Re1ikt зладзіць рок-экскурсію

Беларускі гурт Re1ikt прыме ўдзел у штогадовым «Фэсце Экскурсаводаў». Музыкі плануюць паўстаць у ролі гідаў і распавесці слухачам аб гарадах, дзе гурту давялося жыць, запісваць альбомы і выступаць.



Апроч розных гісторый з жыцця калектыву, гарадскіх рок-паданняў і дэманстрацыі фотаздымкаў наведвальнікаў чакае акустычны канцэрт гурта.
 

«Мы пачыналі яшчэ школьнікамі ў Светлагорску. Тады ў нас не было месцаў для рэпетыцый, таму даводзілася граць дзе заўгодна. Калі было цёпла, мы рэпетавалі на вуліцы. Потым гралі ў падвалах, гаражах, сушылках. Гэта было экстрэмальна, але весела. Потым мы трапілі ў светлагорскі рок-клуб, дзе былі сапраўдныя інструменты і апаратура, шмат гуртоў і кіраўнік Іваныч. У рок-клубе, дарэчы, адбыўся наш першы канцэрт», — распавядае лідар Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.
 

Пасля Re1ikt адправіліся ў Гомель, дзе запісалі два альбома і шмат чаму навучыліся. У нейкі момант хлопцы вырашылі пераехаць у Мінск, дзе плённа працуюць і дагэтуль.
 

«Людзі слаба ўяўляюць жыццё рок-музыкі. Як праходзяць рэпетыцыі, здымаюцца кліпы, ствараюцца вокладкі дыскаў. Нам захацелася распавесці аб гэтым, тым больш, што нам давялося жыць, працаваць і даваць канцэрты ў сталіцы і рэгіёнах», — падагульніў музыка.
 

«Фэст Экскурсаводаў» праводзіцца ў Мінску з 2008 года. Мэтай акцыі з’яўляецца прыцягнуць увагу людзей да тых гістарычных помнікаў і мясцін, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень. 
 

Дарэчы, сустрэцца з Re1ikt і пабачыць музыкаў на сцэне можна будзе і пасля «Фэсту Экскурсаводаў»: гурт дасць сольны канцэрт у галерэі Newday у Мінску 4 мая.

Каментаваць