“Шчаслівыя разам”: ад Пастаў да Нямеччыны

У галерэі фотаклуба “Мінск” 11 лютага адкрылася выстава Альфрэда Мікуса “Шчаслівыя разам”. Фотамастак ствараў праект цягам некалькіх гадоў. Большасць выяў — партрэты пар з Пастаўскага раёна. Некаторыя з іх ужо справілі залатое вяселле. Ёсць некалькі фотаздымкаў, зробленых у Мінску, і партрэт пары мужчын з Нямеччыны.



Альфрэд Мікус фатаграфуе каля васьмі гадоў, калі не лічыць юнацкае захапленне здымкамі на стужку. Ужо ў сталым узросце ён паспрабаваў вярнуцца да стварэння аналагавых выяў, але неўзабаве зразумеў, што лічба яго вабіць усё ж болей.

Па Пастаўшчыне фатограф ездзіць звычайна разам з журналісткай мясцовай раёнкі, дзе большасць партрэтаў і апублікаваная ўпершыню. Для людзей ва ўзросце гэта вялікая радасць.

Акрамя звыклых пенсіянераў на выставе — фота пары з Венгрыі, якая прыязджае ў ваколіцы Пастаў на лета. “А зімуюць усё ж у Венгрыі, там цяплей”, — смяецца Альфрэд Мікус.

Сфатаграфаваная сям’я Шчэрбаў, якая трымае ў Пастаўскім раёне Сядзібу ганчара “Акарына”. Пра кожны фотаздымак аўтар гатовы распавесці гісторыю: “Вось гэты дзядуля, на жаль, памёр, вось тут пары падаравалі жабак, садовую скульптуру, вось тут бабулі ў дзень 60-годдзя вяселля пляменніца з Літвы прывезла  вэлюм”.

З цікаўнымі Альфрэд Мікус гатовы падзяліцца парадамі: “Фотаапарат адразу не выцягвайце, рэзкіх рухаў не рабіце, даведайцеся ў мясцовым Райпо, калі ў вёску прыязджае аўталаўка, тады едзьце і вы, людзі будуць на вуліцы”.

У планах фатографа — паездка ў Швейцарыю па запрашэнні міжнароднай арганізацыі “Чырвоны крыж” для асвятлення іх дабрачынных праектаў. “Нават за мяжой — дзеліцца Альфрэд Мікус — імкнуся не здымаць проста архітэктуру ці пейзажы. Мне цікава, што адбываецца на фоне гэтай архітэктуры, як ідзе жыццё, якія сцэнкі разгортваюцца”.

Выставу “Шчаслівыя разам” можна паглядзець да 25 лютага на Казлова, 2 (уваход са двара) пасля 19.00 па панядзелках, аўторках і чацвяргах.

Каментаваць