«ROCK on-line» Мартыненкі: «Вздрогнут фсе!»

Калі прыхільнікі творчасці Вітаўта Мартыненкі прыйшлі на заяўленае месца правядзення прэзентацыі новай кнігі гэтага вядомага музычнага крытыка — у сядзібу БНФ, то першае ўражанне ў іх было такое, што мерапрыемства пад пагрозай зрыву. Пастаянныя жыхары сядзібы, здаецца, «сядзелі на валізах» і рыхтаваліся пакінуць звыклае памяшканне, якое стала вядомым многім беларусам як сапраўдны нацыянальны палітычны і культурны цэнтр.



Калі прыхільнікі творчасці Вітаўта Мартыненкі прыйшлі на заяўленае месца правядзення прэзентацыі новай кнігі гэтага вядомага музычнага крытыка — у сядзібу БНФ, то першае ўражанне ў іх было такое, што мерапрыемства пад пагрозай зрыву. Пастаянныя жыхары сядзібы, здаецца, «сядзелі на валізах» і рыхтаваліся пакінуць звыклае памяшканне, якое стала вядомым многім беларусам як сапраўдны нацыянальны палітычны і культурны цэнтр.

Але гэта было ўяўнае ўражанне, ды і гаспадары сядзібы не выказвалі асаблівага хвалявання, бо рыхтаваліся да адстойвання сваіх правоў на арэндаванае памяшканне. Таму прэзентацыя новай кнігі Вітаўта Мартыненкі пачалася, як толькі месцы ў галоўнай зале былі запоўнены чытачамі. Сапраўды, гэтым разам тут адбывалася нетрывіяльная падзея — прадстаўленне чытачам новага музычнага бестселера ад В. Мартыненкі — яго кнігі «ROCK on-line».

Трэба адзначыць, што і папярэднія кнігі Вітаўта, створаныя сумесна з аўтарам гэтых радкоў — «Праз рок-прызму» (БІНІМ, 1989 г.) і «222 альбомы беларускага року і не толькі...» («Медысонт», 2006 г.), — былі прысвечаны шляхам развіцця беларускай папулярнай музыкі розных кірункаў і стылістычных адгалінаванняў. Але за гэтымі музычнымі акалічнасцямі аўтары ніколі не забывалі таго факта, што стварэнне паўнавартаснай беларускай масавай культуры не магчыма без выкарыстання роднага слова.

Па-сутнасці, новая кніга Мартыненкі — квінтэсенцыя гэтага пастулату, а таксама ўнікальны вопыт абароны роднага слова ад шматлікіх носьбітаў імперскай ідэалогіі, якія ў розныя часы вылучалі і навязвалі слухачам лозунгі, што прыніжалі магчымасці беларускай мовы ў актуальных кірунках сучаснага музычнага мастацтва. Успомнім, як на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя яны паўсюдна даводзілі: «Гітара і ваша «калгасная мова» — несумяшчальная ад прыроды». Альбо сённяшнюю мадыфікацыю гэтага «лозунга»: «Якая розніца, на якой мове спяваць, галоўнае — музыка!»

Унікальнасць кнігі В. Мартыненкі «ROCK on-line» у тым, што аўтар адыходзіць ад тактыкі абароны ды сам ідзе ў атаку на тых, хто ў Беларусі адмаўляе стваральную ролю беларускай мовы, хто прапануе арыентавацца на сурагаты, якія нам навязваюцца суседнімі дзяржавамі. Дзеля гэтага аўтар называе імёны тых, хто ў культуртрэгерскім запале навязвае слухачам, і асабліва маладым, пагарду да роднага слова, заклікае да здрады яе жыватворным крыніцам. Парадокс у тым, што многія з іх па-майстэрску маскіруюцца ў аблічча зацікаўленасці і неабыякавасці. Канешне, аўтар не толькі палемізуе з гэтымі крытыкамі, але, дзеля справядлівасці, і адзначае іх станоўчы ўклад у развіццё айчыннай музычнай культуры, які ёсць у рэальнасці. У гэтым Вітаўт бачыць супярэчнасць іх ролі ў беларускім культурным дыскурсе. Мо таму Вітаўт прапанаваў да свайго выдання напаўжартаўлівы слоган: «Вздрогнут фсе!»

Структурна кніга «ROCK on-line» Вітаўта Мартыненкі пабудавана на эксклюзіўным матэрыяле — паводле музычна-філалагічных дыскусій у сусветным сеціве. Асаблівасць гэтых інтэрнэт-спрэчак палягае ў тым, што толькі невялікая колькасць яго ўдзельнікаў гатова раскрыць сваё сапраўднае імя. Астатнія імкнуцца схавацца пад нікамі, бо яны адчуваюць хісткасць сваёй пазіцыі і пабойваюцца негатыўнай рэакцыі беларускага грамадства на іх «аргументы» ў выглядзе бруднай лаянкі і неабгрунтаваных абразаў. Дарэчы, сапраўдныя іх імёны адкрываюцца чытачам, каб тыя ведалі сваіх «герояў». Але акрамя негатыву, дыскусія «Мартыненка vs інтэрнэт-тролі» мела і пазітыўныя старонкі. Пра гэта сведчыць філасофская частка кнігі «Інтэрв’ю з Вітаўтам Мартыненкам», у якім аўтар на падставе пытанняў чытачоў выкладвае асновы свайго светапогляду як крытыка і публіцыста.

Аўтар ідзе далей простага кампілявання матэрыялу і стварае яскравую карціну айчыннага музычна-крытычнага поля і падкрэслівае тое, як часцяком яно выкарыстоўваецца для прасоўвання розных дэструктыўных для беларушчыны ідэй і высноў. Каб найбольш яскрава «высвеціць» пазіцыі сваіх ідэйных vis-a-vis, аўтар надае нямала ўвагі падмацаванню сваёй пазіцыі з дапамогай шматлікага факталагічнага матэрыялу, а таксама выкарыстанню філасофскіх урыўкаў з кніг і раманаў сваіх улюбёных пісьменнікаў — К. Акулы, В. Якавенкі, К. Траўня. Дарэчы, адзін са згаданых аўтараў — пісьменнік Васіль Якавенка — адзначыў падчас прэзентацыі, што Вітаўт Мартыненка сваім новым выданнем засведчыў перамогу ў інтэлектуальным спаборніцтве, на якое яго выклікалі тыя сілы, якім беларушчына што костка ў горле.

На прэзентацыі кнігі В. Мартыненкі «ROCK on-line» прысутнічаў яшчэ адзін герой кнігі — бард і рок-музыкант Андрэй Плясанаў, які дадаў шмат фарбаў да гісторыі стварэння кнігі. Менавіта дзякуючы прыкладу Вітаўта, які доўгі час з’яўляецца адным з аўтараў тэкстаў для яго гурта P.L.A.N., Андрэй стаў на шлях актыўнай пазіцыі ў адстойванні правоў роднай мовы ў айчыннай рок-музыцы.

Вітаўт Мартыненка і Андрэй Плясанаў


Не аднойчы даводзілася падкрэсліваць, што наяўнасць дыскусіі ў грамадстве сведчыць пра здаровыя тэндэнцыі ў ім. Тое ж тычыцца і дыскусій у айчынным рок-руху. Мо таму кніга В. Мартыненкі «ROCK on-line» успрымаецца як яскравае сведчанне таго, што нацыянальная плынь у беларускім рок-руху ствараецца на падставе трывалых культуралагічных і філасофскіх арыенціраў.
 

Каментаваць