Рыгор Барадулін: «Вушацкі словазбор» я пачаў збіраць яшчэ ў сёмым класе

У бібліятэчцы Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна. Кніга, якую паэт пачаў збіраць больш шасцідзесяці гадоў таму.



«Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі. Колькі слоў, ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных, — напісаў у прадмове да «Вушацкага словазбору» Уладзімір Някляеў. — У гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту».

Пра «Вушацкі словазбор» наша гутарка з Рыгорам БАРАДУЛІНЫМ.

— Вы, дзядзька Рыгор, неаднойчы на працягу апошніх гадоў гаварылі, што адна з Вашых галоўных турбот — паспець зрабіць «Вушацкі словазбор». Упершыню Вы часткова надрукавалі яго ў 1996 годзе ў кнізе «Здубавецьця», затым, у 2002-м, у сваім Зборы твораў. І вось цяпер ён нарэшце цалкам сабраны і выдадзены. Шчыра кажучы, нават не ўяўляў, што гэты словазбор будзе такім вялікім — амаль чатырыста старонак. Але што Вы самі адчулі, калі ўбачылі выдадзенай працу ледзь не ўсяго свайго жыцця?

— Для мяне гэта вялікае свята, гэта ўрачыстасць на душы. Нават не верыцца, што гэтая кніга ёсць. Я ж слоўнік вушацкай мовы пачаў складаць яшчэ ў школе: памятаю, недзе класе ў сёмым зрабіў з сшытка блакноцік са скрэпачкамі і напісаў: «Слоўнік».

— Някляеў у выдатнай прадмове да «Вушацкага словазбору» пад шматзначнай назвай «Цуд!» піша, што ў Вашым хатнім архіве болей за дзве сотні нататнікаў з вершамі і самымі рознымі запісамі, хоць насамрэч, відаць, тых нататнікаў назбіраецца значна болей.

— Някляеў напісаў геніяльную прадмову! Але Валодзя здольны літаральна на ўсё: і вершы пісаць, і паэмы, і эсэ, і прадмовы. Наогул, няма такой галіны чалавечай дзейнасці, дзе б Някляеў не быў першы. Відаць, ён — ужо апошні з усебакова адукаваных паэтаў беларускіх. У маладых няма такога размаху, такога адчування і радасці жыцця, як у Някляева. Але кажу гэта не ў тым сэнсе, што, маўляў, я — стары, а вы — маладыя... Проста зараз ідзе век прагматыкі, і чытач, як шчупак, загнаны ў вугал.

Што ж тычыцца «Вушацкага словазбору», дык тут найперш я павінен адзначыць велізарную заслугу Наталлі Давыдзенкі, укладальніцы гэтай кнігі. Я вельмі ўдзячны ёй, бо яна здолела выканаць працу цэлага інстытута. Па стане здароўя сам я ўжо не мог засяродзіцца на такой працы — гэта менавіта Наташа не толькі сабрала мае запісы, але і ўпарадкавала іх, яна ж зрабіла структуру кнігі. Тут жа не проста слоўнік — у кнізе ёсць і асобныя раздзелы, скажам, прыказкі й прымаўкі, пад’ялдычкі й цвялілкі, добрыя пажаданні й хуткамоўкі, загадкі й дзіцячыя гульні. Ці, дапусцім, прыгаворкі — гэта ж не тое, што прыказкі ці прымаўкі, гэта зусім іншае: гэта калі чалавек нешта робіць і пры гэтым нешта прыгаворвае. Гэта ўсё роўна што ў страву дадаць перац ці кмен — так і прыгаворкі. Наогул кажучы, у кнізе ўсяго патроху: і скаромнага, і ўзнёслага.

— Між тым адчуваецца, што тыя ж, да прыкладу, тлумачэнні слоў у «Вушацкім словазборы» калі не напісаныя, дык падкарэктаваныя паэтам. Ці правільна разумею: нельга назваць «Вушацкі словазбор» фальклорным зборнікам у чыстым выглядзе — лепш гаварыць пра Вашае суаўтарства з землякамі?

— Безумоўна, калі нешта не так клалася, дык даводзілася падпраўляць, але, вядома, у межах…

— Гэта значыць, стылізавалі?

— Так, крыху стылізаваў, але так, каб не было заўважна, што гэта я рабіў. Гэта можа быць відаць толькі спецыялістам. Да таго ж, калі ў галаву прыходзілі нейкія прыказкі і прымаўкі, дык я часам не ведаў: ці гэта вушацкае, ці гэта я сам сачыніў.

— І тады, відаць, думалі: хай будзе вушацкае!

— Так, хай будзе вушацкае.

— Такім чынам аўтарам «Вушацкага словазбору» можна ўсё ж пазначыць Барадуліна і землякоў?

— Так, Барадулін і вушацкія людзі.

— Асобны раздзел у кнізе — аповеды гэтых самых вушацкіх людзей: Вашых сваякоў Трафімавых — цёткі Марыі Рыгораўны і стрыечнага брата Пятра, маці і сястры Васіля Быкава Ганны Рыгораўны і Валянціны Уладзіміраўны, жыхароў вёсак Забораўна і Гразь… Прыгадваю, што калі мы дзесяць гадоў таму былі разам з Вамі ў гасцях у сястры Васіля Быкава ў вёсцы Ваўчо, дык мы з Валянцінай Уладзіміраўнай пра нешта гаворым, а Вы тут жа ў блакноцік пішаце. Я меркаваў, што да Вас вершы прыйшлі, а цяпер бачу па «Вушацкім словазборы», што Вы занатоўвалі аповеды Валянціны Уладзіміраўны.

— Я проста прызвычаіўся запісваць за сваімі землякамі. І калі чуў нейкае новае слова, дык мне часам хацелася папрасіць: «Паўтарыце яшчэ раз, што Вы сказалі». Але баяўся, што мне адкажуць: «Мешугене копф», — «дурная галава» па-яўрэйску.

— Вы заўсёды запісвалі адразу, як чулі якое новае слова ці аповед?

— Калі была такая магчымасць, дык адразу, бо блакнот заўсёды быў у мяне з сабой. А калі не, дык стараўся не забыцца. І калі прыходзіў дадому і ўспамінаў якое слова, дык тут жа запісваў.

Наогул кажучы, гэтыя аповеды маіх землякоў — гэта як вершы ў прозе: гэты тэкст і звініць, і ляціць. Гэтыя фразы, сказы — як хочаце называйце — усе яны акрыленыя, і гэта вельмі важна.

— Сапраўды, колькі паэзіі ў той жа вушацкай прыгаворцы: «Як жыта жнуць, тады баб людзьмі завуць».

— Гэтыя прыказкі, прымаўкі — самыя сапраўдныя вершы, аднасказныя вершы.

Але яшчэ раз хачу адзначыць вялікую працу, вялікае старанне Наталлі Давыдзенкі. Калі б ставіць адзнакі, дык паставіў бы ёй «пяць», бо так падабраць, так апрацаваць мае запісы… Нават не ведаю, як ёй дзякаваць. І што вельмі важна: Наташа сама піша вершы, і, паходжаннем з Расіі, яна выдала ўжо адзін зборнік па-беларуску, зараз падрыхтавала другі. Яна адчувае слова менавіта як паэтка, а ў чалавека, які піша вершы, зусім іншае бачанне слова. Мову трэба адчуваць, а не проста ведаць. Канешне, самае лепшае — нарадзіцца з ёю, а пасля ўжо набываць столькі моў, колькі хочаш, бо колькі ведаеш моў — столькі разоў ты чалавек. Аднак роднай можа быць толькі адна мова.

Рыгор Барадулін і Наталля Давыдзенка, укладальніца “Вушацкага словазбору". Фота аўтара

— Мы ж некалі рыхтавалі разам з Наталляй Давыдзенкай кнігу Вашага ліставання з мамай Кулінай Андрэеўнай «Паслаў бы табе душу…» — гэта была няпростая праца, але сабраць «Вушацкі словазбор» — рэч, канешне, найскладанейшая. Аднак хацеў бы вярнуцца да пачатку размовы: ці ўзгадаеце, дзядзька Рыгор, чаму ўсё-ткі ўзяліся ў сёмым класе рабіць слоўнік? І за кім першым пачалі занатоўваць?

— За мамай. Альбо запісваў за тымі, хто прыходзіў у нашую хату. Мяне магло больш усхваляваць адно нейкае пачутае слова ад землякоў, чымсьці даклад на ХХІ з’ездзе КПСС. Дапусцім, такое слова, як «самалюбімы» (гэта не тое, што «самалюбівы»), ці нескаромныя вершы пра п…леньку… Усе гэтыя словы, яны ж перакупаныя ў ванне вякоў. Наогул кажучы, беларуская мова, асабліва наша, паўночна-ўсходняя, крывіцкая, па чысціні, па поўнагалоссі здаецца мне лепшай. Не кажу, што мовы іншых раёнаў і абласцей горшыя — дрэнных моў не бывае, бываюць толькі тыя, хто псуе сваю мову, хто замінае яе развіццю. Самую вялікую шкоду ў ХХ стагоддзі нанёс нашай мове слоўнік Кандрата Крапівы, бо там мова абсалютна русіфікаваная. Канешне, Крапіва атрымаў указанне, бо сам жа ён паходжаннем з цэнтральнага раёна Беларусі, дзе мова вельмі цікавая. Але, відаць, Крапіве загадалі: калі мы — браты з рускімі, дык і мовы павінны быць аднолькавыя… Увогуле, мяне шчыра здзіўляе лёс нашай мовы, як яна выжывае ў такіх варунках. Яна ж была дзвесце гадоў, пасля далучэння Беларусі да Расіі, бяспраўнай, на яе былі адны толькі ганенні і ганенні, але яна ўсё вытрымала.

— Вы вось Крапіву прыгадалі, а ў процівагу яму можна, безумоўна, прывесці Ваш прыклад, невыпадкова ж Някляеў называе Вас чараўніком беларускай мовы…

— Дзякуй яму за аванс.

— Някляеў лічыць, што Вы абсалютна натуральна жывяце ў згодзе з беларускай мовай і проста не можаце існаваць без яе. Разам з тым ён спасылаецца на вядомага мовазнаўцу Вільгельма Гумбальта, які сцвярджаў, што не толькі чалавек стварае мову, але і мова стварае чалавека. Мяркую, што тут Някляеў таксама мае рацыю, бо Вы, мусіць, найлепшы прыклад таму, пра што пісаў Гумбальт.

— Я не ведаю… Сам пра сябе я не магу гаварыць…

Між тым, Вы сябравалі з многімі выбітнымі беларускімі пісьменнікамі: Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Міхасём Стральцовым, даўно ўжо сябруеце з Генадзем Бураўкіным і Уладзімірам Някляевым. А хто з іх, на Вашую думку, таксама абсалютна натуральна жыў ці жыве ў атмасферы беларускай мовы?

— У наш, у мой час у натуральнай беларускай атмасферы жыло працэнтаў дзевяноста пяць. Цяпер, канешне, менш, тым больш ва ўмовах, калі стала два саюзы пісьменнікаў. Не, каб дбаць пра згуртаванне і нейкую еднасць — абавязкова трэба расколваць пісьменнікаў! Але гэта яшчэ Сталін гаварыў: раздзяляй і валодай… Ну, хай яшчэ трэці саюз зробяць!..

Усё менш і менш людзей жыве ў натуральнай беларускай атмасферы, бо вёска памірае, а горад — той жа Мінск, які павінен быў бы быць цэнтрам беларускай культуры, беларускай мовы, — гэта як бутэрброд са штучнай ікрой. Дзеці не чуюць натуральнай мовы. Калі добрая беларуская мова была на тэлебачанні пры Генадзю Бураўкіну (і дзякуй яму за гэта), дык як цяпер гавораць дыктары — гэта не дай Бог!.. Маленькія беларусочкі не чуюць роднай мовы ад самага нараджэння… Два гады таму ў вушацкай школе быў выпуск, дык па-беларуску з усіх выпускнікоў гаварылі толькі мой сусед Раман ды адна дзяўчынка. А раней жа, пасля вайны, былі велізарныя класы — па сорак-пяцьдзясят чалавек, і як цяпер помню: уся школа выходзіць на лінейку, і перад вучнямі на чыстай беларускай мове выступае наш дырэктар Аляксандр Антонавіч Карабань… А цяпер амаль усё па-руску, як быццам тут філіял Масквы!

Дарэчы, вось і Някляеў у прадмове да «Вушацкага словазбору» піша пра тое, што мова — гэта больш, чым проста мова: мова — гэта найперш народ. І тут можна, відаць, перафразаваць Сталіна: няма мовы — няма народа.

— Безумоўна. Гэта ўжо не народ — гэта насельніцтва Беларусі.

— Таксама і Васіль Быкаў неяк сказаў, што трэба гаварыць не пра народ, а пра паслухмяны электарат.

— Так, беларусы не чуюць роднай мовы. Вось ён нараджаецца, і маці гаворыць з ім па-руску, а пасля школа — зноў па-руску. А калі, не дай Бог, турма — дык таксама абавязкова па-руску. Гэта нам яшчэ ад расійскай імперыі засталося, бо я не ўяўляю нацыянальную турму… (Усміхаецца.)

— Але лепей пра гэта нават не думаць. Аднак раней я прыгадаў некаторыя імёны, да прыкладу, той жа Уладзімір Караткевіч — ён заўсёды размаўляў па-беларуску?

— Канешне! Валодзя быў проста ўнікальны чалавек. Але вы разумееце, тут, у Беларусі, увесь час адбываецца нейкая дзіўная рэч: усё беларускае тут ужо якое стагоддзе запар душаць і душаць, і калі здаецца, што нацыянальнае жыццё практычна задушана, раптам Бог ці Лёс пасылае нам такіх асоб, як той жа Уладзімір Караткевіч… Але ўся надзея на тых, хто ідзе следам. Я вось ляжаў у бальніцы, дык урач паходжаннем з поўначы Расіі размаўляў на чысцюткай беларускай мове! У яго можна проста павучыцца вымаўленню! Ужо не кажу пра маладых. Да мяне неяк прыходзіў малады ксёндз, у якога беларуская мова — проста раскоша! Ці ваш сябар Дзяніс Абухоўскі — здавалася б: геадэзіст па спецыяльнасці, але таксама размаўляе на выдатнай беларускай мове. Ужо не кажу пра такога волата, як Глеб Лабадзенка, якога шалёна люблю… Калі маладыя пачнуць адраджаць мову, значыцца, яна будзе жыць.

— Вяртаючыся да Вашага сёмага класа: не ўзгадаеце, дзядзька Рыгор, якую мэту Вы пераследавалі, калі завялі той сшытачак з гучнай назвай «Слоўнік»?

— Справа ў тым, што калі вучыўся ў школе, слоўнікаў жа не было. Не такі ўжо я разумны быў, каб супраць крапівоўскага слоўніка ісці (усміхаецца) — ён выйшаў толькі ў 1953-м і, між іншым, адразу не лёг мне на сэрца. А свой слоўнік я рабіў для сябе. Ну, і каб, можа, усе ім карысталіся.

— У дзяцінстве ва ўсіх часта напалеонаўскія мары.

— Так! Я думаў, што літаральна ўсе будуць з маім слоўнікам хадзіць!

Рыгор Барадулін з мамай Акулінай Андрэеўнай. Фота Э. Дамарацкага

— Але бачыце, дзядзька Рыгор: мінула шэсцьдзясят гадоў, і калі не ўсе, але ж нехта сапраўды будзе карыстацца Вашым слоўнікам.

— Мне, канешне, хацелася б, каб яго прынялі.

— У Вас ёсць спадзеў на тое, што ён стане не толькі літаратурным фактам, але будзе мець і практычна-навуковае значэнне?

— Мне, вядома, хацелася б таго. Мне хацелася б троху змякчыць мову тых, хто вывучаў яе па кнігах ды газетах, каб яны «дагналі» яе да натуральнай мовы. Бо чым яшчэ добры «Вушацкі словазбор» — яго можна адкрыць на любой старонцы, ён цалкам напоўнены, тут няма нічога прахаднога.

— Застаецца спадзявацца, што калі будзе стварацца не ідэалагічна вывераны, а сапраўдны слоўнік сучаснай жывой беларускай мовы, дык Ваш «Вушацкі словазбор» таксама будзе прыняты пад увагу.

— Хай пяць слоў, але возьмуць.

А якія слоўнікі асабіста для Вас і дасюль застаюцца ўзорам, якія Вы пад рукой трымаеце і да якіх час ад часу звяртаецеся?

— Такім слоўнікам быў і застаецца слоўнік Ластоўскага — ён самы чысты, самы беларускі. Праўда, там шмат словатвораў, але гэты слоўнік мне найбольш падабаецца.

Памятаю, што дома ў Вас было ажно пяць экземпляраў гэтага слоўніка, і калі нехта запытаўся, нашто Вам столькі, дык Вы адказалі, што слоўніка Ластоўскага шмат не бывае.

— Але я ўжо раздарыў яго…

Ну, і яшчэ адзначыў бы слоўнік Даля, бо там страшэнна многа беларускіх слоў. Калі ў мяне не было слоўніка Ластоўскага, дык я, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, хадзіў у бібліятэку і выпісваў са слоўніка Даля тыя беларускія словы.

Наогул кажучы, я люблю паглядзець і іншыя слоўнікі, бо, дзякуй Богу, у свой час было шмат іх выдадзена — і слабых, і моцных, але пасля гуманітарныя навукі сталі практычна не патрэбныя і ўсё ляснулася. А якія могуць быць слоўнікі без гуманітарных навук?

Сапраўды, пра што гаварыць, калі ўжо аб’ядналі інстытуты мовы і літаратуры, дый назвалі тую новую ўстанову імёнамі Купалы і Коласа!

— Гэта як у тым анекдоце: Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс — гэта чатыры розныя чалавекі. Тут практычна тое самае.

Паэт Міхась Скобла неяк сказаў, што калі не ведае, як правільна пісаць тое ці іншае слова, дык глядзіць, як напісаў Барадулін. А калі Вы не ведаеце, як правільна пісаць, ці звяртаецеся да сучасных слоўнікаў?

— Тады я прыгадваю, як мама гаварыла ці як гаварылі нашыя суседзі, бо вушацкі варыянт беларускай мовы пры мне быў яшчэ жывы. А калі мова жывая, дык нават небеларускае слова ў агульнай моўнай плыні можа зрабіцца беларускім.

Ваша дзіцячая мара, дзядзька Рыгор, нарэшце здзейснілася — слоўнік выдадзены, але ж Вы не можаце паўтарыць за тым паэтам, які сказаў: «Напісаў апошні верш пра каханне — закрыў тэму»?

— Не, тэму я, канешне, не закрыў. Вушацкія словы дасюль прыходзяць да мяне, яны штурхаюцца ў мяне пад сэрцам. Калі я нават у рэанімацыі ляжаў, дый і тады да мяне прыйшоў нейкі вушацкі выраз!

А ці ўся выдадзеная Вашая паэзія?

— Не, яшчэ многа засталося, і маёй, і перакладной — той, што ніколі не друкавалася. Але я не спадзяюся, што гэта будзе некалі выдадзена. Не спадзяюся, бо там мне гэта будзе ўжо аднолькава.

Прыгадваецца, што яшчэ ў 1964 годзе ў эсэ «Дзякуй роднаму слову!» Вы — тады яшчэ трыццацігадовы — прызнаваліся, што хоць кніг у Вас у той час выйшла больш, чым у Максіма Багдановіча пры жыцці, але з радасцю пагадзіліся б мець адзін такі «Вянок». Скажыце па шчырасці, дзядзька Рыгор, ці аддалі б сёння якія свае паэтычныя зборнікі за «Вушацкі словазбор»?

— Відаць, кніжак пяць-шэсць аддаў бы, але — ранніх вершаў. Апошніх — не.

Якія ў такім выпадку Вы назвалі б галоўнымі з ліку Вашых кніг? Відаць, «Евангелле ад Мамы», «Ксты»?

— І яшчэ «Песьні матчыны з Вушаччыны», была маленькая такая кніжачка, якую некалі выдаў Уладзімір Лапцёнак.

«Вушацкі словазбор» — таксама адна з Вашых выніковых кніжак?

— Безумоўна.

          

Рыгор БАРАДУЛІН

ВУШАЦКІ СЛОВАЗБОР

СЛОЎНІК

Абалынка — хмурынка, аблачынка. Набегла абалынка й сонейка схавала.

Абдзіртус — той, на якім адзежа хутка рвецца, абадранец. На абдзіртуса адзежы не напасешся.

Аб’есці — наесціся ўволю, сагнаць смак. Аб’елі шчупакоў, язі будуць наставаць, тады ўжо іх пад’ядзём.

Абліваха — дождж са снегам; яшчэ — слізгата. Такая абліваха, што кажух карыной зробіўся. Абліваха такая, што па дарозі каціцца можна, павалішся — галавы не збярэш.

Абялёдаваць — есці са смакам. Так клёцкі абялёдаваіць, аж нос упрысядкі йдзець, аж за вушамі скрыпіць.

Анінютанькі — нізавошта, ні ў якім разе. Да работанькі анінютанькі, а да любатанькі, ах, мае матанькі.

Ваўкарэзіна — абразлівы зварот да каровы, каня. Стой, ваўкарэзіна, каб на цябе ваўкі!

Густыш, гусцё, гусцёж, гусцяк, гусцяёк — густое ў варыве. Увесь густыш з капусты выцягаў, а жыжку пакінуў. Ты яму гусцяйку чарэпай.

Дабрапсуй — хто дабро псуе. Купіла б мужыку пінжак, ды гэны дабрапсуй яго ўсё роўна зблоціць.

Жаўжаняткі — малыя жвавыя дзеткі. Для маткі роўныя ўсе жаўжаняткі.

Жванікі — пажванае едзіва, якім, бывае, кормяць малога, яшчэ бяззубага. Сама еш жванікі свае, а мне ня торкай.

Залівень — заліўны дождж, залева. Залівень як запражэцца, дык свет белы заліць гатоў.

Захцяначкі — прышчыкі на твары ў падлеткаў. Ускочылі захцяначкі — думай пра наначкі.

Збычыцца — насупіцца. Чаго ты збычыўся, ты ж дачку замуж аддаеш.

Здыхля, здыхлік, здыхляціна — нягеглы, змарнелы. Ня конь, а здыхля, такога хоць самога вязі.

Кугугутанька — ласкавае найменне зайца. А мой ты заінька, а мой ты кугугутанька. (Малога мяне так кволіла мама.)

Курдупэпачка — маленькая асоба, як кнопачка. Курдупэпачка такая, а яшчэ звысоку глядзіць.

Кусанік — надкушаны, недакусаны хлеб, пірог. Мне чужых кусанікаў ня трэба.

Мазгаўня — галава. У яго мазгаўня яшчэ добра варыць.

Мазолькі — мазгі. Пакруці трошку сваімі мазолькамі й дадумаешся, на чым свіння хвост носіць.

Нагбом — піць з усяго вядра, каўша. Пілі гора й нагбом, і каўшом.

Нагруднік — бюстгальтар. У дзеўчынёшкі ўжо сісёнкі адскочылі, у нагруднічак просяцца.

Пахадушкі — клопат, хаданіна. Чалавек у пахадушках, дык час неўзаметку праходзіць.

Пахапунькі — успомненае ці раптам прыдуманае. З яго пахапунькі сыпяцца, як з дзюравага меха.

Пацалуйнічак — хто любіць цалавацца. Матчына радасць — сынок-пацалуйнічак.

Прыбабунька — вясёлая прыгаворка. Ён без прыбабунькі й кроку ня ступіць, і за стол ня сядзіць.

Самалюбімы — самалюбівы, прагны да славы. Такі ўжо самалюбімы, баіцца на свой цень наступіць. Ён такі самалюбімы, што сам з сябе пылінкі здзьмухваіць (Мама заўсёды казала так; у гэтым варыянце больш сэнсу).

Сачок — жакет. Такі лёгкі сачок — у ім і ў госці, і ў скокі добра. Цэлае лета на пасту ганяла, а на сачок — спіну прыкрыць — не заробіла.

Сушонікі — грыбы, якія сушаць. Сёлета сушонікаў цэлую торбу назбірала.

Таўстамясіца — мажная, поўная. Ён як бражджэль каля сваёй таўстамясіцы.

Таўсціла — тоўсты. Зайшоў таўсціла ў хату — адразу цесна стала.

Тулінька — ласкавае кліканне, падзыванне маладога каня. Спачатку «тулінька-тулінька», а пасля «стой, воўча мяса!».

Турурукацца — гучна весці размову. Як пачнуць турурукацца — сціху ім німа.

Тутацька — тут. Куды ні кінуся — німа, ні тутацька, ні тамацька.

Хлебнік — хто спрыяе зарабляць хлеб. Конь — хлебнік, а каровам усё пад хвост пхаюць, а пасля кароў за хвост цягаюць.

Ясачка — блісцінка, іскрынка. Хусцінка ў ясачкі, ідзець маладзіца — аж сама свеціцца.

Ясік — ласкавы зварот да дзіцяці. Ясік ты мой, дзень мой пагодлівы.

УСТОЙЛІВЫЯ ВЫРАЗЫ

Адкінуць хвост — захварэць, злегчы. Работы з яе, як з мятлы лісця, троху папоркалася ў гародзе й хвост адкінула.

Барання нага — 16 кг; пра худзенькую дзяўчынку.

Мех з торбачкай — удосыць, шмат. І ў гасцях былі, і з сабой далі мех з торбачкай.

Мой ты свой — ласкавы зварот да знаёмага. А мой ты свой, як жа я рада, што напаткала цябе.

У сабакі вачэй пазычыўшы.

Цыцы-брыцы — пра хварсістых з прасмішкай.

ПРЫКАЗКІ Й ПРЫМАЎКІ

Бог сірот любіць, толькі шчасця не даець.

Век зжыць — не смех сшыць.

Вышэй за лоб не ходзяць вочы.

Горка гарэлка, але п’юць, дрэнна замужам, але йдуць.

Дзе трушком, дзе бяжком, а дзе й шагам.

Дзе шэпты, там і гешэфты.

Добра таго біць, каму баліць, добра таго лаяць, хто сорам маець.

Душа сваю долю чуе.

Жаніся, каб дурныя не звяліся.

З кім не рос, таму не дзьмі ў нос.

Лапаць не князь — абуў ды ў гразь.

Людскі рот — не гарод, не паставіш плот.

Маладосць — буйносць, старасць — кайнасць.

Пашкадаваў воўк кабылу — пакінуў хвост ды грыву, — ці будзіць яна жыва?

Сабака й на Бога брэшаць.

Хто чаго не любіць, тое таму будзець.

ПРЫГАВОРКІ Й ЗЫЧЭННІ

Хто доўга спіць, той доўг наспіць.

Досыць зубы шчэрыць, будзем вячэраць.

Еш, пакуль не запяеш.

З кута ў кут — і вечар тут.

З’еш акрайчык, каб быў сын Мікалайчык.

Хто цешчу не б’ець, той на тым свеце зайцаў пасець.

Як спалася, ці суха ўсталася? (Пытаюцца ў малога ўранні.)

Не будзе з яго людзей.

Толькі ймя займаець.

Трэба жыць і мучыцца, пакуль смерць налучыцца.

Смерць і радзіны не чакаюць гадзіны.

Не па старасці, а па спеласці (паміраюць).

Хай са святымі адпачываюць і нас дажыдаюць (адыходзячы з магільніка).

СТРАВЫ

Бульба ў панчошках — бульба ў шалупках, нячышчаная, звараная цалкамі. На вячэру бульба ў панчошках, кожны сам разуваіць.

Вантрабянка — кілбаса. Кішка, напханая (накрапаная) вантробамі (ліверная). Вантрабянку ў капусце зварылі, наеліся, аж вочы пакруглелі.

Дзяронікі, дзярбуны, драчкі, суконнікі (посныя), таптуны — бліны ці сачні з дзяронай на тарцы бульбы. Хоць дзяронікам голад адгоніш. І дзярбун сала любіць. Бульба здаровая, як на драчкі. На таптуны трэба бульба й жменя мукі.

Калатуха — варыва з мукі. Еш калатуху, пакуль гарачая.

Самагонка. Калі самагонка плачаць (на сценках пляшкі кроплі), значыць, дрэнная.

Квашаніна — сцюдзень, халадзец. Еш квашаніну, пакуль не раз’ехалася.

Лянуха — варыва са свежай капусты, часта бялёнае. Лянуха — не свята для бруха.

Мурцоўка. У міску крышыцца цыбуля, хлеб, соль і ўсё заліваецца вадой. Па мурцоўцы не памарцуеш, а свайго падрабяззя не ўчуеш.

Перапечка — пшонная пульхная булачка. Дзеўка, як перапечка, так і цягніць за азадачак ушчыкнуць.

Пражонка. У чыгунку пражэцца (тушыцца) сала, кілбаса, скабінка (рабрына). У яе мачаюць бліны ці закручваюць у блін. Калядны стол без пражонкі, як мужык бяз жонкі.

Сала любіць, каб у цеснаце і ў солі, каб адно каля аднаго ляжала. Калі няма марозу, сала слізніць.

Сарокі, ці клёцкі з душамі. Бульбяныя клёцкі, унутры «душа» — сала ці сечанае мяса.

Хлебнічак — печыва. Хлебнічкі пякуць з макам — рыхлыя такія булкі перад печчу.

Абмеркаванне:

  • Morty
  • 2014-07-11 06:20:32
Hello, my name is Morty Goldman; I just stumbled upon your site - novychas.info - I'm sorry to write in such an odd manner, I thought to call you but I didn't want to take up your time. What I have
to say may be of great interest to you. Did you know that an overwhelming majority of businesses, organizations and celebrities buy likes and followers? What, you thought your competitor's likes and
followers are organic and naturally gained? Ha ha. Just recently Gangman Style ( http://www.youtube.com/watch?v=9bZkp7q19f0 ) reached a record 2 billion views. Now imagine the scale of Gangnam
Style's popularity being applied to your business! This is exactly how I deliver results to my clients - and I assure you that you'll be overwhelmingly pleased with the outcome.



Give us a call: +1 (877) 410-4002

or visit us at http://www.SuperbSocial.net
  • Morty
  • 2014-07-11 06:20:33
Hello, my name is Morty Goldman; I just stumbled upon your site - novychas.info - I'm sorry to write in such an odd manner, I thought to call you but I didn't want to take up your time. What I have
to say may be of great interest to you. Did you know that an overwhelming majority of businesses, organizations and celebrities buy likes and followers? What, you thought your competitor's likes and
followers are organic and naturally gained? Ha ha. Just recently Gangman Style ( http://www.youtube.com/watch?v=9bZkp7q19f0 ) reached a record 2 billion views. Now imagine the scale of Gangnam
Style's popularity being applied to your business! This is exactly how I deliver results to my clients - and I assure you that you'll be overwhelmingly pleased with the outcome.



Give us a call: +1 (877) 410-4002

or visit us at http://www.SuperbSocial.net
  • Morty
  • 2014-07-11 06:20:33
Hello, my name is Morty Goldman; I just stumbled upon your site - novychas.info - I'm sorry to write in such an odd manner, I thought to call you but I didn't want to take up your time. What I have
to say may be of great interest to you. Did you know that an overwhelming majority of businesses, organizations and celebrities buy likes and followers? What, you thought your competitor's likes and
followers are organic and naturally gained? Ha ha. Just recently Gangman Style ( http://www.youtube.com/watch?v=9bZkp7q19f0 ) reached a record 2 billion views. Now imagine the scale of Gangnam
Style's popularity being applied to your business! This is exactly how I deliver results to my clients - and I assure you that you'll be overwhelmingly pleased with the outcome.



Give us a call: +1 (877) 410-4002

or visit us at http://www.SuperbSocial.net

Каментаваць