Рыцар беларускага адраджэння (фота)

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 10 студзеня адбылося закрыццё персанальнай выставы выбітнага беларускага жывапісца Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада», якая доўжылася з 16 снежня.



На сустрэчу з творамі Віктара Маркаўца прыйшлі ягоныя сябры, паплечнікі і сваякі. Сярод іх — паэт Алесь Разанаў, мастакі Алесь Мара і Ягор Батальёнак, выдавец Зміцер Санька. Яны падзяліліся ўспамінамі пра жыццё мастака, ягоную творчасць і чалавечыя якасці. Вось чаму гэтую падзею можна назваць своеасаблівым прысвячэннем  Віктару Маркаўцу як аднаму з рыцараў беларускага адраджэння (па трапнай характарыстыцы старшыні суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзя Драздова).

Майстар гістарычнага жывапісу і тэматычнай карціны, краявіду, партрэта і нацюрморта, Віктар Маркавец (05.08.1947, горад Докшыцы, што на Віцебшчыне — 17.09.2013) атрымаў адукацыю жывапісца ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.   

 Яўнут Гедзімінавіч

У 1980 годзе за серыю жывапісных карцін «Свята ў Докшыцах», «Дзед Алесь і бабка Марылька», а таксама «Купалле» ўзнагароджаны прэміяй камсамола Беларусі. Шэраг сваіх персанальных выстаў Віктар Маркавец прысвяціў Заслаўю, куды мастак пераехаў з Мінска ў 1992 годзе.

Але гэты прыгожы, таленавіты і надзвычай працавіты чалавек увайшоў у найноўшую гісторыю айчыннага мастацтва не толькі сваімі адметнымі працамі, што вылучаюцца адзінствам кампазіцыі і колеру, строгай акрэсленасцю малюнка, але і мужнай грамадзянскай пазіцыяй.

 Заслаўе. Панарама з Дзехнаўскай гары

Разам з мастаком Алеся Марачкіным, пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам і археолагам Міхасём Чарняўскім ён быў сярод дысідэнтаў кола беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку» і сябраў незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».

Рэканструяваў партрэты слынных постацяў нацыянальнай гісторыі і культуры, у тым ліку Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ягонай дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў асобную галерэю твораў, прысвечаных нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму.

Сымон Будны. Партрэт-рэканструкцыя.

У выніку плённага супрацоўніцтва з паэтам Алесем Разанавым нарадзілася некалькі праектаў, у тым ліку серыі «Яйкаквадраты» , «Ісвы» і «Функцыянальныя кантэксты». Прычым, малюнкі з «Яйкаквадратаў» ляглі ў аснову мастацкага афармлення апошніх кніг Алеся Разанава.

 Куратар выставы Таццяна Гаранская

Разам з жонкай, мастацвазнаўцай Таццянай Гаранскай у 2001 годзе стварылі  у Мінску арт-кавярню «Добрыя мыслі», дзе за 12 гадоў было праведзена больш за 300 выстаў творчасці беларускіх мастакоў, збудавалі Заслаўскую царкву «Сабор усіх беларускіх святых», асвечаную ў 2013 годзе, правялі ў горадзе шэраг гістарычна-мастацкіх выстаў, дзе рэканструявалі і аднавілі выявы і вобразы тысячагадовай мясцовай даўніны, у 2002 годзе заснавалі ў Заслаўі творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», якое 11 гадоў узначальваў Віктар Маркавец, а цяпер — ягоная жонка. Дачка Віктара Маркаўца — Таццяна — мастак у галіне выцінанкі і саломапляцення, мастацвазнаўца.

Як адзначыла Таццяна Гаранская, у творах — прысвячэннях Заслаўю аўтар адлюстраваў сціплыя прыкметы мінуўшчыны: археалагічныя артэфакты і помнікі дойлідства, фальклор і народнае мастацтва.
 

Шмат год мастак хадзіў па Заслаўю, углядаўся ў ягоныя помнікі, прыслухоўваўся да дыхання старога места, любаваўся пластыкай ландшафтаў.

Заслаўскі касцёл у імя нараджэння найсвяцейшай панны Марыі.

З камерных сюжэтаў і манументальных панарамаў жывапісца, напоўненых святлом і паветрам, паўстаюць рамантычныя і прывабныя краявіды з старажытнымі курганамі, гарадзішчамі, рэчкамі і дрэвамі, помнікамі дойлідства, а таксама выразныя вобразы  постацяў беларускай мінуўшчыны.

Спасцігнуць мінулае — гэта вельмі няпроста. Для гэтага Віктару Маркаўцу спатрэбіліся сталасць і мужнасць, вера і любоў, падкрэсліла мастацтвазнаўца.

Сябры, паплечнікі і сваякі Віктара Маркаўца

На завяршэнне сустрэчы яе ўдзельнікі выказалі вялікую ўдзячнасць Таццяне Гаранскай за ўсё тое, што яна робіць дзеля ўшанавання памяці Віктара Маркаўца.

Цішыня гісторыі

 На доле. Звон

Каментаваць