Сем з паловай забойстваў «Масакры»

Карціну «Масакра» Андрэя Кудзіненкі, прэм’ера якой мае адбыцца 7 лістапада, ужо пабачыла прэса. Аўтар гэтых радкоў назіраў за з’яўленнем «першага беларускага бульба-хорару» яшчэ калі складаўся сцэнар — ды з таго часу стаўся зацятым заўзятарам стужкі. Каб не быць занадта суб’ектыўным, выкладу толькі факты і назіранні.

Вашай увазе — сем з паловай гісторый «Масакры» (па колькасці забойстваў у карціне).



Карціну «Масакра» Андрэя Кудзіненкі, прэм’ера якой мае адбыцца 7 лістапада, ужо пабачыла прэса. Аўтар гэтых радкоў назіраў за з’яўленнем «першага беларускага бульба-хорару» яшчэ калі складаўся сцэнар — ды з таго часу стаўся зацятым заўзятарам стужкі. Каб не быць занадта суб’ектыўным, выкладу толькі факты і назіранні.

Вашай увазе — сем з паловай гісторый «Масакры» (па колькасці забойстваў у карціне).

(На здымку: У цэнтры: рэжысёр Андрэй Кудзіненка. Усе фота masacra.tut.by)


Гісторыя стварэння

Ідэя паставіць містычны трылер з’явілася ў Андрэя Кудзіненкі напрыканцы 1990-х гадоў. Але пасля стужкі «Акупацыя. Містэрыі», якая была забаронена ў Беларусі, Кудзіненка стаў на радзіме апальным аўтарам. Рэжысёр застаўся без працы і з’ехаў у Расію, дзе здымаў серыялы і паставіў на студыі Паўла Лунгіна кінапаўтор «Розыгрышу».

Сучасны «Розыгрыш» прадстаўляў Расію на міжнародных кінааглядах, а тым часам у Беларусі дазвання абсмоктвалася ваенная тэма — нягледзячы на супраціў мастацтва і публікі. Цэтлік «Беларусьфільма» разганяў гледачоў.

Напрыканцы 2008 года кінастудыя адправіла Кудзіненку сцэнары, якія ён бы мог паставіць на «Беларусьфільме». Кудзіненка нецікавыя прапановы адкінуў і даслаў сваю заяўку на містычны хорар, «каб адчапіліся».

Але за заяўку ўчапіліся абедзвюма рукамі. Кіраўнік кінастудыі Уладзімір Замяталін асабіста патэлефанаваў рэжысёру і запрасіў на радзіму здымаць карціну, абяцаючы ўсялякае спрыянне.

Гісторыя сюжэту

«Масакра» пастаўлена па матывах «Локіса» Праспэра Мэрымэ. Страшная гісторыя мядзведзялака была экранізаваная ў 1920-я (паводле сцэнару савецкага наркама Луначарскага). У 1970-я гады польскі рэжысёр Януш Маеўскі зрабіў нуднавата-каляровую версію «Локіса».

Але Андрэй Кудзіненка сцвярджае, што «Локіс» — не толькі літоўскія, але і беларуская легенда, і што на поўначы Беларусі ёсць месца, дзе сяляне забілі пана-мядзведзя.

Сцэнарыст Аляксандр Качан перанёс дзеянне мядзвежай «Масакры» ў часы пасля задушэння вызвольнага паўстання. Шляхецкія маёнткі набываюць новыя гаспадары. У маёнтак графа Пазуркевіча трапляе авантурнік Казанцаў, які выдае сябе за навукоўца-кнігалюба. Авантурнік заляцаецца да нявесты графа, якая Казанцаву сімпатызуе. Але граф — люты мядзведзялак, і гасцям, якія прыехалі на заручыны (і продаж маёнтку), — не пазайздросціш.



Гісторыя акцёраў

Спачатку Андрэй Кудзіненка падбіраў у «Масакру» толькі беларускіх акцёраў. Але знайсці графа і ягоную нявесту, каб акцёры падыходзілі па ўзросце, фактуры, шляхетнасці, на жаль, не атрымалася. Дзмітры Мілер і Марыя Курдзяневіч — акцёры расійскія. Але самі расійскія крытыкі іх не пазналі — дый палічылі за беларускіх акцёраў. Дзмітры Мілер увогуле без акцэнту размаўляў на беларускай мове.

Акцёра Андрэя Назімава, які сыграў Казанцава, Кудзіненка ўзяў са свайго «Розыгрышу».

А беларускія акцёры — Аляксандр Кашпераў, Алег Гарбуз, Сяргей Журавель, Вячаслаў Паўлюць, Паліна Сыркіна, Аксана Лясная — ладзяць гратэскна-радаснае шоу са звярынымі маскамі, любошчамі і пераўтварэннямі.

У апошнім, італьянскім, эпізодзе — «партызанскага раю» — засвяцілася здымачная група. Вознік — Андрэй Кудзіненка, гарыбальдзійцы — мастак Артур Клінаў і майстар мантажу Аляксандр Дэбалюк.

А вось Аляксандр Колбышаў, Святлана Зелянкоўская і Аляксандр Малчанаў прыйшлі ў «Масакру» з «Акупацыі». Зелянкоўская змяніла амплуа згубнай німфаманкі на ролю харызматычнай камічнай алкагалічкі. Колбышаў — зухаваты святар-партызан (!), Малчанаў — яшчэ адзін інсургент, дзед патомнага партызана Якуба Лойкі з «Акупацыі».



Гісторыя вызваленчай барацьбы

Разня, якую ладзіць мядзведзь калабаранцкай шляхце і расійскаму генералу (Кашпераву), — гэта гісторыя вызваленчай барацьбы з містычным алібі. Нельга выказвацца пра Кастуся Каліноўскага станоўча, бо ў падручніках яго засланяе «энергічны адміністратар» Мураўёў-вешальнік, — атрымайце помслівага мядзведзялака са старажытнага ліцвінскага роду (дарэчы, у палацы — партрэты Радзівілаў, якія, паводле сцэнару, — сваякі Пазуркевіча).

Нельга пачуць беларускую мову — яна будзе падпольнай, тайнай, як у фільме, — прыціснутая рускімі субцітрамі (ненаўмысная спасылка да «Акупацыі»). Мы занадта добра ведаем рускую культуру — дык на экране дасціпная іронія з Пушкіна і Талстога (расійскія крытыкі абураліся).

Зрэшты, маёнтак, у якім фільм здымалі, — напаўразвалены палац Чацвярцінскіх. Старая шляхта, стары род, забытая гісторыя іншай культуры.



Гісторыя бульба-хорару

Андрэй Кудзіненка акрэсліў бульба-хорар як нацыянальны беларускі жанр з жахаў, смеху і эротыкі. Ягоныя вытокі — «Дзікае паляванне караля Стаха», пастаўленае Рубінчыкам, і «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава. Выкшталцона-эстэцкія творы Вінаградава ў нас былі забытыя і за савецкі часам забароненыя. Кудзіненка прысвяціў гэтаму майстру адну з першых сваіх стужак — «Сны В.В.»

У 1995 годзе Кудзіненка абмяркоўваў з крытыкам Алегам Кавалавым, які жанр можа стацца беларускім нацыянальным. Такім жанрам творцы назвалі містычны трылер.

«Масакра» — гэта гульня з жанрам.

Гісторыя гульні

«Масакра» — гэта не столькі гісторыя Беларусі, колькі гісторыя гатычнага жанру. Дарэмна гісторыкам дакараць за касцюм графа-пярэваратня (можа, яму яшчэ даведку прынесці ад паляўнічых?). Не трэба абурацца маскамі на тварах сялян і саламянымі пакоямі ў палацы (геніяльныя дэкарацыі Артура Клінава).

Гэта гульня з готыкай студыі «Хамэр» і дажыначныя кашмары Робіна Гардзі («Плецены чалавек»). Гэта Дракуліяна, «Вій», «Партрэт Дарыяна Грэя», «Маска Сатаны» Марыа Бавы і вусцішныя казкі Дарыа Арджэнты.

Гэта дасціпная энцыклапедыя страшнага жанру, дзе кожнае забойства ў калекцыі.



Гісторыя забойстваў

Жудасная гісторыя кахання дзяўчыны (якую не выратуе і Пушкін!) да згубнай пачвары пастаўлена цнатліва і з густам. У фільме сем з паловай гвалтоўных смерцяў — і адна мядзведзялачыха ў дамавіне. Але ўсе смерці абыгрываюцца аўтарам не натуралістычнымі кавалкамі мяса, а з дапамогай мантажу, гука, ракурсу, колеру. Брак грошай на дарагія эфекты распаліў рэжысёрскую вынаходлівасць (саламяны смяротны пакой, пэўна, увойдзе ў даведнікі). У шматлікіх любоўных сцэнах героі збольшага апранутыя, вока лашчаць кічава-барочныя шаты.

«Масакрай» будуць абураныя аматары высакалобых нудных карцін, бо гэта — нізкі жанр. А чыпсаеды рызыкнуць падавіцца: фільм зроблены па-майстэрску. Затое ў «Масакры» ёсць усе шанцы атрымаць еўракультавы статус і прывабіць заўзятараў, якія будуць пераглядаць стужку процьму разоў, каб разгадаць усе яе таямніцы.

-------------------------------------------------------------------

Даведка

Масакра

Беларусь, 2010, каляровы, 100 хвілінаў

Сцэнар: Аляксандр Качан і Андрэй Кудзіненка (паводле матываў «Локіса» Праспэра Мэрымэ і беларускіх легенд)

Рэжысёр: Андрэй Кудзіненка

Аператары: Аляксей Убейволк (апошняя сцэна), Павал Зубрыцкі

Мастак: Артур Клінаў

Мастачка па касцюмах: Ніна Гурло

Кампазітар: Алег Хадоска

Мантаж: Аляксандр Дэбалюк

Ролі выконваюць: Дзмітры Мілер, Андрэй Назімаў, Марыя Курдзяневіч, Аляксандр Колбышаў, Вячаслаў Паўлюць, Сяргей Уласаў, Святлана Зелянкоўская, Аксана Лясная, Сяргей Журавель, Алена Адзінцова, Паліна Сыркіна, Аляксандр Кашпераў, Аляксей Сянчыла, Алег Гарбуз, Іван Мацкевіч, Генадзь Фамін, Аляксандр Малчанаў.

 

Каментаваць