Сабраць грошы і выкупіць у дзяржавы музей Максіма Багдановіча ў Мінску

Гэтую прапанову тэатральнага рэжысёра Валеры Мазынскага падтрымалі прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі – удзельнікі прэсавай канферэнцыі ў абарону Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, што адбылася 11 снежня ў Мінску.



Як паведаміў пісьменннік Уладзімір Арлоў, гаворка ідзе пра пераўтварэнне ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ўстановы культуры, прысвечанай нацыянальнаму генію, чыё імя стаіць побач з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Незалежна ад таго, ці гэта вынік бездумнасці, альбо безадказнасці работнікаў і кіраўніцтва Міністэрства культуры, ці за гэтай сітуацыяй стаіць нейчае імкненне захапіць прэстыжны будынак у добрым раёне горада, у кожным выпадку мы маем справу з вельмі моцным ударам па беларускай культуры, сказаў Арлоў.
 
 
На ягоную думку, прычынай паніжэння статусу музея стала менавіта яго актыўная дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, у тым ліку правядзенне шматлікіх творчых конкурсаў, мастацкіх выстаў, навуковых канферэнцый, літаратурных чытанняў, сталае міжнароднае супрацоўніцтва з калегамі ў Арменіі, Расіі, Польшчы і Украіне, а таксама трапяткое стаўленне супрацоўнікаў гэтай установы культуры да імя і спадчыны класіка беларускай літаратуры.
 
 
Паэт Уладзімір Някляеў параўнаў адносіны да культуры ў Беларусі і Украіне, дзе ніхто не выцясняе з Майдану Лесю Украінку і Тараса Шаўчэнку, ніхто не выцясняе з Майдану Украіну. А ў нас гэты працэс ідзе з самага прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліў паэт. Ён лічыць, што творчая інтэлігенцыя павінна змагацца супраць спроб знішчэння беларускай культуры.
 
 
Палітык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі падкрэсліў вялікую ролю Алеся Бяляцкага ў арганізацыі музея Максіма Багдановіча, які з’яўляецца першай ў краіне музейнай установай, створанай навукоўцамі і мастакамі не па савецкіх канонах.
 
 
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч звярнуў увагу на тое, што пад аптымізацыяй беларускай культуры адбываецца яе русіфікацыя.
 
 
Паводле словаў паэта Генадзя Бураўкіна, грамадскасць бачыць хітрыкі чынавенства. Так, пасля аб’яднання акадэмічных інстытутаў мовы і літаратуру ў адну ўстанову, якая, на дзіва, носіць адразу імены дзвух класікаў -- Янкі Купалы і Якуба Коласа, прыкметна скараціліся даследаванні па беларускай мове і беларускай літаратуры. Затым паэт нагадаў пра “мінімізацыю прадстаўлення сучаснай беларускай літаратуры ў школьных праграмах”, пра “чорныя спісы” дзеячаў беларускай культуры, пра перадачу Следчаму камітэту Рэспублікі Беларусь будынка на сталічнай вуліцы імя Міхаіла Фрунзе, 19, які належыў Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь.
 
 
“Усё чамусьці робіцца, каб скараціць, урэзаць, загнаць некуды ў падполле”, -- сказаў Бураўкін. На ягоную думку, чынавенства робіць усё для таго, каб беларуская дзяржава не была нацыянальнай. “Вось чаму нацыянальнай ідэя, нацыянальная гісторыя і нацыянальная культура прыціскаюцца і нішчацца”, -- адзначыў Генадзь Бураўкін.
 
 
Мастак Аляксей Марачкін падкрэсліў, што “прыніжаючы імя Максіма Багдановіча, прыніжаюць усіх беларусаў”. Паводле ягоных слоў, чарговы з’езд Беларускага саюзу мастакоў, які адбудзецца ў Мінску 23 снежня, павінен прыняць адпаведную рэзалюцыю наконт сітуацыі вакол музея Багдановіча.
 
 
Акрамя таго, запланавана падрыхтоўка лістоў да ўлады і розных творчых акцый, у тым ліку правядзенне літаратурных чытанняў, перформансаў і выступаў бардаў супраць зніжэння статусу музея Максіма Багдановіча.

Каментаваць