Re1ikt запрашае разам выправіцца на гастролі

Незвычайны рок-канцэрт-экскурсія адбудзецца ў мінскім клубе «Графіці» 10 чэрвеня. Зладзіць яго беларускі гурт Re1ikt, якому падчас сваёй дзейнасці давялося жыць у трох гарадах — Светлагорску, Гомелі і Мінску, а таксама аб’ехаць з выступамі мноства беларускіх гарадоў і мястэчак.



Беларускі гурт Re1ikt


Гэта будзе ўжо другі наш канцэрт-экскурсія, так бы мовіць, на біс. Першы адбыўся каля месяцу таму і быў прымеркаваны да дню экскурсаводаў. Мы распавядалі пра тое, як пачыналі, як прыдумлялі свае неверагодныя сцэнічныя касцюмы, пра такую з’яву, як, напрыклад, рок-клуб у савецкім сэнсе гэтага слова, якіх цяпер, напэўна і не існуе.

Атрымалася вельмі весела, таму Re1ikt вырашыў пераўвасобіцца ў рок-экскурсаводаў яшчэ раз. Але дубляваць мінулы канцэрт музыкі не збіраюцца. Калі мінулым разам хлопцы зрабілі акцэнт на тым, якімі былі першыя крокі маладых рок-гуртоў у канцы 1990-х — пачатку 2000-х, дык гэтым разам Re1ikt распавядзе пра гарады і фестывалі, якія музыкам давялося наведаць.

Мы выступалі ў вельмі незвычайных месцах — напрыклад, у слуцкім доме шлюбаў, доме культуры, які раней быў касцёлам. У заслаўскім музеі давялося нават пайграць на экспанатах — старадаўніх беларускіх музычных інструментах.

А таксама гралі на розных фэстах — у Літве, ва Украіне і Польшчы — з сусветнавядомымі рок-музыкамі.

Натуральна, што нашы прыхільнікі, не могуць ездзіць з намі на гастролі, таму мы хаця б віртуальна выправімся ў своеасаблівы тур, дзякуючы здымкам і відэа.

Музыкі плануюць распавесці шмат закулісных гісторый, паказаць цікавыя прылады і зайграць старыя ды новыя песні. Re1ikt спадзяецца, што такая вандроўка стане вакном у свет рок-музыкі для тых, хто, на жаль, не можа павандраваць па іншых гарадах і краінах.

10 чэрвеня клуб "Графіці" (зав. Калініна, 16)

Уваход: 19:00

Пачатак канцэрта: 20:00

Білеты: 40 000 – папярэдне; 50 000 - у дзень канцэрта

Інфалінія: +375 (29) 638-4444; +375 (33) 638-4444; +375 (25) 638-4444

Skype: diskoteq; Google: diskoteq; ICQ: 531-07-353

Каментаваць