Самая старажытная кніга Беларусі вяртаецца на радзіму

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды перавыдання Тураўскага евангелля — самага старажытнага кніжнага помніка Беларусі, і аднаго са старэйшых ва Ўсходняй Еўропе.



Старонкі Тураўскага евангелля. Фота Аляксея Хадыкі


Падзея прыцягнула даволі вялікую, як на канец жніўня, увагу прэсы і тэлевізіі. І не дзіўна:  гэта чарговы ўдалы нацыянальны праект па якасным аднаўленні штучных — у сэнсе адзінкавасці і ўнікальнасці — помнікаў беларускай кніжнай культуры.

Прэс-канферэнцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы 27 жніўня 2014 года

Прыгадаем Слуцкае евангелле і альбом са 165-ю графічнымі выявамі роду Радзівілаў. Ужо традыцыйна, кніга не толькі густоўна выдадзена паліграфічна, так што адраджаюцца асаблівасці і саміх старонак, і вокладкі, але таксама забяспечана высокаякасным навуковым каментаром і апаратам. Апошнюю справу з гонарам выканаў доктар гістарычных навук Пётр Лысенка.

Пётр Лысенка на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы. 27 жніўня 2014 года

Ініцыятыву выдання падзялілі маміж сабой уласна Нацыянальная бібліятэка (у асобе дырэктара Рыгора Матульскага), спонсар — прадстаўніцтва фірмы XEROX у Беларусі (кіраўнік — Аляксандр Швец) і Беларускі экзархат РПЦ.

Выпуск Тураўскага Евангелля стаў другім сумесным праектам кампаніі XEROX і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пасля перавыдання віленскага «Буквара» 1767 года, выкананага двума гадамі раней.

Застаецца нагадаць, што арыгінал Тураўскага евангелля ХІ стагоддзя, а, дакладней, той дзясятак старонак, што ад яго засталіся, захоўваецца ў Вільні, і факсімільная копія — адзіны спосаб вярнуць яго ў Беларусь.

.

Факсімільнае перавыданне Тураўскага Евангелля, вокладка

Каментаваць