Самы народны музей Беларусі

15 мая Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН адзначыў сваё 33-годдзе. Гэтай падзеі прысвячалася публічная лекцыя аднаго з яго заснавальнікаў, прафесара Юрыя Хадыкі, якая прайшла ў Таварыстве беларускай мовы на Румянцава, 13 у Мінску.



15 мая Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН адзначыў сваё 33-годдзе. Гэтай падзеі прысвячалася публічная лекцыя аднаго з яго заснавальнікаў, прафесара Юрыя Хадыкі, якая прайшла ў Таварыстве беларускай мовы на Румянцава, 13 у Мінску.


Калі энтузіясты-збіральнікі гэтага ўнікальнага сховішча старога нацыянальнага мастацтва ў 1979 годзе падлічылі колькасць удзельнікаў навуковых і дабраахвотных экспедыцый па ўсёй Беларусі, цягам якой збіраліся абразы і скульптуры, царкоўнае ўбранне і помнікі этнаграфіі, яны моцна ўразіліся. Высветлілася, што над стварэннем сапраўды народнага музея ў часы брэжнеўскага застою і ідэалагічных цугляў, накінутых на грамадскае жыццё, працавала больш за 120 чалавек.

Халодны недавер уладаў да шукальнікаў прыгажосці нацыянальнага мастацтва праявіўся вельмі хутка. Ужо праз 4 гады пасля першай экспедыцыі пачатковая калекцыя, каля 250 твораў сакральнага мастацтва, была канфіскаваная і перададзеная ў фонды Мастацкага музея Беларусі — са спадзяваннем назаўжды схаваць іх ад людскога вока. З той жа сферы — забарона канферэнцыі «Этнагенез беларусаў» у 1973-м: з «нацыяналізмам» змагаліся не на жарт. Прычына была банальнай: праверка ідэалагічнай працы беларускіх камуністаў з ЦК КПСС.

Але пагроза мінулася, у 1979-м надыходзіла 50-годдзе Беларускай акадэміі навук, і яе прэзідэнт Мікалай Барысевіч даў дазвол на дзейнасць музейнай групы, а з 1977-га — аддзела старажытнабеларускай культуры, які ачоліла Вольга Церашчатава. Быў дадзены дазвол і на планаванне памяшканняў музея, якія адчыніліся ў 1979-м.

Юры Хадыка


Гадавіна зрабілася нагодай прыгадаць імёны апантаных рупліўцаў вывучэння культурнай спадчыны, якія натхнілі сваёй працай дзясяткі паслядоўнікаў. З сярэдзіны 1960-х энтузіястаў згуртавалі бліскучыя лекцыі па гісторыі мастацтваў Элеаноры Вецер, першаадкрывальніцы — пасля Міколы Шчакаціхіна — прыгажосці беларускай іконы. Пасля яе звальнення з Інстытуту мастацтвазнаўства ў тым самым 1974 годзе справу пераняла Вольга Церашчатава, першы дырэктар будучага музея. Яе намаганнямі стваралася сённяшняя экспазіцыя і адкрытыя для наведвальнікаў фонды: разам каля 630 твораў сакральнага жывапісу, амаль 200 скульптур, а з іншымі рарытэтамі больш за 17 тысяч экспанатаў. Наладзілася рэстаўрацыйная дзейнасць. Прайшлі першыя навуковыя канферэнцыі, пабачылі свет зборнікі па новых адкрыццях старых помнікаў. Плён працы музейных навукоўцаў — манаграфіі па гісторыі іканапісу, скульптуры, шкларобства, кнігадрукарства, старой гравюры, этнаграфіі Беларусі. Сёння яны — падмурак ведаў па беларускай культуры ў школьных і ўніверсітэцкіх курсах.

«Тройца» з Дастоева, XVII ст., і «Пакланенне вешчуноў» з Дрысвятаў, пасля 1514 г.
— шэдэўры Музея старажытнабеларускай культуры



Але як і ў час адкрыцця, музей, размешчаны па адрасе вул. Сурганава, 1, корпус 2 — напаўзакрытая ўстанова, куды трапляюць па папярэдняй дамоўленасці. А ў сувязі з агучанымі днямі ў прэсе планамі ліквідацыі Інстытутf мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ды інстытуту мовы і літаратуры з ператварэннем іх у цэнтр гуманітарных навук — нагадвае вяртанне АН у часы Інбелкульта, ці не праўда? — лёс музея выклікае асаблівае хваляванне. Магчыма, замест будаўніцтва чарговага лядовага палацу беларускай дзяржаве варта ашчадзіць сродкі на рэстаўрацыю годнага старога будынка ці ўзвядзенне новага ў цэнтры горада, каб упрыгожыць сталіцу ўжо даўно падрыхтаванай дзеля гэтага ўнікальнай калекцыяй?

Каментаваць