Re1ikt вернуцца да рок-каранёў

Беларускі гурт Re1ikt паўдзельнічае ў трыб'юце легенды сусветнай рок-сцэны Alice In Chains 7 красавіка. Музыкі такім чынам вырашылі ўшанаваць памяць былых удзельнікаў амерыканскай каманды вакаліста Лэйна Стэйлі і бас-гітарыста Майка Стара, а таксама ўзгадаць пра вытокі сваёй творчасці.



Было вельмі прыемна, што аб нашым удзеле ў трыб'юце Alice In Chains арганізатараў папрасілі прыхільнікі Re1ikt. У пачатку нашага шляху мы рабілі кавэры на Alice in Chains, але не толькі таму, што нам вельмі падабалася іх музыка. Хацелася расказаць і паказаць творчасць культавага гурта, па якім у 1990-я вар'яцела ўся Амерыка, таму што ў Беларусі іх мала ведалі, — распавядае лідар Re1ikt Аляксандр Дземідзенка, — Зараз у Мінску праводзіцца шмат трыб'ютаў, якія, на наш погляд, адмоўна адбіваюцца на развіцці беларускай сцэны. Некаторыя гурты ператвараюцца ў кавэр-бэнды замест таго, каб эксперыментаваць і рабіць нешта сваё. Бо аб беларускай музыцы ведаюць дзякуючы такім гуртам, як "Ляпис Трубецкой", "Троіца" і Gods Tower, а не камандам, якія перайгрываюць замежныя рок-хіты".

Зараз гурт Re1ikt працуе над стварэннем новага альбома. На дадзены момант гатовыя некалькі новых песеняў. Музыкі лічаць, што наступны дыск будзе лепшым за іх гісторыю (па якасці матэрыялу і запісу). За час сваёй дзейнасці каманда накапіла вялізны канцэртны і студыйны досвед, які будзе ўкладзены ў новы альбом. Дыск будзе складзены з аўтарскіх кампазіцый і народных песен у "рэліктаўскай" аранжыроўцы. Адну з народных песняў гурт прывёз з восеньскага тура па Беларусі. Музыкам яе напела бабуля з мястэчка Халопенічы.

Трыб'ют Alice in Chains пройдзе ў клубе "Графіці" 7 красавіка. Таксама ў мерапрыемстве прымуць удзел акустычны дуэт Hummuskiss з Мінска і пскоўскі гурт "Слёзы Счастья".

Бліжэйшыя выступы гурта Re1ikt:

5 красавіка — канцэрт у музеі Якуба Коласа

12 красавіка — кватэрнік у Мінску

14 красавіка — сольны канцэрт у TNT Rock Club

Каментаваць