Рок-падполле: 10 гадоў таму

Гісторыя беларускага року ведае шмат старонак, звязаных з так званымі чорнымі спісамі. Сёння мы ўжо прызвычаіліся да практыкі, калі «непажаданыя гурты» з беларускай публікай сустракаюцца, напрыклад, у суседняй Вільні.



Але 10 гадоў таму музыканты і арганізатары  збольшага былі збянтэжаныя падобнымі сітуацыямі — савецкі досвед ужо забыўся, а ў Беларусі практыка забарон канцэртаў толькі пачынала набываць сістэмны характар. І тады настаў час адраджэння падпольных канцэртаў.11 студзеня 2006 года на ўскрайку Мінску адбыўся падпольны канцэрт «Нейра Дзюбеля».
 

Як гэта было — распавёў адзін з арганізатараў таго мерапрыемства Павел В.

Падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі

«Арганізавалі яго мы ўдваіх з Курзенам, практычна без старонняй дапамогі акурат за 10 дзён.
Напрыканцы 2005 году сітуацыя з канцэртамі з «чорнага спісу» (НРМ, Палац, Дзюбель, ВЗ-оркестра, Памідор) была крытычнай. Практычна ўсе канцэрты абрубаліся ў апошні момант. Або за дзень да канцэрта, або непасрэдна ў дзень. Прычыны былі самыя недарэчныя: санэпідэмстанцыя, званок «зверху», «электрычнасць зламалася» і г.д. Апафеоз наступіў калі ў снежні 2005 на канцэрт «Дзюбеля» заваліўся нейкі хрэн Пятро Пятровіч з пажарнай службы (ды яшчэ «пад мухай») і пачаў крычаць, што ў клубе парушана пажарная бяспека і канцэрт трэба спыніць.


Прааналізаваўшы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што прычына фэйлаў — ва знешняй рэкламе. Рэкламуючы канцэрт публічна, арганізатары рэкламуюць яго не толькі гледачам, але і тым … (нягоднікам — рэд.), якія потым яго забароняць. Было прынята рашэнне арганізаваць канцэрт «па-савецку», як рабілі ў свой час і Цой, і БГ, і Майк і ўсе астатнія напачатку 80-х. Знайсці не заезджанае месца, ніякай знешняй рэкламы, строгая канспірацыя і тайна ўнёскаў, а таксама самапальныя квіткі. Верагоднасць правядзення такога мерапрыемства была амаль 100%.

Падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі

Увечары 1 студзеня мы сустрэліся з Курзенам у фае гатэля «Беларусь». Від у яго пасля святкавання Новага года быў зусім засмучаны.


— Ёсць клуб «Сімпл», — загадкава пачаў ён. — Ну, як клуб, студэнцкая сталоўка, дзе вечарамі іншым разам канцы муцяць. У мяне ёсць кантакты яго арт-дырэктара, Лёшы з гурта «Чык-чык».


Пачатак быў больш чым аптымістычны. На наступны дзень ён мне паставіў мп3 файл вельмі дрэннай якасці, дзе пад разладжаную гітару з прэтэнзіяй на рэгі хтосьці з закладзеным носам спяваў: «Я збіраю кветкі, халя-галя-гэй, палявыя кветкi-i-i-i халя-галя-гэй...»


— Вось, — горда сказаў Курзен. — Гэта група «Чык-чык».


Сам Лёша апынуўся двухметровым дзецюком з незразумелай шавялюрай і ў акулярах.
— 750 тышчаў, хлопцы, і муціце што заўгодна, сказаў ён. — Мне пох. Я па-за палітыкай.
Пасля гэтага я патэлефанаваў лідару «Нейро Дзюбель» Кулінковічу.

Падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі

— Саша, ёсць маза сыграць падпольны канцэрт у Мінску 11 студзеня.


—  Праз 10 дзён без знешняй рэкламы? — здзівіўся Кулінковіч. — Да гэта нерэальна.

— Гэта ўжо наш клопат, — сказаў я.

— Ок, — адказаў Кул. — Апарат у нас свой, ганарар — паўмільёна.

— Спадзяюся, не долараў? — пажартаваў я.

— Хацелася б, — уздыхнуў Кулінковіч.


Такім чынам, нам трэба было знайсці амаль паўтары мільёна «белак» на працягу 10 дзён. Мы вырашылі зрабіць кошт квітка ў 15 тысячаў і прадаць 100 квіткоў.


Мы запосцілі інфу на некалькіх сайтах, далі нумар тэлефона Курзена, надрукавалі рулон самапальных квіткоў і пачалі чакаць.

Падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі


Праз некалькі дзён у нас быў спіс з некалькіх дзясяткаў жадаючых.


Напрацягу тыдня амаль кожны дзень на 15-20 градусным марозе мы сустракаліся з людзьмі каля гандлёвага цэнтра «Няміга» і прадавалі квіткі. На квітках не была пазначана назва клуба. Адрас мы паведамлялі кожнаму асабіста пры сустрэчы. Канспірацыя была проста брутальнай.

Фота Павел В.


За два дні да канцэрта нам патэлефанаваў Міша Захаранка, з якім мы хадзілі ў адну школу. Яны сабралі нейкі ска-панк ансамбль пад назвай «НаиСКАсок» і папрасіліся на разагрэў да «НД».


— Мы зможам прывесці людзей, — сказаў Міша.


— А колькі вашай групе? — спытаў я.


— Ну, месяцы два, дакладней, ужо амаль тры.


— Дзякуй, не трэба, — сказаў я.


Раніцай у дзень канцэрта стала зразумела, што канцы бюджэта не сыходзяцца. Тут ужо я сам патэлефанаваў Мішы:


–- Прывядзіце сёння на канц 15 чалавек і грайце на разагрэве ў Дзюбелей.


— 15 не ўпэўнены, 10 дакладна прывядзем.


— Мне пох, колькі вы прывядзеце, — сказаў я. — Галоўнае, каб 15 квіткоў былі прададзены.

Падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі


Перад канцэртам высветлілася, што ў «НаиСКАска» няма свайго пластыку для барабанаў. Бубнач НД Сцепанюк катэгарычна адмовіўся даваць свой.


— Гэтыя панкі шчас рас...ць яго, а мне на чым граць? — злосна сказаў ён.


Я прапанаваў «НаиСКАску» выкарыстоўваць драм-машынку, але мой філігранны гумар ацэнены не быў.
У выніку пластык быў вымалены ў Сцепанюка практычна на каленях. Я шапнуў барабаншчыку Жыжэ:


— Стучы па бочцы быццам яна з шкла. Калі што — яны табе тут напрост забʼюць.


Бацька беларускага панк-рока Юры Наумаў адстаяў ля сцэны ўвесь сэт і вельмі ўважліва ўсё адслухаў. Пасля таго як маладыя геніі ска-панка закончылі граць, ён прамовіў:


— У хлопцаў жорсткі нестрояк, — і пайшоў бухаць у раздзявалку.

«НаиСКАсок», падпольны канцэрт у клубе "Сімпл" 11.01.2006, фота з архіву рэдакцыі


Раніцай наступнага дня пра наш канцэрт напісалі ўсе, каму было не ў падлу: тутбай, Хартыя, Белапан, Радыё Свабода, Наша Ніва.


«Наступае эра падпольных канцэртаў!» «Забароненыя музыканты знайшлі спосаб супрацьстаяць рэпрэсіўнай машыне забаронаў» — гучна вяшчалі яны.

Фота Павел В.


Мы з Курзенам зарабілі 40 тысяч. Па курсу 2006 — прыкладна 18 долараў».

Абмеркаванне:

  • Аня Нім
  • 2016-01-14 14:34:40
Думаю, а што ж артыкул ананімны? Аказваецца, аўтар "фуфел гоніт" на важныя тэмы. Тобок з глаўна спрабуе людзям зварганіць куміра. Ціпа "вот такія ані,
падпольшчыкі-змагары". Тока непанятна ЗА ШТО змагаліся? Мо за права казаць роднае слова ў поўны голас (замест абсечаных форм "мне пох"). Велік могучым руссссскій языка.
Журналісты часам таленавіта бяруць важную тэму і ўмела размазваюць яе па сьценах.

Каментаваць