Рэквіем па казачніку

Аўтар цыклу «Плоскі свет» Тэры Пратчэт памёр 12 сакавіка. На сайце Change.org, на якім збіраюць подпісы пад рознымі петыцыямі, пасля смерці пісьменніка пачалася незвычайная кампанія, арганізатары якой заклікаць Смерць вярнуць яму жыццё. 



І гэта невыпадкова. Адным з персанажаў фантастычных светаў Пратчэта была Смерць, якая забірала душы, калі пясок у гадзінніках, якія вымяралі жыццё, заканчваўся.

Пад зваротам на адрас Смерці падпісалася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, аднак, калі паглядзець геаграфію падпісантаў, можна лёгка вызначыць, што прадстаўнікоў былога СССР там адзінкі. Такая статыстыка з’яўляецца лепшай ілюстрацыяй таго, што нябачная берлінская сцяна дасюль падзяляе культурныя густы Заходняй і Усходняй Еўропы.

Прычым аўдыторыя аматараў Пратчэта на Захадзе сапраўды масавая — ад тынейджараў да пенсіянераў, што пацвярджаюць наклады кніжак (за 30 гадоў было прада­дзена каля 70 мільёнаў асобнікаў, што складае каля 1 працэнта ўсіх прададзеных у гісторыі кніжак у Вялікабрытаніі). І гэта не толькі банальны чытацкі інтарэс. Англійскі горад Wincanton у 2002 горадзе пабратаўся з Анк-Морпаркам — сталіцай фантастычнага свету, прыдуманага Пратчэтам.

У нашых шыротах (гэта можна лёгка заўважыць па каментарах на інтэрнэт-форумах) сагай пра Плоскі свет цікавіцца галоўным чынам частка маладой прасунутай інтэлігенцыі. Адзін з маскоўскіх журналістаў, які прыняў удзел у акцыі ўскладання кветак да брытанскага пасольства з нагоды смерці Пратчэта, адзначае, што ў асноўным прыйшлі людзі 24–25 гадоў. Усяго ў акцыі прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў асобаў.

Такая калізія, безумоўна, звязаная з тым, што творы Пратчэта першапачаткова ўзніклі як пародыя на жанр фэнтэзі, які ў СССР быў фактычна не вядомы. «Плоскі свет» паўстаў як проціяддзе дрэннаму фэнтэзі, паколькі ў канцы 1970-х гадоў жанр фэнтэзі зведаў вялікі ўсплёск, і вельмі шмат што з усяго гэтага паўтаралася (аўтары не прыўносілі ў жанр нічога новага). Пара першых кніг была пародыяй на фрагменты творчасці іншых пісьменнікаў, казаў сам Пратчэт.

Менавіта тыя дзве кніжкі — «Колер магіі» (1982) і «Вар’яцкая зорка» (1986) прынеслі славу сціпламу супрацоўніку прэс-службы энергетычнай кампаніі, за спіной якога была праца ў розных маленькіх рэдакцыях.

Добрыя продажы кніжак дазволілі Пратчэту заняцца прафесійнай працай літаратара і паспець да канца жыцця (пісьменнік памёр у 66 гадоў) напісаць цыкл пра «Плоскі свет», што складаецца з 40 кніжак без уліку яшчэ некалькіх кніжных серый. У 2009 годзе Брытанская каралева надала пісьменніку рыцарскі тытул за працу ў літаратуры.

З таго часу ўсе ведаюць пра існаванне «Плоскага свету» — планеты ў форме дыска, якая знаходзіцца на спінах чатырох сланоў. Апошнія, у сваю чаргу, стаяць на спіне велізарнай чарапахі (з адмысловага падвіду касмічных чарапах). На гэтай планеце пануе дзіўны лад не толькі таму, што тут у вясёлкі 8 колераў, а рэчка можа самазагарэцца падчас уздыму вады.

Гэты свет насяляюць розныя расы: тролі, гномы, эльфы, големы, вампіры, пярэваратні, зомбі. Пры гэтым усе яны яшчэ і змагаюцца за свае правы і роўнасць пры прыёме на працу. Так, мясцовая Гільдыя Злодзеяў, напрыклад, заключае з кліентам дагаворы, якія рэгулююць, як і колькі разоў ён можа быць абрабаваны, абкрадзены і г.д. Гільдыя таксама выдае ліцэнзіі сваім сябрам на аказанне паслуг па забойству. Фактычна, яна з’яўляецца асноўнай арганізацыяй, якая сочыць за грамадскім парадкам і выкананнем законаў.

Дарэчы, смерць Пратчэта выклікала шэраг цікавых дэбатаў наконт вытокаў таленту пісьменніка як фантаста. Напрыклад, «Guardian» піша, што разам з нябожчыкам назаўсёды на Захадзе адышла эпоха аўтараў, якія нарадзіліся падчас або пасля Другой сусветнай вайны. Маўляў, вельмі сціплыя бытавыя ўмовы тых часоў, недаступнасць тавараў кампенсавалася ў дзяцей багатым унутраным светам і фантазіяй.

Аднак галоўным козырам творчасці, які найбольш адрозніваў нябожчыка ад большасці пісьменнікаў, была ўсё ж не фантазія, а вельмі даступны, аднак пры гэтым глыбокі філасофскі гумар. Менавіта яму пісьменнік і быў у першую чаргу абавязаны сваім поспехам. Аналізуючы гумар Пратчэта, спецыялісты называюць яго нашчадкам лепшых традыцый брытанскага гумару, якому характэрны моцны гуманізм.

У некралогах на смерць пісьменніка правая прэса называла яго кантыніянцам, паколькі аўтар быццам прасоўваў ідэю пра рацыянальнасць веры. Левыя, у сваю чаргу, лічаць, што ва ўчынках і персанажах «Плоскага свету» можна лёгка знайсці метафары на супярэчнасці сучаснага капіталізму. Перш за ўсё пры гэтым спасылаюцца на твор «Going Postal» (2000), у якім адзін прайдзісвет за тое, каб не пайсці з жыцця, пагаджаецца стаць дырэктарам галоўнай паштовай канторы, якая з’яўляецца канкурэнтам манаполіі семафораў. Шмат хто напісаў, што гэта абвінаваўчы акт амаральнасці капіталізму.

Праўда, нават левыя выданні прызнаюць, што чытачам з-за прыступаў смеху цяжка ўла­віць антыкапіталістычнае пасланне Пратчэта. Таму, хутчэй за ўсё, пры ацэнках жыццёвага шляху нябожчыка лепш пагадзіцца з высновамі польскага часопіса «Polityka»: «Мы страцілі аднаго з нешматлікіх людзей на зямлі, які ведаў, як выклікаць у нас смех».

Каментаваць