Рым. Скрыжаванне сусветаў

Сустрэча з Вечным горадам пачынаецца з ўкраінскай базілікі за пару соцень метраў ад калізея. Імаверна, таямніца «Вечнага горада» ў тым, што тут нічога не знікае, а накладаецца адно на адно нібы каржы слаёнага пірага.



Па сканчэнні літургіі трэба спяшацца, каб паспець на плошчу св. Пятра, дзе кожную нядзелю а 12-й прамаўляе папа. Дзе па вуліцы, а дзе на метро патрапляем у цэнтр.

У Рыме, дарэчы, хіба як нідзе ў Італіі, кідаецца ў вочы поўная адсутнасць дарожных правілаў. Прычым разумеюць гэта як кіроўцы, так і пешаходы: хто паспеў, той і правы. Калі прыгледзецца, то большасць прыпаркаваных машынаў падрапаныя, ніхто гэтым не пераймаецца. Пасля сутыкнення ўдзельнікі ДТЗ тут хутчэй пойдуць разам піць каву, чым выклічуць паліцыю.

Метро бруднае, асабліва пасля стэрыльнага Мінску альбо Варшавы. Веткі ўсяго дзве, але каб дабрацца да станцыі часам прыходзіцца пакружляць сапраўднымі лабірынтамі — з-за археалогіі ды падземных водаў у цэнтры. Пазнаёміцца ў метро прасцей простага: калі бачыш светлую дзяўчыну з нязграбнай ангельскай — украінка. А вось «сапраўдны» з выгляду італьянец, які прыслухоўваецца да тваёй гутаркі проста можа апынуцца… грузінам.

Подбегам крочым да пляцу св. Пятра — паспелі. Такіх, як мы, тут ужо тысяч пятнаццаць як мінімум: поўны інтэрнацыянал. Папа прамаўляе з вакна сваёй бібліятэкі, а карцінка транслюецца на вялікі экран базілікі. Кароткае пасланне заканчваецца воплескамі, праз 20 хвілін пляц вольны, а людзі зноўку спяшаюцца па сваіх справах... Такая логіка жыцця «Вечнага горада».

У саму базіліку давядзецца трапіць толькі на наступны дзень, у панядзелак: бо ў нядзелю чарга, завёрнутая паўкругам па форме каланады, застаецца стаяць і пасля казання. Каб трапіць у сабор св. Пятра, найлепш прыходзіць зранку, інакш можна згубіць паўдня на стаянне. Прыйдзіце раней, гадзін у дзевяць, не пашкадуеце.

У саборы можна сабе ўявіць, як трымцеў перад веліччу Касцёла чалавек, які трапляў сюды 300–400 гадоў таму, не бачыўшы папярэдне будынкаў вышэй за тры паверхі. Тут можна адчуць сябе вечным вучнем: адкуль і з чым бы ты не прыйшоў, галава ўсё адно будзе закінутая дагары, а думкі перабывацьмуць высока ў нябёсах.

Каб дабрацца да труны св. Язафата Кунцэвіча, прыйдзецца тлумачыць ахоўніку па-італьянску, што ты вернік і хочаш паспавядацца. Іншага шляху няма, турыстаў у гэтую частку не пускаюць. Наогул, сабор св. Пятра — гэта цэлы сусвет, дзе можна хадзіць днямі: унутраныя памяшканні і капліцы, падзямеллі, купал…

Ад сабору ў бок Тыбру ідзе праспект з калонамі з ліхтарамі ўздоўж. Яго стварыў Мусаліні, літаральна «рассунуўшы» старажытныя будынкі па баках: іх перанеслі на адмысловых платформах. Гэта не адзіная архітэктурная спадчына, якую пакінуў па сабе дыктатар — рымляне ставяцца да яго густаў па-рознаму, але пры гэтым анічога не прыбіраюць.

У гэтым, імаверна, і ёсць таямніца «Вечнага горада»: тут нічога не знікае, а накладаецца адно на адно нібы каржы слаёнага пірага. Паганскія храмы, як пантэон, сталі хрысціянскімі святынямі, калона Траяна з унікальнымі барэльефамі ператварылася ў помнік царкве з усталяваным на гары крыжам, вечны агонь на Алтары Айчыны, скончаным за часамі Мусаліні, ніколі не згасаў, а побач і зараз дзяжурыць ганаровая варта. Падыход «…до основанья, а затем…» — гэта дакладна не пра Італію.

У падземным пераходзе часам толькі і бачыш, што белыя зубы ды жаўтаватыя бялкі вачэй — чарнаскурыя прадаўцы чакаюць на кліентаў з сумкамі, хусткамі, драўлянымі падносамі альбо кійкамі для тэлефонаў, якімі турысты пасля робяць сабе сэлфі.

Рым заўжды быў перапоўнены стракатай публікай з усяго свету: германцамі, галамі, дакамі, карфагенцамі… таму і «панаехалі» асабліва не скажаш — ужо дзве тысячы год як «панаехалі». Але на фоне зніжэння прыросту мясцовага насельніцтва гэта, канешне, адчуваецца: у пэўных раёнах італійцы ўжо не рызыкуюць хадзіць уначы, а дробныя кругласуткавыя крамы за пару сот метраў ад цэнтру — гэта абавязкова вотчына пакістанцаў альбо кітайцаў.

Рым супярэчлівы і адначасна чароўны: з гадалкамі на паўпустых начных вуліцах, вулічнымі мастакамі з Філіпінаў і бязногімі румынамі, якія гадамі просяць тут падаянне на прыступках старажытнарымскіх храмаў, даўгалыгімі нямецкімі турыстамі з пустымі вачыма і самалійцамі-прадаўцамі парасоляў, якія могуць ведаць па-італьянску толькі «л’амбрэла…». Горад, па якім не варта сумаваць. Варта вярнуцца.

Каментаваць