Рэцэнзія

Двайнік Рамана Паланскага

«Прывід» — апошні фільм слыннага рэжысёра — можна ацаніць на 3,5 зорачкі па пяцізоркавай шкале.

Людзей, якіх пішуць за іншых кнігі, у нас называюць «літаратурнымі неграмі», а на Захадзе — «прывідамі». Жыццё прывідаў невядомае, уся пашана дастаецца іх героям. Колішні брытанскі прэм’ер Адам Лэнг (Пірс Броснан) наймае такога прывіда, каб той дапісаў ягоную біяграфію. Папярэдні пісьменнік загадкава загінуў.

Двайнік Рамана Паланскага

«Прывід» — апошні фільм слыннага рэжысёра — можна ацаніць на 3,5 зорачкі па пяцізоркавай шкале.

Людзей, якіх пішуць за іншых кнігі, у нас называюць «літаратурнымі неграмі», а на Захадзе — «прывідамі». Жыццё прывідаў невядомае, уся пашана дастаецца іх героям. Колішні брытанскі прэм’ер Адам Лэнг (Пірс Броснан) наймае такога прывіда, каб той дапісаў ягоную біяграфію. Папярэдні пісьменнік загадкава загінуў.

Герой (зляканы і стрыманы Юэн МакГрэгар) трапляе ў цэнтр палітычных інтрыг і страшных загадак.

У карціне Рамана Паланскага, якой рэжысёр кіраваў з турэмнай камеры, ажываюць шпегаўскія гісторыі ў духу Хічкока і выкрываюцца нягодныя палітычныя гульні. Але стужка, нягледзячы на ўяўную актуальнасць, — адвечны рэжысёрскі сюжэт пра жыхара гета ў варожых абставінах. Гэты месціч, як маленькі Раман, хаваўся ад эсэсаўцаў («Піяніст»), быў героем у вампірскім палацы («Баль вампіраў»), станавіўся ахвяраю паранойі («Жыхар»).

У «Прывідзе» нічога містычнага няма, калі не лічыць несастарэлай рэжысёрскай віртуознасці. Фільм — камерны палітычны трылер, пабудаваны як добры і забыты дэтэктыў. Толькі следчы ў такім дэтэктыве не адрозніваецца ад ахвяры. Толькі за шыбамі — сумна-трымценны дождж, палохае самотная выспа, а разгадка таямніцы каштуе заўжды задорага.

--------------------------------------------------------------------

Нястрыманая класічная школа

Сільвестр Сталонэ зрабіў баявік у духу 1980-х. Сталонэ запрасіў у фільм «Нястрыманыя» і іншых галівудскіх ваяроў. Бадзёрая і «нястрыманая» адзнака стужкі — 3 зорачкі з 5-ці.

Кампанія наёмнікаў на чале з Барні Росам змагаецца з кепскімі хлопцамі па ўсім свеце. Аднойчы героі атрымліваюць заданне правесці аперацыю ў дыктатарскай краіне. Але адзін ваяр з баявой каманды перайшоў на бок ворага. Барацьба пачынаецца.

Карціна Сільвестра Сталонэ «Нястрыманыя» — вяртанне ў залатыя часы 1980-х, калі кампутарныя эфекты не лезлі ў вочы, героі былі станоўчыя, а нягоднікі атрымлівалі па мордзе па поўнай праграме. У фільме ў галоўнай ролі здымаецца ганаровы «Рэмба» — Сталонэ. Запрошаны новыя героі боек: Джэт Лі, алімпійскі ўдзельнік Джэйсан Стэтхэм і — настальгічная радасць — старая гвардыя. У іранічна-сяброўскім эпізодзе з’явяцца тэрмінатар і губернатар Арнольд Шварцэнэгер, «моцны арэшак» Брус Уіліс. Асобная роля перабежчыка — у Дольфа Лундгрэна.

У кампаніі крутых хлопцаў — і Мікі Рурк, які ў 1980-я гады здымаўся ў аўтарскім кіно ды эратычных стужках. Але па вяртанні на вялікі экран Рурк абзавёўся тварам «Рэстлера», лапшовай фрызурай і жалезнымі фіксамі. У баявой кампаніі — самае тое.

Правераная каманда — яшчэ даволі бадзёрая. А бойкі без каскадзёраў, жыўцом — гэта вам не кампутарныя фіцюлькі.


Падрыхтаваў Андрэй Крыніцын

Каментаваць