Сцяжынамі роднага горада

Цікавая экскурсія па адметных мясцінах горада адбылася днямі пры культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага.



Помны знак на сімвалічнай магіле Дарты Пліекшан


Пачалася яна з наведання адной з самых старых з наяўных у абласным горадзе каталіцкіх святыняў — касцёла святой Барбары. Пра гісторыю храма, перыпетыі яго лёсу, дзень сённяшні распавёў удзельнікам экскурсіі кіраўнік парафіяльнай супольнасці касцёла айцец дамініканін Крыштаф Коцян. Паляк паводле паходжання, ён уразіў прысутных і добрым веданнем фактычнага матэрыялу, і прыстойным узроўнем валодання беларускаю мовай.

Другім пунктам маршруту экскурсантаў сталі Старасямёнаўскія могілкі, дзе побач з фрагментам цаглянай брамы 19 стагоддзя сёння месціцца сімвалічная магілка пахаванай дзесьці ў лютаранскай частцы кладоў Дарты Пліекшан, маці класіка латышскай літаратуры Яна Райніса. Творцы, чый голас неаднойчы настойліва гучаў у Латвіі ў 20-я гады ў абарону правоў беларускай нацыянальнай меншасці і чый прыезд у лістападзе 1926 года ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2 (цяпер — тэатр імя Якуба Коласа) яскрава засведчыў прыхільнасць знакамітага латыша, 150-гадовы юбілей якога будзе адзначацца ў наступным годзе, да нашага краю. Пра ўсё гэта, як і пра іншыя адметныя куткі самых старых у горадзе могілак (напрыклад, месца супачыну мастака Юдэля Пэна), распавялі прысутным былы дырэктар Віцебскага літаратурнага музея Святлана Казлова і арганізатар мерапрыемства пісьменнік Франц Сіўко.

Надмагільны бюст Юдэля Пэна (аўтар А. Гвоздзікаў)

 

А самай багатай на адкрыцці аказалася вандроўка па цэнтры Віцебска, якую правёў захоплены мінуўшчынай і хараством родных краявідаў чалавек, шматгадовы старшыня гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы, тэхнар паводле адукацыі Валянцін Арлоў. Яго змястоўны, шчодра ілюстраваны фотаздымкамі  беларускамоўны аповед пра касцёлы, цэрквы, сінагогі горада, даўнейшыя і сённяшнія, безумоўна, сталіся не толькі выдатным сведчаннем верацярпімасці многіх пакаленняў віцяблянаў, іх здольнасці да аднаўлення веры, але і своеасаблівым урокам паважлівага стаўлення да сваёй гісторыі, здабыткаў культуры, мовы.    

Фота аўтара

Каментаваць