«Рок за жыццё»: беларускія музыкі сыграюць вялікі канцэрт супраць смяротнага пакарання

8 кастрычніка на сцэну мінскага клуба Re:Public выйдуць «Дай дарогу!», Re1ikt, «Мутнаевока», :B:N:, Sciana і «Тлушч».


Фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, пройдзе ў Мінску. 8 кастрычніка на сцэну клуба Re:Public выйдуць беларускія гурты «Дай дарогу!», Re1ikt, «Мутнаевока», :B:N:, Sciana і «Тлушч», каб падтрымаць увядзенне мараторыя на вышэйшую меру ў Беларусі.

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

5 кастрычніка распачынаецца традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам «Смяротнае пакаранне — незваротнае».

Набыць квіткі можна ў касах і на сайце білетнага аператара Kvitki.by.


Паводле прэс-рэліза

Каментаваць