“Рок па вакацыях” – 2011

21 кастрычніка адбылася знакавая падзея сёлетняга канцэртнага сезона — у клубе “RE:PUBLIC прайшоў легендарны штогадовы фестываль “Рок па вакацыях.



21 кастрычніка адбылася знакавая падзея сёлетняга канцэртнага сезона — у клубе “RE:PUBLIC прайшоў легендарны штогадовы фестываль “Рок па вакацыях.

“Рок па вакацыях — адзін з найстарых беларускіх рок-фэстаў. Некалі ў пачатку 90-х яшчэ ў вельмі маладой беларускай рок-супольнасці ўзнікла ідэя зладзіць для шкаляроў і студэнтаў нефармальнае свята пасля летніх канікул і адкрыццё новага канцэртнага сезону. За гады існавання фестывалю на ім паспелі выступіць ледзь не ўсе вядучыя рок-гурты Беларусі, а запісы з канцэртаў заўжды транслявала беларускае тэлебачанне. Першы раз фестываль прайшоў 1 верасня 1993 года, і да 1997 ладзіўся штогадова. Пасля працяглай паўзы фэст адрадзіўся з новымі арганізатарамі ў 2008 годзе. Слабае фінансаванне вымусіла паменшыць маштабы фестывалю: ён перамясціўся ў мінскі клуб “Рэактар, а сёлета, калі замест “Рэактара адчыніўся новы клуб “RE:PUBLIC, фэст прайшоў у ім.

На гэты раз фестываль планавалася правесці з ўдзелам ажно 8 гуртоў: былі запрошаныя "Drum Ecstasy", "Akute", “Кассиопея, "No Comment Band", "Yellow Brick Road", “Петля Пристрастия і "ZM99", а пад назвай "Kull Orchestra" мусіў выступіць легендарны “Нейра Дзюбель. Але цяжкае эканамічнае становішча ў краіне ўнесла свае карэктывы: па фінансавых прычынах ад удзелу ў фестывалі адмовіўся гурт “Yellow Brick Road. Яго адсутнасць  мала хто заўважыў — “Yellow Brick Road і без таго губляўся сярод больш вядомых удзельнікаў канцэрта.

Пасля традыцыйнага для рок-канцэртаў невялікага запазнення на сцэну нарэшце выйшлі вядучыя — Іна Кашырына і Алесь Плотка, якія, павітаўшы нешматлікую публіку, папрасілі падняць рукі прадстаўнікоў “мэтавай аўдыторыі фэсту: шкаляроў і студэнтаў. “Мэтавай аўдыторыі аказалася няшмат — сярод сотні-другой гледачоў паказаліся ўсяго некалькі рук.



Першым сёлета выступіў малады, але ўжо даволі шырока вядомы магілёўскі гурт "Akute", што ўзнік на аскепках легендарных “Глюкаў. Гук быў жудасны — ад моцнага свісту ўсе затыкалі вушы. Было бачна, што ў такіх умовах музыкам выступаць не надта прыемна. Выканаўшы шэсць сваіх вядомых песень, расчараваныя “Akute развіталіся з публікай.

Другімі выступілі "No Comment Band". Заўжды занадта артыстычны Мацвей Купер настойліва намагаўся разварушыць пакуль што малалікую і млявую публіку.

“Петля Пристрастия стала першым гуртом, які нарэшце запаліў публіку. Заля нарэшце з большага запоўнілася, а вядоўцы, зазначыўшы, што фестываль заўжды быў за беларускасць, зладзілі конкурс на лепшы пераклад назвы гурта на беларускую мову. “Лупень Прапрыхільнасці — так ахрысціў гурт адзіны ўдзельнік конкурсу. Лідар гурта на тое ніяк не адрэагаваў — мяркуючы па старых інтэрв’ю, Ілля Чарапко-Самахвалаў не надта вялікі аматар беларускай мовы. Гук па-ранейшаму быў жудасным, але публіку тое не надта засмуціла: увесь зал пайшоў у скокі, а музыкаў не хацелі адпускаць са сцэны. Вядоўцам удалося супакоіць публіку толькі паабяцаўшы хуткі выхад “Кассиопеи, дзе лідар “Петли Пристрастия таксама вакаліст.

"Петля Пристрастия"


Але “Кассиопея выйшла на сцэну трохі пазней, саступіўшы месца “ZM99. Вакалістцы гурта Зоі Сахончык (Каральчук) ў гэты дзень якраз споўнілася 30 гадоў. Некалькі новых песень яна праспявала па-руску, а падчас выканання кавера на “Нейра Дзюбель да Зоі далучыўся Аляксандр Кулінковіч, і, абдымаючы, павіншаваў яе з днём народзінаў, на што ўважліва паглядаў муж Зоі, гітарыст гурта Уладзімір Сахончык. Напрыканцы выступу нехта з залі падараваў Зоі ружу, а людзі доўга яшчэ крычалі “Зо-я! Зо-я!, віншуючы дзяўчыну са святам.

Выступ “Кассиопеи пачаўся традыцыйна эпатажам: дайшоўшы да сцэны, п’яны гітарыст з дзікім грукатам паваліў комбік. Некаторыя музыкі ледзь стаялі на нагах, але выканалі сваю працу спраўна — разагрэтая публіка скакала і падпявала, і да ўсяго гук троху пачаў паляпшацца.

"Кассиопея"


У “Кассиопеи не было бубнача, і наступны гурт як быццам кампенсаваў гэта: на сцэну выйшлі ажно чатыры бубначы з “Drum Esctasy. Гурт паказаў цікавае шоў, увесь клуб задрыжэў ад грукатаў бубноў, а адзін з музыкаў высякаў іскры з дапамогай балгаркі і віскатаў дрылём.

Напрыканцы канцэрту некаторых гледачоў чакаў сюрпрыз: вядоўцы адкрылі, што пад таямнічай назвай “Kull Orchestra ў афішы хаваўся легендарны “Нейра Дзюбель. Ідэя змяніць назву для абыходу забароны ўзнікла ў гурта даўно, але ўпершыню была прыменена на практыцы.

"Нейра Дзюбель"



“90-я вяртаюцца, — зазначыў Аляксандр Кулінковіч. І меў рацыю: таго, што адбывалася, не было ўжо даўно — увесь канцэрт музыкі кідалі мікрафонныя стойкі, пілі і палілі на сцэне, валяліся на падлозе і збівалі апаратуру.

 Было бачна, што шмат хто прыйшоў менавіта на “Нейра Дзюбель — у зале было шмат твараў, знаёмых па традыцыйных канцэртах гурта ў “Графіці. Але выканаць усю праграму “Нейра Дзюбелю не ўдалося. Праз некалькі песень раптоўна згас сцэнічны свет, а замест яго запалілася адна звычайная лямпачка, што ледзь-ледзь асвятляла клуб. Сапраўды, вяртанне 90-х, калі падчас рок-канцэртаў маглі наўпрост адключыць электрычнасць. “Адміністрацыя клуба толькі што даведалася, што мы — забаронены гурт. Напэўна, мы больш не будзем мяняць назву ва ўгоду чамусьці. Пайшоў на х..й гэты г..ны клуб! — рэзюмаваў Кулінковіч. Выканаўшы яшчэ адну песню, гурт сышоў са сцэны. Публіка ж сыходзіць з клубу не спяшалася. Фанаты сталі ў ланцужок і яшчэ доўга спявалі песні любімага гурта ды крычалі “Жыве Беларусь!.

Агулам сёлетні фестываль цяжка ацэньваць адназначна — нягледзячы на жудасны гук, цікавы склад выступоўцаў амаль напоўніцу кампенсаваў недахопы клуба і хібы ў арганізацыі. Але фестываль наўрад ці дасягнуў той мэты, што ставілі яго заснавальнікі на пачатку 90-х, — нефармальнага свята для школьнікаў і студэнтаў не атрымалася. Канцэрт адбыўся ў канцы кастрычніка — сезон даўно ўжо пачаўся, пра вакацыі ўсе даўно забылі, а з-за дарагіх квіткоў школьнікі і студэнты не змаглі дазволіць сабе такую раскошу . Акрамя гэтага, фестываль прайшоў амаль без зорак першай велічыні — забароны зрабілі сваю справу. Застаецца спадзявацца, што ў наступны раз фестываль згуртуе вакол сябе шырокае кола маладзёнаў і стане сапраўдным святам якаснай беларускай музыкі.

 

Каментаваць