Развітанне з летам на сядзібе Якуба Коласа (фота)

Заключны летні канцэрт акустыкі Sky Fest прайшоў 24 жніўня ў музеі Якуба Коласа.

Па традыцыі ён уключыў у сябе музычную і паэтычную часткі. На першай выступілі гурт Martin S., Яўген Барышнікаў і дуэт Сяргея Башлыкевіча і Ганны Рубчэні. А свае вершы чыталі паэты Андрэй Адамовіч і Павел Горбач.

Martin S. даволі рэдка пачуеш у акустычным варыянце, бо напрамак у музыкаў больш электронны і цяжкі. Тут жа атрымалася даволі лірычнае ды цёплае гучанне.


Андрэй Адамовіч вядомы за сваю незвычайную паэзію, дзе ў творах зусім няма рыфмы. За зборнік вершаў «Дзень паэзіі смерці дзень» уганараваны прэміяй «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У 2015 творца выпусціў кнігу «Таўсьціла і лешч», якая праз год атрымала 3 месца ў прэмі імя Ежы Гедройца. Творы Адамовіча перакладзены на літоўскую, польскую, грузінскую і іншыя мовы.


Яўген Барышнiкаў спалучае тэхнічнасць акампанементу, у меру эмацыйную падачу і глыбока прасякнутыя «тутэйшасцю» тэксты. Музыка спрабуе выйсці па-за асады стэрэатыпных уяўленняў пра чалавека з акустычнай гітарай. Гэта не механічны паўтор, а штораз шчырае перажыванне песняў, узнаўленне пачуцця і ідэі на вачах у аўдыторыі.


Даволі малады Павел Горбач, лаўрэат паэтычнага конкурса «Рухавік», піша вершы на грамадскія і палітычныя тэмы. Паэт амаль у кожным творы іранічна падкрэслівае жыццё беларуса, а таксама піша на трасянцы. Павел Горбач заснаваў сваю культурную пляцоўку пад назвай «Алк Сядзіба».


Апошні і, верагодна, самы доўчаканы госць — Сяргей Башлыкевіч разам з Ганнай Рубчэняй прадставіў некалькі новых песень праекта Leibonik. Гурт назвалі «Адкрыццём года ў беларускай музыцы» паводле прэміі «Героі году-2014».

Сёлета Башлыкевіч выступаў у конкурснай праграме фестываля «Басовішча».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць