Шчаслівы тузін “Дзеяслова”

28 верасня часопіс “Дзеяслоў” атрымліваў віншаванні з трынаццацігоддзем. Павіншаваць выданне сабраліся аўтары, чытачы, аматары літаратуры.



Са сцэны Бара “ДК”, дзе адбывалася дзея, пачыталі свае вершы паэтка Вольга Гронская, а яе калега Галіна Сіўчанка праспявала творы пад гітару. Празаік Андрэй Федарэнка распавёў пра тое, як задуманы раман можна ўрэшце пераўтварыцца ў апавяданне. Шчыра выступіў музыка Арцём Сітнікаў. Таксама Вольга Гронская правяла конкурс загадак, у якім за назвамі-антонімамі беларускіх твораў хаваліся арыгіналы. Напрыклад, замест “Мужчыны і хамячка” прысутныя павінны былі назваць “Жанчына і леапард” — кнігу Таццяны Барысік. Замест “Тысячагоддзішча” — “Хвілінку” Ігара Бабкова. 

Першы нумар “Дзеяслова” ўбачыў свет у верасні 2002 года. Галоўны рэдактар літаратурнага выдання Барыс Пятровіч распавёў гісторыю пра тое, што выданне здзейсніла мару Ніла Гілевіча. Аказваецца, вершы народнага паэта Беларусі павінны былі выйсці ў першым нумары часопіса “Маладосць”. Але падчас яго падрыхтоўкі памёр Сталін, і з улікам сітуацыі нумар тэрмінова перарабілі. Падчас падрыхтоўкі першага “Дзеяслова” настолькі значных падзей не адбылося, і творы жывога класіка паспяхова былі ў ім надрукаваныя.

Барыс Пятровіч панаракаў на тое, што ў “Дзеяслова” да гэтага часу няма канкурэнцыі. Па яго словах, выданне друкуе творы аўтараў розных узростаў і вагавых літаратурных катэгорый, змяшчае крытыку і эсэістыку. “Задуманую канцэпцыю часопіс вытрымлівае, — адзначыў галоўны рэдактар, — але, калі з’явіцца, умоўна кажучы, яшчэ адзін “Дзеяслоў”, нам стане лягчэй дыхаць”.

 

Барыс Пятровіч

Заснавальнікі не думалі, што часопіс будзе жыць так доўга. На сёння выйшла 77 нумароў, і ёсць усе падставы чакаць праз некалькі год нумар з лічбай 100 на вокладцы. Магчыма, лёс пакіруе так, што ў XXII ст. нашыя нашчадкі будуць гартаць і тысячны нумар. Але, нават калі  праз некалькі пакаленняў “Дзеяслоў” застанецца адзіным беларускім літаратурным часопісам, наша прыгожае слова будзе гучаць.

 

Унізе: Анатоль Івашчанка

 

ка.

Галіна Сіўчанка і Вольга Гронская

 

Злева направа: Таццяна Сівец, Марына Шода, Андрэй Хадановіч

Арцём Сітнікаў (з гітарай); уверсе: Мікіта Найдзёнаў, унізе: Андрэй Федарэнка 

Фота lit-bel.org

Каментаваць