Сеткавыя войны Гары Потэра

Фантазійная сага пра Гары Потэра — не толькі забава для дзяцей і дарослых. У кнігах Джаан Роўлінг паказваецца таталітарная ўлада новага тыпу і апавядаецца, як з ёй змагацца.

Барацьба Гары Потэра са злым чараўніком Волан-дэ-Мортам завяршылася канчатковай перамогай дабра. Цёмныя сілы, якія доўгі час турбавалі магічны свет, разбітыя ва ўшчэнт. Цыклопы сканалі, павукі паразбягаліся, злыя ведзьмы і ведзьмакі хаваюцца па завуголлях, а ваўкалакі падзеліся невядома куды.



Фантазійная сага пра Гары Потэра — не толькі забава для дзяцей і дарослых. У кнігах Джаан Роўлінг паказваецца таталітарная ўлада новага тыпу і апавядаецца, як з ёй змагацца.

Барацьба Гары Потэра са злым чараўніком Волан-дэ-Мортам завяршылася канчатковай перамогай дабра. Цёмныя сілы, якія доўгі час турбавалі магічны свет, разбітыя ва ўшчэнт. Цыклопы сканалі, павукі паразбягаліся, злыя ведзьмы і ведзьмакі хаваюцца па завуголлях, а ваўкалакі падзеліся невядома куды.

На экранах — апошняя частка казачна-фэнтэзійных прыгодаў ад Джаан Роўлінг, што склалі сем кнігаў ды восем фільмаў. Працягу пакуль не будзе, але пісьменніца намякнула, што праз дзесяць гадоў ён можа з’явіцца.

Кнігі Роўлінг і іх галівудскія экранізацыі набылі нечаканую палітычную актуальнасць у Беларусі (дзе ўсталявалася першая постіндустрыйная дыктатура).

У апошнім фільме цёмныя сілы атакуюць падлеткаў пасля іх апладысментаў, месцічы зляканыя, а галоўнага злога чараўніка Волан-дэ-Морта адразу параўналі з вядомым беларускім персанажам (якога таксама называць небяспечна).

Беларусь у кнізе Роўлінг не згадваецца — калі не лічыць фразы, што Гары Потэр пабіўся з вампірам пад Мінскам. Але па выхадзе «Гары Потэра і Ордэна Фенікса» беларускія школьнікі напісалі англійскай пісьменніцы. Навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю палічылі, што Роўлінг дакладна ўзнавіла іх сітуацыю. У чароўную школу Хогвартс прызначаецца новая дырэктрыса — а ў беларускі ліцэй прыйшла дырэктарка, каб яго знішчыць (урэшце, беларускі ліцэй быў зачынены; у былой сядзібе ліцэя — суд, а школьнікі вучацца падпольна).

У кнігах англійскай пісьменніцы выкрываецца новы тып злачыннай улады. Гэтай — постындустрыйнай — уладзе не трэба сядзець на стальцы, займаць пасады і міністэрствы. Яна кіруе, не карыстаючыся дзяржаўнымі механізмамі. Гэта сецевая ўлада тэрору і страху («Той, каго нельга называць…» «Вы самі ўсё разумееце!..»)

Найперш злы чараўнік Волан-дэ-Морт арганізаваў групоўку Пажыральнікаў смерці, якая пачала забіваць нечараўнікаў і тэрарызаваць магічную супольнасць. Падобным чынам «дэбютавалі» фашысты і нацысты. Другая стадыя панавання — перарваная напаўжывым станам Волан-дэ-Морта на 11 гадоў — паставіць сваіх людзей у міністэрствах. Цяпер у гэтыя міністэрствы не абавязкова прыходзіць самім — дастаткова падпарадкаваць чыноўнікаў страхам і прамыўкай мазгоў (у магічным варыянце чары «Імперыа»). На гэтым этапе нейтралізуюцца сілы бяспекі і скіроўваюцца супраць ворагаў. Фінансавы апарат таксама працуе на тэрарыстаў.

Надалей — і паралельна — адбываюцца мутацыі сродкаў масавай інфармацыі. Іх зусім не трэба зачыняць, а страх — не самы галоўны матыў замененых журналістаў. Тут пануе падкінутая ведзьмакамі хлусня, а рэй вядуць штучныя скандалы, што пляжаць добрых людзей. Дабро мяшаецца з брудам, годныя героі выкрываюцца як нікчэмнасці, салідарнасць касуецца.

Але галоўная мэта — не прэм’ерства, банкі і крамы. Крыніца ўлады ў сучасную, постындустрыйную эпоху — школа, універсітэт (менавіта за іх ідзе вырашальны бой). Хто валодае школай — той валодае мінулым, той кантралюе сучаснасць — і скрыўляе гісторыю.

У школу непасрэдна прызначаюцца свае людзі (адных чараў падпарадкавання ўжо недастаткова). Моладзь атручваецца ксенафобіяй, нянавісцю, злосцю і цёмнымі думкамі. Дзяцей вучаць катаваць і нават забіваць іншых. Школа цалкам змяняецца: ліквідуюцца старыя вольнасці і ўспаміны пра колішніх добрых герояў.

Волан-дэ-Морт напоўніцу рэалізуе гегемонію па Грамшы, захапіўшы прастору культуры.

Супраць такой тэрарыстычнай групоўкі здольная эфектыўна выступіць толькі такая ж сеткавая арганізацыя. У кнігах — гэта «Ордэн Фенікса» і часткова школьная «Армія Дамблдора». Антытаталітарны супраціў складаецца з сяброў і таварышаў: сецевыя ордэны звязаныя з людзьмі, а не структурамі. Гэтыя людзі — з годнасцю і здольнасцю абараняць дабро.

Сродкі барацьбы — партызанскія: падпольнае радыё, зашыфраваныя дамоўленыя пасланні (напрыклад, манеты) — зразумелыя толькі сябрам звязкаў.

Але галоўная зброя барацьбы з пануючай тэрарыстычнай уладай — не тэхніка і магічныя артэфакты. Калі сецевая тэрарыстычная ўлада — гэта самота і страх, то пераадоленне зла — ахвярнасць, любоў, салідарнасць.

У Гары Потэра перамагчы атрымалася. Чаму не атрымліваецца ў беларусаў?

Каментаваць