, падаецца, мы павінны былі пасталець, аднак дурноты, як было, так і не прайшло».



Гурту «Стары Ольса» ужо 15 год. Адзначацца гэтая падзея будзе неўзабаве, вялікім канцэртам 16 лістапада. А пакуль музыкі гурта падвялі вынікі сваёй дзейнасці для журналістаў у звыклым месцы — страўні «Камяніца». Было бачна, што лідэру гурта Зміцеру Сасноўскаму не вельмі жадалася распавядаць пра тое, які «Стары Ольса» харошы, і падводзіць вынікі дзейнасці. Але «па пратаколу» было трэба.

"Па пратаколу трэба": Зміцер Сасноўскі напачатку прэзентацыі быў, нібы шкаляр ля дошкі

Што такое 15 год для гурта сярэднявечнай музыкі? «Гэта цяжка, — адзначае Сасноўскі. — За 15 год, падаецца, мы павінны былі пасталець, аднак дуры, як было, так і не прайшло». Мы не становімся больш сталымі, адказнымі, паважлівымі».

Тым не менш, па ягоных словах, «Стары Ольса» зараз усё больш і больш ператвараецца ў нейкую «навуковую лабаратрыю». Музыкі шараць па архівах, адкопваючы нейкія старажытныя музычныя творы, выкалупваюць тэксты і ноты, і з гэтага атрымліваецца сапраўды аўтэнтычная сярэднявечная і старажытная музыка.

Апошнім альбомам гурта застаецца прэзентаваны напрыканцы мінулага года дыск барочнай палацава-камернай музыкі «Santa Maria». Музыкі вельмі задаволеныя гэтай працай. «Па гучанні гэта самы якасны альбом. Я нядаўна праслухоўваў старыя запісы «Ольсы», дык параўнаць першыя запісы і «Santa Maria» — гэта неба і зямля», — адзначае Ілля Кубліцкі. І дадаў, што гурту «не хапае якаснага Live-альбому», бо жывое выкананне нічым не заменіш. «Існуюць такія думкі ад нашых фанатаў, што на канцэрце мы гучым лепш, чым у альбоме» — распавёў ён.

Ілля Кубліцкі: На канцэртах мы гучым лепш, чым "у запісе"

І гэта ёсць некаторай праблемай. Можна было б зрабіць, напрыклад, якасную «анталогію «Старога Ольсы» да 15-годдзя (хоць музыкі і «абяцалі падумаць над ідэяй да 20-годдзя»). Але гэта для музыкаў не так цікава, і, канешне, гэта страта часу. Ды й сэнсу няма, лічыць Сасноўскі. «Нашыя продкі напісалі столькі цікавай музыкі, што няма сэнсу вяртацца да старога, — лічыць Зміцер Сасноўскі. — з «Полацкага сшытку», з 71 кампазіцыі зыграная 21, астатнія не зыграныя. Прычым, «Полацкі сшытак» дазваляе адную і тую ж кампазіцыю сыграць па-рознаму, розным музыкам. І калі б мы вярнуліся да гэтых кампазіцый, мы б зыгралі іх усё роўна нанова, зусім па-іншаму».

Зміцер Сасноўскі: Нават старыя рэчы па0ранейшаму не зыграеш

«А наконт «Santa Maria» — усё вельмі проста. Гэты альбом мы ўпершыню запісалі самі. Самі скінуліся грашыма, не былі абавязаныя ніводнаму прадзюсэру, нам ніхто не казаў: «Вось гэта гучыць добра, а гэта кепска, гэта змяніце, гэта перапішыце», што было ўсе гады да «Santa Maria». Мы самі ўзялі свае пенёндзы, самі ўклалі, за свае грошы запісалі, і выдалі. І гэта першы альбом, які сведчыць пра нашыя мастацкія густы, а не пра густы тых, хто ўкладаў грошы ў ранейшыя альбомы», — тлумачыць Сасноўскі.

Дарэчы, на прэзентацыі «Santa Maria» яшчэ ў мінулым годзе Сасноўскі абяцаў, што альбом будзе складацца як бы з дзьвух частак, і другая частка выйдзе, калі будзе прададзены наклад першага дыска. Пакуль што гэты другі альбом не выйшаў. І зусім не таму, што ад сваёй творчасці і ўласнага прадзюсарства музыкі не атрымалі аддачы. Наадварот, усім зараз карціць сесці і запісаць другую частку, таму што яна — песенная, а не інструментальная. «Інструменталкай» музыкі займаюцца год шэсць без перапынку, і, як адзначыў Сасноўскі, ужо засумавалі па песнях.

Сасноўскі: Мы засумавалі па песнях

«У нас зараз багата песняў, новых песняў, якія сабраныя ў праграму і прыблізна называюцца «Застольныя песні беларускага рыцарства» — тое, што спявалася за сталом. Аднак, ёсць дзве практыкі да запісу альбома. Першая — ты садзішся ў студыю і запісваеш альбом, а потым пачынаеш граць песні на канцэртах. І другая, калі ты граеш гэта спачатку на канцэртах трыццаці, а потым садзішся ў студыю і пішаш альбом. На нашую думку, другая практыка лепшая. Таму што ты запішаш адно, а па хадзе канцэртаў усё змяняецца: усталёўваюцца, прыціраюцца інструменты, аранжыроўкі, ідэі. Таму мы тое, што зараз разабралі, наступны сезон «адкатаем» на канцэртах, і зімою 2015-16 гадоў запішам», — адзначае Сасноўскі.

"Сярэднявечная частка" "Старога Ольсы": дударка Марыя Шарый, бубнач-дудар Андрэй Апановіч і проста бубнач Сяргей Тапчэўскі

Такім чынам, «застольных песняў» нам у выглядзе кампакт-дыску чакаць яшчэ год. Тым большая нагода прыйсці на канцэрт «Старога Ольсы», дзе гэтыя песні якраз патрапяць пад такую «абкатку».

З песнямі ёсць і яшчэ адна праблема. Як заўважыла Марыя Шарый, песні даводзіцца перакладаць, бо напісаныя яны альбо на польскай, альбо лацінскай мовах, якія тады разумелі ўсе беларусы, але зараз — воль бяда! — для нас гэтыя мовы сталі «кітайскай граматай». «Зараз мы не можам дазволіць сабе спяваць песні на лацінскай мове ці па-польску, бо большасць не будзе разумець — дадаў Сасноўскі, — мы не можам Мацея Стрыйкоўскага, з якога ўжо пяць урыўкаў з ягонай «Хронікі» праспявалі, спяваць у арыгінале. Даводзіцца перакладаць».

Марыя Шарый: Песні даводзіцца перакладаць, а перакладае іх Сасноўскі.

Карацей, наперадзе ў «Старога Ольсы» вельмі багата працы і задумак. Але галоўныя рэчы і новыя песні можна будзе пабачыць і пачуць на вялікім сольным юбілейным канцэрце, які пройдзе 16 лістапада ў ДК МАЗ а 19-й гадзіне. «Гэта будзе вялікі канцэрт — лепшыя кампазіцыі з усіх альбомаў. Будзе і песенная, і танцавальная, і камерная музыка, дзе будзе саліраваць рэнесансная лютня. Зразумела і безумоўна, будзе шмат новых песень, якія яшчэ не запісаныя», — паведаміў Ілля Кубліцкі.

Пакуль Кубліцкі весяліцца, Сасноўскі думае: чым жа яшчэ здзівіць публіку?

А калі ўжо да 15-годдзя раздзяўбайныя музыкі са «Старога Ольсы» не выдалі новы альбом, то трэба ж нешта фанам прапанаваць? І ўпершыню за ўсю гісторыю гурта былі выпушчаныя фірмовыя майкі «Старога Ольсы» з лагатыпам каманды і вокладкай другога альбому, як эмблемай. Іх таксама можна будзе набыць на канцэрце.

Пасля імпрэзы гурт выправіцца ў падарожа з юбілейнымі канцэртамі па рэгіёнах. Ужо 23-га лістапада іх чакае Гродна, 13 снежня — Гомель. А там — сачыце за афішамі ў сваіх гарадах.

Каментаваць