Рытмы музычнага лета

Нягледзячы на тое, што традыцыйна ў айчынных выканаўцаў летні перыяд лічыцца часам канікул, або, у лепшым выпадку, перыядам выступленняў на свежым паветры (open air), музычнае жыццё краіны працягваецца: нацыянальная фанаграфія за летні час папоўнілася добрым тузінам цікавых рэлізаў. Зразумела, што ўсе іх ахапіць нельга, не хопіць аніякага друкаванага месца.



Нягледзячы на тое, што традыцыйна ў айчынных выканаўцаў летні перыяд лічыцца часам канікул, або, у лепшым выпадку, перыядам выступленняў на свежым паветры (open air), музычнае жыццё краіны працягваецца: нацыянальная фанаграфія за летні час папоўнілася добрым тузінам цікавых рэлізаў. Зразумела, што ўсе іх ахапіць нельга, не хопіць аніякага друкаванага месца. Таму сёння для агляду давялося адабраць толькі тры беларускія дыскі з тых, якія прадстаўляюць асноўныя кірункі сучаснай беларускай музычнай культуры — бардаўскую песню, меладычны неафолк-рок, сучасны рок авангарднай скіраванасці.

Гукавая дарожка даўжынёй у два гады

Добрым падарункам аматарам айчыннай бардаўскай песні мусіць стаць новы рэліз ад «Радыё Свабода», супрацоўнікі якога падрыхтавалі і выдалі зборны дыск «Сто бардаў Свабоды». Трэба адзначыць, што гэты альбом — цудоўны падарунак для ўсіх аматараў беларускамоўнай аўтарскай песні і сапраўднае выпрабаванне для музычных крытыкаў, якія наважацца напісаць нешта рацыянальнае пра выданне. Справа ў тым, што яго праграма ўтрымлівае не толькі сотню сталых і маладых выканаўцаў, але і рэкордную колькасць твораў — каля пяцісот песень! Па-іншаму быць не магло: вядучы папулярнай радыёперадачы «Барды Свабоды» Зміцер Бартосік сабраў пад адной вокладкай усіх удзельнікаў свайго праекта, якія былі ў яго студыі на працягу апошніх двух гадоў і ў ёй прадстаўлялі сваю песенную творчасць.

Традыцыйна для гэтага выдання, новы дыск прадстаўляе кіраўнік «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук, які сваім праграмным творам «Хор бардаў» акрэслівае сутнасць сучаснай беларускай бардаўскай песні, а таксама мэту праекта «Барды Свабоды». Зміцер Барстосік як натхняльнік і вядучы гэтай унікальнай радыёперадачы працягвае тэму і распавядае пра той шлях, які прайшоў праект за два гады, пра тое, што беларускіх бардаў аб’ядноўвае: «неабыякавасць да сваёй мовы, роднай гісторыі, да будучыні нашчадкаў...»

Канцэпцыя праекта і дыска пабудавана так, што слухачоў чакае знаёмства з будучыняй нашай бардаўскай песні, з маладымі выканаўцамі. Для іх гэты дыск — своеасаблівы дэбют у масавым фанаграфічным выданні, няхай сабе і некамерцыйнага кшталту. Мо таму маладыя выканаўцы падышлі да сваёй ролі суразмоўцаў і дэбютантаў з вялікай доляй адказнасці: іх песні не паўтараюць напрацоўкі куміраў — пачынальнікаў айчыннай бардаўскай песні. Творы ў выкананні маладых аўтараў па-свойму, з новых музычных і лірычных даляглядаў, раскрываюць тыя тэмы, якія хвалююць бардаў. Тут і філасофскі роздум над сэнсам жыцця, і хрысціянская тэматыка песень, як гэта адчуваецца ў творчасці Ганны Антонавай, і тонкі гумар з лірычным адценнем, які прысутнічае ў музычных творах Васіля Аўраменкі з Магілёва, і рок-н-рольны драйв, які падкрэслівае вострую сатыру Цімафея Авіліна. Цікава, наколькі разнастайныя асобы цяпер прадстаўляюць слухачам маладое крыло айчыннай бардаўскай песні! Напрыклад, той жа згаданы Ц. Авілін захапляецца беларускай этнакасмалогіяй, пра што ён надзвычай цікава распавядае ў гутарцы з вядучым праекта «Барды Свабоды».

Новыя тэматычныя і музычныя падыходы да аўтарскай песні можна адчуць і ў спевах суворага Міхася Бараноўскага, а таксама ўладальніка шырокага вакальнага дыяпазону Васіля Бартлава, і ў музычна-паэтычных беларускіх пераўвасабленнях ірландскага фальклору Алеся Чумакова, у фальклорных традыцыях, якія спалучаюцца з бардаўскімі спевамі Ірыны Дарафейчук.

Калі музычныя і паэтычныя пошукі маладых выканаўцаў супаставіць з творчасцю нашых улюбёных аўтараў-выканаўцаў старэйшага пакалення — Алеся Камоцкага, Эдуарда Акуліна, Лявона Вольскага, Сяржука Сокалава-Воюша, Андрэя Хадановіча, Андрэя Мельнікава ды іншых, чые творы таксама шырока прадстаўлены на новым дыску, дык можна адзначыць наступнае: у беларускай бардаўскай песні няма канфлікту «бацькоў і дзяцей», а ёсць тая пераемнасць традыцый, якая забяспечвае ўсяму айчыннаму бардаўскаму руху развіццё і музычную пазнавальнасць, спрыяе ўзбагачэнню нацыянальнай культуры.

Для вас, рамантыкі ХХІ стагоддзя!


У музычным рэпартажы, прысвечаным «Грунвальдскаму фэсту–2011», мы распавядалі пра паспяховую прэзентацыю гуртом «Rokash» свайго дэбютнага альбома «Запалі агонь». Паказальна, што дыск, прынамсі, яго сігнальны наклад, у той дзень слухачамі быў раскуплены поўнасцю. У чым прыцягальнасць гэтай працы гурта, які выконвае неафолк-рок? Бадай, у тым, што новая генерацыя слухачоў выгадаваная на фэнтэзійных творах Дж. Р.Р. Толкіена, Роберта Э. Говарда і Г. Ф. Лавкрафта, а ўдзельнікі гурта «Rokash» прапануюць сваё фэнтэзійнае светаадчуванне, якое суадносіцца з беларускім фальклорам, легендамі і паданнямі роднага краю, з яго старажытнай міфалогіяй. Гэта не супярэчыць прыхільнасцям моладзі і дапаўняе фэнтэзійны свет слухача яркім беларускім складнікам — таямнічым, чароўным і рамантычным па-сутнасці. Мо таму моладзь, якая захапляецца творамі класікаў фэнтэзі, аддае перавагу музыцы гэтага калектыву.

Трэба адзначыць, што ў гурце «Rokash» шчасліва сышліся ў творчым тандэме аўтар тэкстаў Лявон Казакоў (бас, варган, бэк-вакал, канцэпцыя гурта) і аўтарка музыкі Паліна Дулінец (вакал). Як па класічнай формуле «інь» і «ян», у музыцы і тэкстах гурта сплавіліся жаночы рамантычны меладызм і гераічная лірыка тэкстаў песень, якая сваім каранямі ідзе ад беларускага і еўрапейскага фальклору. Гэтыя асаблівасці твораў «Rokash» робіць калектыў арыгінальнай з’явай у айчынным рок-руху.

Яшчэ больш рамантычнай робяць музыку гурта ўзнёслыя партыі флейты, на якой грае Вольга Драпеза, гукі віяланчэлі Алены Холадавай і аранжыроўкі клавішніка Міколы Ліпневіча. Гітарыст Алесь Акульчык і барабаншчык Міхаіл Кічын, якія разам з басістам Л. Казаковым не даюць слухачам падстаў для сумневу: «Rokash» — сапраўдны неафолк-рок-гурт.

Альбом гурта «Запалі агонь» утрымлівае шмат вядомых песень, якія сталі хітамі незалежнай беларускай рок-сцэны і добра вядомыя слухачам па шматлікіх канцэртах каманды. Гэта такія ўдалыя кампазіцыі, як «Крумкач», «Дух Зямлі», «Ваўкалак», у якіх магчымасці ўдзельнікаў гурта адлюстравана напоўніцу. Ну а драйвавыя песні альбома — «Запалі агонь», «Дзеці паўночнага ветру» дадаюць дэбютнаму альбому гурта «Rokash» рысы канцэптуальнасці і завершанасці.

Адзначу, што запіс, выданне і прэзентацыя альбома «Запалі агонь» сталі для гурта і своеасаблівай прыступкай ва ўдасканаленні канцэртнага гучання: каманда стала больш збалансаванай і прафесійнай, што адлюстроўваецца на настроі слухачоў. Моладзь не шкадуе апладысментаў музыкантам і дружна набывае ў свае калекцыі новы дыск, як гэта здарылася на «Грунвальдскім фэсце».

Новая генерацыя беларускай рок-сцэны

Прапаную таксама пазнаёміцца з дэбютным альбомам «Дзевачкі і космас» магілёўскага гурта «AKUTE». Цікава, што музыканты, яка і належыць прадстаўнікам новай хвалі айчыннай рок-музыкі, сваю працу спачатку выклалі ў інтэрнэцэ для вольнага спампоўвання, а ўжо пазней выдалі яго на фірме «Вігма». Гэта нармальны прэцэдэнт для музыкантаў, якія хацелі б задзейнічаць больш рэзерваў для прасоўвання свайго прадукту ў разнастайныя асяродкі аматараў рока.

Пра тое, што ўдзельнікам «AKUTE» гэтая задача, хоць і не без цяжкасцяў, удаецца, сведчыць тое, што музыканты сталі ўладальнікам Гран-пры «Басовішча–2010», лаўрэатамі яшчэ некалькіх фестываляў, набылі шчырых прыхільнікаў як у сябе на малой радзіме, так і па ўсё краіне. І вось навіна — дэбютны альбом перспектыўнай каманды. Безумоўна, гэтая кружэлка адразу нарадзіла шмат меркаванняў наконт таго, ці здолелі музыканты «AKUTE» пазбавіцца ўплываў каманды, якая была для іх канцэптуальным фундаментам — гурта «ГЛЮКІ»?



Лепшыя песні гэтага альбому сведчаць, што гурт на шляху да гэтай мэты: кампазіцыі «Адзіноцтва», «Прамяні» (ці «Свяці», якая заняла другое месца ў мега-туры партала «Тузіна Гітоў»), «Адшукай», «Агонь», «Павольна» — сапраўды нясуць у музычным плане нешта новае, свежае для айчыннай рок-сцэны. І гэта пры тым, што гурт складаюць трое музыкаў: Стась Мытнік — гітара, вакал, Раман Жыгараў — бас-гітара, бэк-вакал, Павал Емяльянаў — бубны. Але і ў запісу, і на канцэрце (сталічныя слухачы маглі паслухаць гурт на прэзентацыі альбома «Porna» гурта «Mauzer») гурт здзіўляе завершанасцю ансамблевага гучання, у якім няма «правалаў» ці «пустэчаў». Кожная нота песень «AKUTE» быццам сведчыць пра тую працу, якую музыканты здзейснілі, перш чым сесці за запіс дыска ці выйсці на сцэну.

І хоць гурт «AKUTE» — тыповы прадукт эпохі рок-н-рола, у іх музыцы досыць новага, што з’яўляецца прывабным для сённяшніх слухачоў. Тут і незвычайныя гітарныя акорды, рыфы і хады, эмацыянальна насычаныя меладычныя ўсплёскі, досыць разнастайныя аранжыроўкі і вакальныя партыі. Да таго ж, у музыцы «AKUTE» назіраецца яшчэ адна асаблівасць — яны выкарыстоўваюць танцавальныя рытмы, якія ў спалучэнні з іх мелодыямі надаюць песням альбома дадатковыя пачуццёвыя рысы, характэрныя для рок-музыкі новай эпохі. Праўда, за гэтымі эксперыментамі хаваецца небяспека зрабіцца аднастайнымі і прадказальнымі ў музыцы.

Але ў музыкантаў «AKUTE» ёсць рыса, якая можа засцерагчы іх у будучым ад памылак — іх стыльнасць, як у музыцы і лірыцы, так і сцэнічным шоў. Стыль «AKUTE» — сучасны па гучанню і мелодыцы гітарны рок, магія якога ідзе ад фанетыкі роднай мовы.

Каментаваць