Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Выстава "Родам з мястэчка" з 24 жніўня па 30 верасня

Гэта выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея (каля 50 твораў жывапісу і графікі) прысвечана юбілеям знакамітых ураджэнцаў Беларусі, вядомых палітычных дзеячаў Дзяржавы Ізраіль, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру — 90-годдзю Шымона Перэса, дзявятага, дзеючага, прэзідэнта краіны і 100-годдзю Менахема Бегіна (1913–1992), сёмага прэм’ер-міністра.



Назва выставы “Родам з мястэчка” не зусім дакладная ў сэнсе некаторых рэальных пунктаў нараджэння юбіляраў, мастакоў, мадэляў. У дадзеным выпадку “мястэчка” — гэта хутчэй слова-сімвал “рысы аседласці” ўвогуле і асаблівай нацыянальна-гістарычна-культурнай мадэлі-супольнасці.

Падобная выстава — першая ў гісторыі музея. Акрамя гэтай выключнасці, экспазіцыя таксама дала магчымасць паказаць гледачам унікальныя, дасюль малавядомыя творы пакручастых лёсаў. Гэтыя творы не экспанаваліся ў музеі ніколі ці апошнім разам выстаўляліся шмат дзесяцігоддзяў таму. Рэстаўрацыя шэрага з іх скончана зусім нядаўна або яшчэ працягваецца.

Пачынае выстаўку пейзаж Меера Сляпяна “Цішыня”, які быў намаляваны ў вёсцы Вішнева (цяпер Валожынскага раёна), радзіме Шымона Перэса. Меер Сляпян — выхаванец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, сябра Фердынанда Рушчыца, маёнтак Багданава якога знаходзіўся непадалёк ад Вішнева. Узвышаная духоўнасць і драматызм гэтага краявіду могуць служыць эпіграфам і камертонам дадзенай выставы-мэморыі.

У экспазіцыі прадстаўлены творы, якія выяўляюць персанажаў, рысы, з’явы нацыянальнага жыцця 1887–1975 гадоў. Самыя раннія творы — амаль невядомых Ізраіля Крупене і Іўе Дашкевіча. Далей, акрамя Сляпяна, належнае месца займаюць і творы іншых знакамітых “акадэмістаў”: Юдаля Пэна, Янкеля Кругера, Лейбы Альпяровіча. Дзякуючы іх майстэрству і параўнальна вялікай колькасці твораў, што захаваліся, яны ўспрымаюцца амаль што асноўнымі мастакамі Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Перыяд 1920–1930-х гг. прадстаўлены таксама творамі Абрама Бразера, Меера Аксельрода, Арона Касцялянскага, Льва Зевіна, Монаса Манасзона, Саламона Юдовіна, унікальнымі, рэалістычна-сімвалічнымі кампазіцыямі загінуўшых у гады вайны Ісаака Мільчына і Ільі Эйдэльмана. Работы гэтых майстроў цікавыя, у прыватнасці, як сведчанні адыходзячай культуры/з’явы “штэтла” (яўрэйскага мястэчка). Пасляваенны перыяд прадстаўлены жывапісам Ізраіля Басава, Натана Воранава, Абрама Заборава, Ісаака Бароўскага, Барыса Няпомняшчага, выдатных майстроў і самабытных асоб.

Мястэчка (“штэтл”) знікла пад уплывам сацыяльна-палітычных узрушэнняў і ваенных падзей. Але, разамкнуўшыся, свет штэтла “пайшоў кругамі” па ўсяму грамадству. Паэты і мастакі, настаўнікі і ўрачы, інжынеры і грамадскія дзеячы, іншыя носьбіты лепшых рыс местачковай культуры — гуманізму, імкнення да адукацыі і ведаў, жыццястойкасці, аптымізму, — вынеслі яе ў вялікі свет.

www.artmuseum.by

Каментаваць